Веласіпедныя шпіёны

Брытанская разведка МІ–5 апублікавала былыя сакрэтныя матэрыялы пра кантакты паміж нацысцкай моладзевай арганізацыяй «Гітлерюгенд» і рухам скаўтаў.



Брытанская разведка МІ–5 апублікавала былыя сакрэтныя матэрыялы пра кантакты паміж нацысцкай моладзевай арганізацыяй «Гітлерюгенд» і рухам скаўтаў.

Улетку 1937 года ўся МІ–5 стаяла на вушах. Чакаўся прыезд на Альбіён групы сяброў арганізацыі «Гітлерюгенд». Як было напісана ў афіцыйных дакументах, маладыя немцы збіраліся здзейсніць веласіпедны тур па краіне з мэтай вывучэння мовы і сустрэч з аднагодкамі. Аднак у МІ–5 амаль ніхто не сумняваўся, што маладыя немцы едуць не з добрымі намерамі. У кулуарах іх так і называлі — «веласіпедныя шпіёны».

У брытанцаў былі падставы для падобных падазрэнняў. Ужо сам профіль арганізацыі гасцей быў занадта палітызаваны. Моладзевая арганізацыя Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі ўзнікла ў 1926 годзе. У апошнія гады Веймарскай рэспублікі «Гітлерюгенд» адыграў дастаткова вялікую ролю ў эскалацыі гвалту на вуліцах нямецкіх гарадоў. У прыватнасці, арганізаваныя групы маладых нацы нападалі на кінатэатры, дзе дэманстраваўся антываенны фільм «На Заходнім фронце без зменаў». У выніку гэтых нападаў на ўладальнікаў кінатэатраў і гледачоў фільм быў зняты з пракату.

Чыноўнікі не ведалі, што рабіць з экстрэмістамі. У студзені 1930 года бургамістр Гановера забараніў школьнікам уступаць у «Гітлерюгенд». Тое ж зрабілі і ў шэрагу іншых рэгіёнаў краіны. А вось канкурэнты нацыстаў з арганізацыі маладых камуністаў выкарыстоўвалі іншыя сродкі. З 1931 да канца студзеня 1933 года ў сутычках пры выкананні «службовага абавязку ў імя фюрэра» было забіта больш за 20 сяброў «Гітлерюгенд».

Ужо пасля прыходу Гітлера да ўлады, 1 снежня 1936 года, быў прыняты «Закон пра Гітлерюгенд». Удзел у руху стаў абавязковым для ўсіх падлеткаў Германіі.

І вось такія небяспечныя людзі ехалі ў Англію, каб вывучыць англійскую мову! Небяспечныя тым больш (і пра гэта інфармавалі Лондан калегі з Чэхаславакіі), што выкарыстанне веласіпедных тураў у мэтах шпіянажу ўваходзіла ў практыку нямецкай разведкі.

Нямецкія ўлады нават не хавалі, што задачы веласіпедыстаў за мяжой — гэта як мінімум збор інфармацыі. Нямецкі часопіс аматараў веласіпеднага руху тых часоў наступным чынам інструктаваў маладых веласіпедыстаў, якія адпраўляліся ў замежжа: «Намагайцеся запомніць усё, што вы бачыце. Вядзіце дзённік, занатоўвайце назвы рэк, людзей і гор. Калі-небудзь, магчыма, гэта спатрэбіцца вашай радзіме».

Адмовіць у візіце немцам Лондан не мог. Вырашылі зрабіць усё, каб трымаць перасоўванне інтурыстаў пад кантролем. Па ўсяму маршруту іхняга падарожжа паставілі агентаў. Велатурыстам выставілі ўмову загадзя ўзгадняць, што і каго яны хочуць пабачыць.

Цікава, што звычайныя брытанскія грамадзяне нават без інструкцый з боку МІ–5 былі вельмі насцярожаныя з’яўленнем на вуліцах гарадоў нямецкіх веласіпедыстаў. У тых жа матэрыялах МІ–5 ёсць данясенні звычайных гараджан з інфармацыяй пра падазроных іншаземцаў. Тыя патрыятычныя інфарматары з народу даносілі, што ў немцаў у руках былі… фотакамеры.

Аднак значна больш перапалоху выклікаў той факт, што маладыя нацысты шукаюць кантактаў са скаўтамі. Здавалася, што паміж скаўтамі і нацыстамі не было нічога агульнага. Скаўцкі сусветны юнацкі рух займаўся фізічным, духоўным і разумовым развіццём маладых людзей, каб паспрыяць моладзі заняць канструктыўнае месца ў грамадстве з дапамогай нефармальнай адукацыі, з акцэнтам на практычныя дзеянні на адкрытым паветры — гэта быў вядомы скаўцкі метад. Скаўты прапагандавалі патрыятызм. У выпадку Вялікабрытаніі, яны абвяшчалі сябе прыхільнікамі манарха.

Цяжка сказаць, што зацікавіла нацыстаў у скаўтах. Магчыма, сістэма фізічнай падрыхтоўкі юнакоў з відавочным прыцэлам на вайсковую службу. Магчыма, свой уплыў зрабіў і той факт, што вытокі шэрагу ідэй Гітлера палягалі ў імперскай палітыцы і ідэалогіі Брытаніі, напрыклад, стаўленне да расавага пытання, прынцыпы выхавання і адукацыі эліты і іншыя.

Напярэдадні веласіпеднага туру ў Лондан прыехаў намеснік старшыні «Гітлерюгенд». Мэтай ягонага візіту была сустрэча з заснавальнікам руху скаўтаў былым вайскоўцам, лордам Робертам Бадэн-Паўэлам. Апошні прыняў запрашэнне немцаў і наведаў іх амбасаду. На сустрэчы таксама прысутнічаў тагачасны пасол Германіі ў Вялікабрытаніі Рыбентроп.

Пазней пасол прызнаў, што адной з задач сустрэчы была арганізацыя візіту лідэра скаўтаў да Адольфа Гітлера. Ён, па словах, Рыбентропа, заўсёды быў прыхільнікам сістэмы падрыхтоўкі скаўтаў. Як ні дзіўна, стары лорд застаўся ў захапленні ад сустрэчы.

Зрэшты, лорду таксама падсунулі пернік. Калі ён прыме запрашэнне фюрэра, той адменіць забарону на скаўцкі рух у Германіі, які быў па-за законам у рамках уніфікацыі моладзевага руху пад дахам «Гітлерюгенд».

У лісце, які лорд даслаў праз пару дзён на адрас амбасадара, ён пісаў, што «верыць у будучыя перспектывы кааперацыі моладзі абедзвюх краін».

Інфармацыя пра кантакты Бадэн-Паўэла з немцамі выклікала перапалох у МІ–5. Сама ідэя пераходу самай масавай брытанскай моладзевай арганізацыі пад кантроль «карычневых» азначала стварэнне пятай нацысцкай калоны ў краіне. Тым больш, што сам маршал неаднаразова на публіцы даваў зразумець, што сімпатызуе нацыстам у іх барацьбе з камуністамі. «Прачытаў «Майн Кампф». Цудоўная кніга», — пісаў Бадэн-Паўэл у сваім дзённіку. Яго кумірам таксама быў і Мусаліні.

Разведчыкі арганізавалі Бадэн-Паўэл сустрэчу з адным з сяброў ураду, які даў зразумець што ўлады не ў захапленні ад магчымага супрацоўніцтва скаўтаў з гітлераўскай моладдзю. Размова мела свае наступствы. Стары лорд адмовіўся ад сваіх ідэяў наконт візіту ў Трэці рэйх.


Акрамя таго, усім мясцовым скаўцкім групоўкам далі інструкцыі, як паводзіць сябе з сябрамі «Гітлерюгенд». Дзякуючы таму ніякіх канкрэтных вынікаў візіт веласіпедыстаў-шпіёнаў не меў. Як інфармаваў адзін з агентаў МІ–5, які тайна прысутнічаў на сустрэчы маладых гітлераўцаў і скаўтаў, падчас гэтых сустрэч моладзь папросту шмат піла віскі. Супрацоўнік МІ–5 робіць высновы: шмат выпітага віскі — добры знак таго, што гітлераўцы не змогуць завязаць кантакты з маладымі брытанцамі.

Хутчэй за ўсё, так і было. Пасля распівання моцных напояў з брытанцамі нямецкія спецслужбы прыпынілі спробы працы са скаўтамі. У Берліне было вырашана ствараць у Вялікабрытаніі шпіёнскую сетку з мясцовых нацыстаў і ірландскіх рэспубліканцаў.

Каментаваць