Паўстанне — пралог незалежнай Ірландыі


Ірландыя шырока святкуе сотую гадавіну паўстання на Вялікдзень — пралога стварэння незалежнай Ірландыі. Чаму падзея стогадовай даўніны дасюль настолькі актуальная для ірландцаў?

Фота www.dmirix.ru

Фота www.dmirix.ru



У цяперашнім Дубліне літаральна ўсё будзе нагадваць пра юбілей абвяшчэння незалежнасці. Вайсковы парад, стотысячны мітынг, тэатральныя пастаноўкі, паэтычныя конкурсы, мультфільм пра паўстанне. Да гадавіны нават знялі серыял «Паўстанне», які, дарэчы, расійскія піраты ўжо скралі, пераклалі і выклалі ў сеціва.

Зноў і зноў ірландцы ўзгадваюць і абмяркоўваюць той невялікі эпізод сваёй гісторыі. Як вядома, само паўстанне, якое пачалося ў панядзелак велікоднага тыдня, 24 красавіка 1916 года, па сутнасці выявілася ў захопе групай нацыяналістаў шэрагу стратэгічных аб’ектаў у Дубліне, у тым ліку будынку галоўпаштамту, які стаў штабам. Пакуль брытанцы намагаліся зразумець, што адбываецца, інсургенты ў тым жа паштамце паспелі абвясціць незалежнасць Ірландыі. Пасля ініцыятыва перайшла да праціўніка, які з дапамогай гармат прымусіў добраахвотнікаў («Ірландскія добраахвотнікі» — арганізацыя пад кіраўніцтвам Патрыка Пірса, што аб’ядналася з Ірландскай грамадзянскай арміяй Джэймса Канолі) сысці ў глухую абарону. 29 красавіка тыя, хто выжыў пасля абстрэлаў, пагадзіліся капітуляваць, што, праўда, не выратавала іх ад смяротнага пакарання.

Аднак відавочнае фіяска сепаратыстаў у выніку нечакана праклала шлях да рэалізацыі іх мараў. Міф пра Велікоднае паўстанне натхніў нацыю, і ўжо праз два гады па выніках выбараў у брытанскі парламент нацыяналісты атрымалі большасць у ірландскай дэпутацкай квоце. Маючы мандат ад народу, дэпутаты абвясцілі пра адраджэнне ірландскай дзяржаўнасці.

Нягледзячы на тое, што ўсё апісанае вышэй адбылося сто гадоў таму, як ні парадаксальна, паўстанне на Вялікдзень не ператварылася ў старую байку, якой цікавяцца гісторыкі або турысты. Усе фіксуюць небывалы ўздым патрыятызму сярод ірландцаў, які выкліканы гэтым юбілеем.

Сакрэт гэтага патрыятызму часткова звязаны з тым, што не страціла актуальнасці пытанне Паўночнай Ірландыі. Сто гадоў таму Лондан не даў уключыць гэты край у склад Ірландскай Рэспублікі, адмовіўшы ў дадатак каталікам-ірландцам у грамадзянскіх правах. Міф пра паўстанне на Вялікдзень заўжды быў мабілізуючым фактарам для мясцовых каталікоў, каб змагацца за свае правы.

Актыўна эксплуатаваў гэтую тэму і Дублін, дзе Вялікдзень 1916 года стаў часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Натуральна, такі падыход азначаў чорна-белы малюнак — добрыя ірландцы супраць злых брытанцаў. Магчыма таму новыя, невядомыя старонкі тых падзей, якія разбураюць трафарэт, выклікаюць жывы інтарэс.

Напрыклад, упершыню ўзгадалі пра «жаночы фактар». Прычым, гаворка не толькі пра жанчын, якія пайшлі на барыкады. Аказваецца, у першыя дні паўстання ў Дубліне ўтварыўся нізавы рух жанчын, мужы якіх былі на франтах Першай сусветнай вайны. Жанчыны атрымлівалі за гэта спецыяльную кампенсацыю ад брытанскага ўрада і баяліся, што ў незалежнай Ірландыі гэтых ільготаў іх пазбавяць. Яны нават спрабавалі разбіраць барыкады, якія будавалі валанцёры.

Чытаючы аповеды сведкаў паўстання, становіцца відавочным, што брытанцы дапусцілі фатальную памылку.

Першая рэакцыя на навіны пра паўстанне была сярод простых ірландцаў, як правіла, адмоўная. З-за паўстання былі парушаныя пастаўкі прадуктаў у горад, што абурыла бюргераў. Даходзіла да таго, што Томі (мянушка брытанскіх жаўнераў) даво­дзілася абараняць палонных добраахвотнікаў ад раз’юшанага натоўпу. Пераварот у настроях адбыўся пасля таго, як стала вядома, што палонных добраахвотнікаў, у парушэнне ўсіх нормаў, расстралялі. Гэта выклікала такі шок у свядомасці, што ўчорашнія прыхільнікі мірных форм барацьбы за незалежнасць пачалі заклікаць раўняцца на герояў Вялікадня 1916-га.

Аднак галоўная прычына інтарэсу да паўстання, хутчэй за ўсё, тлумачыцца тым, што, гледзячы ў мінулае, Ірландыя намагаецца знайсці маршрут у будучыню. Напрыклад, валанцёры 1916 года фігуруюць у пракламацыях грамадзянскіх актывістаў як прыклад таго, што пры любых абставінах трэба змагацца супраць несправядлівасці.

Тыя, хто выступае за роўнасць, узгадвае ролю Касцёла ў падзеях, якія мелі месца сто гадоў таму. Царква была найбольш уплывовым інстытутам у Ірландыі на той час, і менавіта яна дапамагла піяру подзвігу паўстанцаў. Ёсць думка, што гэта быў прагматычны разлік: паводле пазней прынятай Канстытуцыі Ірландыі, каталіцкая царква атрымала шмат прывілеяў, не кажучы пра тое, што ў краіне былі забароненыя скасаванні шлюбаў, і нават усялякія сродкі кантрацэпцыі. 41-ы артыкул Канстытуцыі ўвогуле патрабаваў, каб жанчына займалася хатняй гаспадаркай. Толькі ў 70-я гады пачаліся дэбаты наконт секулярызацыі ірландскага грамадства, але працэс гэты працягваецца і зараз.
Важны аргумент за перамены — арганізатары паўстання 1916-га ў большасці выступалі за свецкую дзяржаву.

З улікам эканамічнага крызісу, часта ўзгадваюць, што добраахвотнікі бачылі незалежную Ірландыю дзяржавай з моцнымі сацыяльнымі інстытутамі. Толькі зараз, напрыклад, высветлілася, што жаночая фракцыя добраахвотнікаў патрабавала роўных з мужчынамі заробкаў, чаго няма і па сёння.

Як піша прэса, Ірландыя намагаецца па-новаму паглядзець на ўрокі паўстання. Замест сумных фармальных мерапрыемстваў, юбілей дае краіне моцны імпульс, штуршок для далейшага развіцця.


Каментаваць