Ватыкан топіць «Тытанік»

Рымскі Папа Бенедыкт XVI падаў у суд на нямецкі сатырычны часопіс «Titanic».

Прычынай іску ў суд стала вокладка апошняга нумару «Titanic». Яна прысвечана ўнутранаму карупцыйнаму скандалу ў Ватыкане, інфармацыя пра які трапіла ў прэсу. На выяве Папы ніжэй поясу з дапамогай фоташопу намалявана вялікая жоўтая пляма. Малюнак суправаджае загаловак «Алілуя ў Ватыкане! Уцечка была знойдзена!».

Суд таксама забараніў часопісу выкарыстоўваць гэтую карыкатуру, хаця ўсе прададзеныя асобнікі не будуць адкліканы і знішчаныя. Намер Папы пакараць сатырыкаў падтрымала арганізацыя «Канферэнцыя нямецкіх біскупаў». «Кантэнт вокладкі часопіса «Titanic» супярэчыць закону. Ён абражае персанальна асобу святога Папы. «Titanic» перайшоў усе межы», — гаворыцца ў заяве біскупаў. Такі погляд падзяляюць нямецкія правыя партыі. На іх думку, жарт з аўтарытэта Папы — гэта жарт з хрысціянства, якое з’яўляецца падмуркам еўрапейскага грамадства.

«Бенедыкт XVI няправільна нас зразумеў, — апраўдваецца галоўны рэдактар выдання Леа Фішар. Рэдакцыя лічыць, што нават Рымскі Папа павінен паважаць сатыру. Даводзіць у судзе гэты тэзіс «Titanic» будзе з дапамогай калегаў па журналісцкаму цэху. Міхаэль Конкен, кіраўнік Саюза нямецкіх журналістаў (DJV ), сцвярджае: «Можна спрачацца наконт густаў, аднак пазіцыя, якую заняў Папа, перашкаджае свабодзе сатыры». На яго думку, часопіс не абразіў рэлігійныя пачуцці каталікоў, паколькі аб’ектам жарту з’яўляецца бюракратыя Ватыкана.

У якасці апраўдання сатырыкі таксама паказваюць матэрыялы старых нумароў выдання, прысвечаных Бенедыкту. «Titanic» не раз публікаваў карыкатуры, дзе Папа Рымскі, прадстаўнікі каталіцкай царквы ці каталіцкія хрысціянскія святыні маляваліся ў правакацыйным выглядзе. Напрыклад, падчас дэбатаў наконт таго, ці можна вешаць у школьных класах выявы распяцця Хрыста (супраць гэтага пратэставалі бацькі-мусульмане), выданне прапанавала кампраміс — нацягнула на галаву распятага Хрыста забароненыя для нашэння ў школах ісламскія хусткі.

Натуральна, гэта выклікала незадаволенасць каталіцкай грамады. Вернікі звярталіся з рознымі судовымі іскамі, але, як правіла, яны не прымаліся да разгляду.

Аднак існуюць і адваротныя прыклады. За гісторыю існавання праекту «Titanic» 35 яго выпускаў былі забароненыя. 55 разоў часопіс судзіўся. Сярод тых, хто ўспрымаў публікацыі ў часопісе як асабістую абразу — прэзідэнт ФРГ Ёханэс Рау, міністр Бёрн Энгхальм, старшыня партыі сацыял-дэмакратаў Курт Бек, вядомы кансерватыўны палітык Фрыдрых Мерц, кампанія Apple і г.д.

Абсалютным рэкардсменам па колькасці іскаў супраць рэдакцыі «Titanic» з’яўляецца каталіцкая царква. Касцёл судзіўся з «Тытанікам» восем разоў. Цікава, што больш за ўсіх «Тытанік» смяяўся з былога канцлера Гельмута Коля. Ён 50 разоў з’яўляўся на вокладках часопіса, прычым у самых правакацыйных выявах. Аднак пры гэтым Гельмут Коль ніводнага разу не судзіўся з выданнем. Калі ўжо зайшла гаворка пра судовыя іскі супраць сатырычнай прэсы, то лідарства тут належыць славутаму баварскаму кансерватыўнаму палітыку Францу Ёзэфу Штраўсу. У 1960–1970-я гады ён 18 разоў спрабаваў судзіцца з сатырычным часопісам «Pardon», і заўсёды прайграваў працэс.

Менавіта з-за крызісу часопіса «Pardon» у 1979 годзе група яго супрацоўнікаў вырашыла заснаваць новы праект. Яшчэ на старце рэдакцыя шукала шляхі для правакацый і планавала назваць выданне «Sonne Scheisse» (Сонечнае га…но). Аднак пасля зразумела, што шансаў зарэгістравацца з падобнай назвай у яе няшмат. Затое рэдакцыі ўдалося адстаяць права друкаваць матэрыялы адпаведна правілам нямецкага правапісу 1903 года.

За гады існавання «Titanic» ператварыўся ў аднаго з лідараў сатырычнай прэсы ў ФРГ. Цікава, што з накладам 99 тысяч экземпляраў «Titanic» саступае па тыражу толькі часопісу «Eulenspiegel» — так называўся ў ГДР аналаг нашага «Вожыка», які захаваўся пасля падзення Берлінскай сцяны. Штомесячны тыраж «Eulenspiegel» — 110 тысяч экземпляраў.

Канцэптуальна «Titanic» не падобны на цяперашнія постсавецкія сатырычныя выданні, дзе шмат жартаў на бытавыя тэмы. Аўтары «Titanic» любяць шукаць філасофскі сэнс розных фрагментаў жыцця. Аднак гэта не значыць, што ў «Titanic» працуюць нейкія зануды. Адной з фішак выдання з’яўляюцца хуліганскія выхадкі яго аўтараў. У 1999 годзе выданне пажартавала з міністра эканомікі зямлі Бадэн-Вюртэмберг. «Titanic» запусціў чутку, што нейкі мільянер, які памірае, збіраецца адпісаць чыноўніку ўсе свае зберажэнні, паколькі бачыць у ім адзінага саліднага палітыка. Міністр успрыняў гэта ўсур’ёз і… паспрабаваў перавесці грошы віртуальнага мільянера на свой асабісты рахунак, што выклікала скандал.

У 2000 годзе рэдакцыя праз факс «падкупіла» адна з прадстаўнікоў FIFA, прапануючы яму за хабар прагаласаваць за правядзенне чэмпіянату свету 2006 года ў Германіі. Германія і так перамагла ў кастынгу краін-кандыдатаў, аднак прыкол сатырыкаў моцна падмачыў яе рэпутацыю. Жоўтая газета «Bild» заклікала чытачоў званіць у рэдакцыю «Titanic» і выказваць свой пратэст. Федэрацыя футбола Германіі патрабавала ад рэдакцыі ў якасці маральнай кампенсацыі 600 тысяч еўра. Іск адклікалі пасля таго, як рэдактар часопіса пакляўся больш падобнымі правакацыямі не займацца. Праўда, пасля журналісты сцвярджалі, што быццам менавіта дзякуючы ім Германія прымала турнір.

У 2004 годзе на базе рэдакцыі была заснаваная палітычная партыя, якаючы называецца «ПАРТЫЯ» — абрэвіятура з літар слоў “Партыя за працу, прававую дзяржаву, абарону жывёл, інтарэсаў эліты і базісную дэмакратыю. (Partei fuer Arbeit, Rechtsstaat, Tierschutz, Elitenfoerderung und basisdemokratische Initiative). Партыя сярод іншага выступае за раскол Германіі на Усходнюю і Заходнюю часткі, паміж якімі павінна праходзіць Берлінская сцяна. Цікава, што гэты лозунг карыстаецца падтрымкай 21 працэнта нямецкага электарату.

Партыя рэгулярна прымае ўдзел у парламенцкіх выбарах і, як не дзіўна, у мінулым годзе нават набрала адзін працэнт галасоў на выбарах у берлінскі парламент. Лічба вельмі вялікая з улікам таго, што ПАРТЫЯ практычна не мае структур і абмяжоўвае сваю дзейнасць хепенінгамі.

Аднак цяпер пра хуліганскія палітычныя акцыі давядзецца часова забыць. Рымскі Папа патрабуе ў якасці маральнай кампенсацыі ад «Titanic» 250 тысяч еўра — вялікая нават па нямецкіх мерках сума, якая здольная падарваць фінансавую стабільнасць флагмана нямецкай сатыры. Усе згадваюць, як у 1980-я гады рэдакцыя прайграла падобны працэс згаданаму вышэй міністру Бёрну Энгхальму. Ён адсудзіў у рэдакцыі «Titanic» 40 тысяч нямецкіх марак, што паставіла праект на мяжу існавання.

Таму не дзіўна, што цяпер журналісты шукаюць шляхі прымірэння. Леа Фішар ужо дабіваецца прыватнай сустрэчы з пантыфікам і абяцае, што гэта дапаможа ўрэгуляваць усе канфлікты. Асаблівы націск робіцца ім на тое, што Фішэр і Ёзэф Ратцынгер — землякі. Яны абодва нарадзіліся ў аўстрыйскім гарадку Рэгенсбург.

Застаецца сказаць, што справа Рымскі Папа супраць сатырычнага выдання выклікала вялікі інтарэс у Расіі, дзе спрэчкі вакол скандальнай выхадкі групоўкі «Pussy Riots» перараслі ў дэбаты наконт месца царквы ў сучасным расійскім грамадстве.

Каментаваць