Вецер пераменаў з Ярочыну

«Басовішча», «Краіна Мрій» і іншыя вядомыя ўсходнееўрапейскія рок-фестывалі так ці інакш вядуць свой пачатак ад маленькага польскага гарадку Ярочын. У гэтым годзе Ярочынскаму фестывалю, які ў савецкія часы быў самай буйной рок-імпрэзай у краінах Варшаўскай дамовы, споўнілася 30 гадоў.



«Басовішча», «Краіна Мрій» і іншыя вядомыя ўсходнееўрапейскія рок-фестывалі так ці інакш вядуць свой пачатак ад маленькага польскага гарадку Ярочын. У гэтым годзе Ярочынскаму фестывалю, які ў савецкія часы быў самай буйной рок-імпрэзай у краінах Варшаўскай дамовы, споўнілася 30 гадоў.

Усё, праўда, пачалося не ў 1980-м, а яшчэ на дзесяць гадоў раней. Прыкладна з 1970-га тутэйшы аматар рок-музыкі Кшыштаў Ваднічак арганізаваў на базе ярочынскага Дому культуры штогадовы конкурсны фестываль «Вялікапольскія рытмы маладых». Першым часам Ваднічак працаваў галоўным чынам з мясцовымі музыкамі. Аднак рэгулярны характар правядзення фестывалю на працягу 1970-х гадоў паступова зрабіў яму імя па ўсёй Польшчы. На ярочынскую акцыю штогод у ліпені пачалі прыязджаць вядомыя сталічныя рок-гурты («Dzem», «TSA», «Dezerter», «Kult», «Republiсa» і г.д). Зала Дома культуры зрабілася ўжо занадта цеснай, і мясцовыя ўлады пагадзіліся аддаць Ваднічку амфітэатр у гарадскім парку культуры і адпачынку. Пасля фестываль пераехаў на мясцовы стадыён.

У 1980 годзе «Ярочынам» зацікавіліся ў Варшаве. Узнікла ідэя стварыць нешта накшталт польскага Ньюпарта (курортнае месца ў ЗША, дзе штогод адбываюцца буйныя музычныя фестывалі). «Польскі Ньюпарт» — так вырашылі назваць Агульнапольскі парад музыкі маладой генерацыі (слова «рок» тады яшчэ мела крамольны палітычны прысмак). Была распрацаваная формула мерапрыемства: канцэрт зорак плюс конкурсная праграма.

Першы Ярочынскі фестываль быў вельмі паспяховым. Сакрэт палягаў у атмасферы мерапрыемства. Замест таго, каб камерна сядзець і слухаць выступы артыстаў, публіка ахвотна танчыла і выказвала сваю ацэнку музычным нумарам, кідаючы на сцэну памідоры. Спадабаўся фармат акцыі і музыкам. Нейкім чынам арганізатары дамовіліся, што на фестывалі не будзе цэнзуры з боку ідэалагічных ведамстваў.

Аднак сапраўдную славу «Ярочыну» прынеслі часы вайсковага становішча. Фестывалю пашанцавала — чамусьці, у адрозненні ад іншых імпрэзаў, яго вырашылі праводзіць. Так маленькі гарадок штогод у ліпені пачаў ператварацца ў своеасаблівы востраў свабоды, пляцоўку вольнага духу. Рок быў сімвалам супраціву. Калі ў 1984 годзе канцэрт паспрабаваў весці вядучы дзяржаўнага радыё, яго папросту засвісталі.

Хацелася б таксама згадаць, што «Ярочын» з’явіўся на свет, калі ў Польшчу прыйшла мода на панк. Іншымі словамі, фестываль аказаўся галоўным штогадовым мерапрыемствам для самай значнай і папулярнай моладзевай субкультуры таго часу. Акрамя таго, панк — вельмі агрэсіўная жыццёвая філасофія, пабудаваная на прынцыпах пратэсту супраць дзяржавы і яе атрыбутаў, перш за ўсё паліцыі.

Праўда, былі ў «Ярочына» і крытыкі. Шмат хто казаў, што Ярочынскі фестываль прыдуманы ўладамі (сапраўды, ягоны патронам быў мясцовы камсамол), каб накіроўваць моладзевы палітычны пратэст у субкультурныя рэчы, якія пагрозы для дыктатуры не ўяўляюць. Дарэчы, асцярожна ставілася да фестывалю і антыкамуністычнае падполле. Дысідэнтам не падабалася антыклерыкальная складовая рок-руху. У 1986 годзе група металістаў зрабіла дэбош на кальварыі ў Ярочыне. Касцёл, блізкі да «Салідарнасці», адрэагаваў заявай пра пагрозу сатанізму.

Так ці інакш, пачатак 1980-х стаў залатым часам «Ярочына». Кожны год у ліпені прыкладна 20 тысяч маладых людзей прыязджалі сюды з усёй краіны. Колькасць гуртоў, якія хацелі б выступіць на Ярочынскім фестывалі, даходзіла да 300 (звычайна адбіралі толькі 25–30). Пра «Ярочын» пачалі казаць па той бок жалезнай заслоны. ВВС зняла цэлы фільм, прысвечаны фестывалю. Міф пра «Ярочын» крочыў таксама і на Усход. Так, арганізатары першага ўкраінскага фестывалю альтэрнатыўнай музыкі «Червона Рута» (1989 год) бралі за аснову менавіта фармат «Ярочына».

У 1988 годзе Міністэрства культуры часткова ўзяло на сябе функцыі арганізатараў, прызнаючы мастацкую каштоўнасць польскага року. Праўда, за чыноўнікамі з Мінкультуры прыйшлі і людзі ў цывільным, якія ўвялі цэнзуру для тэкстаў песняў. Канец 1980-х стаў пачаткам крызісу «Ярочына».

Прычым галоўную ролю тут адыграў свабодны рынак. Фестываль з самага пачатку не быў рэнтабельным і выжываў выключна за кошт вонкавай падтрымкі (як правіла, дзяржаўнай). У часы трансфармацыі грамадства колькасць спонсараў скарацілася. Першыя спробы камерцыялізацыі выклікалі адмоўную рэакцыю аўдыторыі. У 1994 годзе панкі зламалі ўсе рэкламныя плакаты кампаніі Philip Morris — афіцыйнага спонсара фестывалю.

У 1995-м фестываль увогуле давялося адмяніць. Цікава, што моладзь не ведала пра матэрыяльныя праблемы арганізатараў і па традыцыі ўсё роўна ў вялікай колькасці прыехала ў Ярочын.

Аднак пра адраджэнне Ярочынскага фестывалю можна было казаць толькі ў ХХІ стагоддзі. Вялікім поспехам адзначыўся фестываль 2005 года. Быў прыдуманы арыгінальны фармат. На час мерапрыемства Ярочын быццам зрабіў падарожжа на машыне часу і вярнуўся ў пачатак 1980-х. Вуліцы зноў насілі камуністычныя назвы, недзе можна было пабачыць транспаранты, якія заклікалі выканаць заўчасна пяцігодку, часам праходзілі злыя паліцэйскія патрулі… Ідэя спрацавала: усе 12 тысяч абанементаў на фестываль былі прададзеныя. Упершыню за сваю гісторыю фестываль прынёс прыбытак.

З таго часу арганізатары спрабуюць пры распрацоўкі канцэпцыі неяк балансаваць паміж настальгіяй па залатых часах Ярочына і бізнесам. Так, у гэтым годзе адной з фішак фестывалю абяцае быць продаж кефіру ў даўно забытых з савецкіх часоў шкляных бутэльках. Аднак, каб купіць той кефір, давядзецца на нейкі час сапраўды вярнуцца ў савецкі час — выстаяць вялізную чаргу. На гэтым камунізм заканчваецца — білет на тры дні фестывалю каштуе 200 злотых (прыкладна 70 долараў).

Каментаваць