«Ведамасці» выявілі дадзеныя аб стратах расійскага войска

У расійскай арміі ў 2012-2015 гадах памерлі 2642 чалавекі. Гэтую інфармацыю ў дакументах Міністэрства абароны пра страхаванне ваеннаслужачых выявіла газета «Ведамасці». Прычыны смерці вайскоўцаў у гэтых дакументах не пазначаны. 
Міністэрства абароны з 2010 года не публікуе інфармацыю аб колькасці загінулых вайскоўцаў.

Больш за ўсё расійскіх вайскоўцаў — 790 чалавек — памерлі ў 2014 годзе, калі войска Расіі, як сцвярджае Кіеў і краіны Захаду, удзельнічла ў вайне на ўсходзе Украіны на баку сепаратыстаў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».

Усяго, па дадзеных Кіева, у Данбасе ваююць каля пяці тысяч кадравых расійскіх вайскоўцаў. Крэмль афіцыйна абвяргае гэтыя абвінавачванні і называе шматлікіх затрыманых на ўсходзе Украіны грамадзян Расіі «добраахвотнікамі».

З верасня 2015 года Расія праводзіць ваенную аперацыю ў Сірыі. Афіцыйных дадзеных пра страты расійскага войска за гэты час няма. Аднак па дадзеных СМІ, толькі за апошні год у Сірыі загінулі не менш за 40 расійскіх вайскоўцаў. Краіны Захаду абвінавачваюць армію Расіі ў падтрымцы рэжыму сірыйскага прэзідэнта Башара Асада, гібелі цывільнага насельніцтва Сірыі і ўжыванні забароненых сродкаў вядзення вайны, у тым ліку касетных бомбаў і хімічнай зброі.


Паводле svoboda.org

Каментаваць