Вечны прэзідэнт па просьбах працоўных

Жыхары казахскага горада Актубе ў прысутнасці прэзідэнта Назарбаева прапанавалі яму адмяніць наступныя прэзідэнцкія выбары і заставацца прэзідэнтам пажыццёва. Назарбаеў сказаў, што падумае. Пра магчымыя падзеі ва ўнутранай казахстанскай палітыцы журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.



Жыхары казахскага горада Актубе ў прысутнасці прэзідэнта Назарбаева прапанавалі яму адмяніць наступныя прэзідэнцкія выбары і заставацца прэзідэнтам пажыццёва. Назарбаеў сказаў, што падумае. Пра магчымыя падзеі ва ўнутранай казахстанскай палітыцы журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з казахскім журналістам Андрэем Грышыным.



10 верасня падчас цырымоніі адкрыцця бульвара ў Актубе, у якім браў удзел Назарбаеў, доктар гістарычных навук, прафесар Закратдзін Байдосаў выйшаў да мікрафона і нечакана заявіў: “Паважаны Нурсултан Абішавіч, народ заўсёды галасуе за вас. Вы заўсёды працуеце на карысць народа і ўсёй краіны. Мы лічым, што ў будучыні няма неабходнасці праводзіць прэзідэнцкія выбары. Вы павінны кіраваць Казахстанам і ўзначальваць краіну заўсёды. Неабходна ўнесці адпаведныя змены ў канстытуцыю". На гэта сам Назарбаеў адказаў: "Ты прапануеш мне яшчэ пяцьдзесят гадоў кіраваць краінай?" Гэта мізансцэна нарабіла шмат чутак. Быццам бы Назарбаеў сапраўды збіраецца заставацца прэзідэнтам да канца жыцця. Што тут праўда?

— Ініцыятыва, зразумела, знайшла "падтрымку" наверсе. У той жа дзень на сайце прэзідэнта "Ак арда" з’явілася гэта ж паведамленне, якое потым, праўда, кудысьці знікла. Ну і літаральна праз некалькі дзён малады намеснік старшыні прэзідэнцкай партыі Нур-Отан (старшыня — сам Назарбаеў) прапанаваў прыняць закон пра лідэра нацыі. Так што заяву ад імя народа можна лічыць стартам новай кампаніі за "пажыццёвасць прэзідэнта", пра што даўно ўжо казалі. Увогуле, першая ініцыятыва зыходзіла ад збеглага цяпер зяця прэзідэнта Рахата Аліева. Яшчэ два гады таму ён апублікаваў артыкул “Султанат ці Рэспублікастан, дзе прапанаваў усталяваць у Казахстане манархію. Але тады народ яго не зразумеў.

Як рэагавала на прапанову Байдосава апазіцыя?

— Апазіцыя ў нас на ўсе рэчы рэагуе аднолькава — публікуе заявы пра сваю нязгоду і на гэтым лічыць сваю місію выкананай. Чагосьці новага я ад апазіцыянераў не ўбачыў.

Назарбаеў баіцца прэзідэнцкіх выбараў ці папросту не хоча марнаваць грошы на фармальнае мерапрыемства?

— Хутчэй за ўсё, другое. Ці ён сам перакананы, ці яго пераканалі, што ўсё адно замены не будзе. Да таго ж пасля кожных выбараў паўстаюць непрыемныя моманты — Захад пачынае паказваць на неадпаведнасць стандартам. А гэта яму трэба? З іншага боку, падчас выбараў Назарбаеў робіць занадта адыёзныя заявы. Так што нават прыхільнікі сталі задумвацца: а ці ўсё добра ў прэзідэнта з галавой.

Хто можа быць альтэрнатыўным Назарбаеву кандыдатам?

— У апазіцыі за апошнія 15 гадоў мала што змянілася. Уласна, усе ключавыя акцёры дзейнічаюць асобна. Кажэгельдзін вядзе справы з ЗША, Аліеў — з Аўстрыі, а Жакіянаў, які таксама разглядаўся як кандыдат, цяпер у Манголіі. Пры гэтым усе яны не надта давяраюць адзін аднаму, і не без падстаў. Так што адзінага альтэрнатыўнага кандыдата, здаецца, і не бачна. Але нельга забываць пра атачэнне прэзідэнта. Там у людзей і амбіцый і магчымасцяў больш.

Не так даўно Назарбаеў патрабаваў ад вучоных прыдумаць таблеткі ад старасці. І наогул заявіў, што вечнае жыццё — рэальна. Пра што гэта можа сведчыць?

— Магчыма, Назарбаеў сам разумее, што нават прэзідэнт не бессмяротны. І калі справа з пажыццёвым прэзідэнцтвам лёгка можна вырашыць з дапамогай кішэннага парламента, то з самім жыццём усё сур’ёзней.

Які наогул фізічны стан прэзідэнта?

— Нельга сказаць нічога пэўнага. Па-першае, у Казахстане здароўе прэзідэнта належыць да дзяржсакрэтаў, за разгалашэнне якіх пагражае сур’ёзны турэмны тэрмін. Па-другое, пасля кожнай заявы пра тое, што Назарбаеў зусім здаў, ён з’яўляецца на экране прыгажэй ранейшага. Але акрамя фізічнага здароўя ёсць яшчэ ментальнае. І тут сітуацыя насцярожвае.

Хто з атачэння Нура (мянушка Назарбаева) можа яго замяніць, калі штосьці здарыцца?

— У нас версіі пра магчымых пераемнікаў змяняюцца кожны сезон. У залежнасці ад таго, хто цяпер збег з краіны, а каго пасадзілі. Але ў дадзены момант разглядаюцца персоны нафтавага магната Цімура Кулібаева, мужа малодшай дачкі Назарбаева, і мэра Астаны Імангалі Тасмагамбетава. Але і пад імі час ад часу пачынаюць гойдаюцца крэслы. Таму няма ніякай упэўненасці ў той ці іншай кандыдатуры.

Што кажуць пра Султана — малодшага сына Назарбаева?

— Нічога яшчэ не кажуць, паколькі асабістае жыццё прэзідэнта — такая ж таямніца, як і здароўе. Але ў любым выпадку ніхто яго сур’езна не ўспрымае. Занадта шмат ахвотнікаў, якія чакалі свайго моманту дзесяцігоддзе, і каб вось так расстацца з марай…

Казахстан рыхтуецца да таго, каб стаць у 2010 годзе старшынёй АБСЕ. Як гэта можа адбіцца на сітуацыі з правамі чалавека ў краіне?

— Ніяк. Але ўсё адно ўсім цікава. Нядаўна спікер сената Такаеў заявіў адносна будучых перспектыў у АБСЕ пра тое, што "старшынства Казахстана ў АБСЕ будзе цікавым і насычаным". Што ў перакладзе з дыпламатычнай мовы можа азначаць — абрагочацеся. Зараз вось чакаем.



Для даведкі:

У красавіку 1990 года Вярхоўная Рада Казахстана абрала Назарбаева прэзідэнтам. Аднак патрэбныя былі ўсенародныя выбары, і 1 снежня 1991 года яны адбыліся. Назарбаеў, які тады быў адзіным кандыдатам, перамог, набраўшы 98,7 працэнтаў галасоў. У 1995 годзе, калі падыходзіў да канца пяцігадовы тэрмін кіравання першага прэзідэнта, у Казахстане быў праведзены рэферэндум па падаўжэнні паўнамоцтваў Нурсултана Назарбаева на пасадзе прэзідэнта да 2000 года. У Канстытуцыю таксама былі ўнесены адпаведныя змены, і тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў павялічваўся да сямі гадоў. У студзені 1999 года прайшлі чарговыя выбары. На іх Назарбаеў перамог, атрымаўшы 79,78 працэнта, і застаўся на пасадзе яшчэ на сем гадоў. Да выбараў не быў дапушчаны галоўны праціўнік Назарбаева. Трэція ўсенародныя выбары прэзідэнта Казахстана адбыліся напрыканцы 2005 года, Назарбаеў перамог, атрымаўшы 91,15 працэнта галасоў. У 2007 годзе ў Канстытуцыю зноў былі ўнесены змены. Яны зафіксавалі адмысловае становішча першага прэзідэнта Казахстана, на якога з гэтага часу не распаўсюджвалася абмежаванне па тэрмінах знаходжання на пасадзе. А статус самага першага прэзідэнта Казахстана стаў вызначаецца асобным канстытуцыйным законам.
 

Каментаваць