Венесуэла: інтэрвенцыя адкладаецца

Чым глыбейшым робіцца крызіс у Венесуэле, тым больш у міжнароднай прэсе заклікаў да гаспадара Белага Дому арганізаваць у гэту краіну вайсковую інтэрвенцыю.

Венесуэла — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці серыялаў-меладрамаў. Таму, напэўна, не выпадкова, што цяперашні венесуэльскі ўнутрыпалітычны крызіс нагадвае фабулу мыльнай оперы, калі напружанасць нарастае ад серыі да серыі, а фіналу ўсё няма і няма.

У венесуэльскай драме, як і патрабуе закон жанру, пачаўся новы эпізод. Вярхоўны суд даў згоду кіраўніку краіны на правядзенне Канстытуцыйнай асамблеі, якая павінна ўнесці папраўкі ў Асноўны закон. Новая венесуэльская Канстытуцыя, па словах венесуэльскага правадыра Нікаласа Мадуры, дазволіць пераадолець крызіс, што цягнецца пасля перамогі апазіцыі на выбарах у парламент тры гады таму. З таго часу выканаўчая вертыкаль, якую кантралююць чавісты, і апазіцыя ў парламенце бясконца змагаюцца за кампетэнцыі. Усё гэта адбываецца на фоне татальнага дэфіцыту асноўных прадуктаў, гіперінфляцыі і грамадзянскай вайны (інакш не скажаш) на вуліцах, ахвярамі якой толькі за вясну сталі больш за 60 чалавек.

Аптымізм Мадуры наконт хуткага заканчэння цяперашняга хаосу апазіцыя не падзяляе. Дэмакратычная кааліцыя MUD, якая ўключае каля 20 партый, адмовілася ўдзельнічаць у працы Канстытуцыйнай асамблеі. На думку MUD, на выбарах дэлегатаў непазбежныя фальсіфікацыі, паколькі значная частка абіраецца ад арганізацый, якія непасрэдна кантралюе ўрадавая Аб’яднаная сацыялістычнай партыя. Праўда, апазіцыянеры гатовыя да кампрамісу ў выглядзе рэферэндуму, які павінен вызначыць, патрэбная ці не канстытуцыйная рэформа. Аднак падобны варыянт, у сваю чаргу, катэгарычна адпрэчвае Мадура.

На выхадзе замест дыялогу маецца новая ступень эскалацыі супрацьстаяння, на што ў сусветнай прэсе таксама рэагуюць заклікам да Белага дому і ААН — даслаць у Венесуэлу экспедыцыйны корпус.

«Міжнародная супольнасць таксама нясе адказнасць за абарону народа Венесуэлы і павінна тэрмінова рэагаваць на яе эканамічны і гуманітарны крызіс», — піша «New York Times» у нумары за 30 мая. На думку выдання, асноўныя аргументы за інтэрвенцыю палягаюць у гуманітарнай сферы. Напрыклад, за час крызісу праз дэфіцыт прадуктаў кожны венесуэлец згубіў шэсць кілаграмаў вагі.

Трэба сказаць, што ідэя замены рэжыму ў Венесуэле за кошт замежных вайскоўцаў гучыць не першы раз. Яшчэ ў часы Чавеса казалі, што ў Вашынгтоне існуе план інтэрвенцыі, спасылаліся на словы Барака Абамы пра тое, што «Венесуэла ўяўляе пагрозу нацыянальным інтарэсам ЗША». Пасля таго, як да ўлады прыйшоў Нікалас Мадура, тэма знешнепалітычнага ўмяшання не знікае.

Яшчэ ў 2015-м прэс-служба Мадуры паведамляла пра тое, што на сустрэчах з дыпламатамі апазіцыянеры заклікаюць увесці ў краіну войскі Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў (OAS) — рэгіянальнага аналага нашага СНД. Увесну 2017-га Мадура падзяліўся канфідэнцыйнай інфармацыяй нібыта пра сакрэтную размову паміж перуанскім прэзідэнтам Педра Кучынскім і Дональдам Трампам. Кучынскі, быццам бы, таксама прасіў Трампа падумаць пра вайсковы фармат навядзення парадку ў Венесуэле.

Гледзячы па ўсім, варыянт умяшання сапраўды не выключаецца. На пачатку красавіка пабачыла свет справаздача адмірала Курта Тыда, які аказвае за паўднёвы фланг абароны ЗША. У ёй гаворыцца, што «нарастаючы гуманітарны крызіс у Венесуэле можа патрабаваць адказных захадаў». Адначасова, скліканы ў красавіку саміт OAS прыняў вельмі жорсткую рэзалюцыю на адрас Каракаса. Падпісанты рэзалюцыі абяцалі Мадуры «прыняць ініцыятывы, якія павінны прымусіць Каракас гарантаваць функцыянаванне дэмакратычных інстытутаў».

Усё гэта, сапраўды, знешне нагадвае піяр-падрыхтоўку да нейкіх аперацый з боку трэціх краін адносна Венесуэлы. Аднак, нягледзячы на каскад матэрыялаў наконт неабходнасці ўмяшання ў венесуэльскі крызіс, пакуль такі сцэнар не разглядаецца.

Першая прычына — рызыка паўнавартаснай грамадзянскай вайны. Працяглае грамадзянскае супрацьстаянне ў Венесуэле сведчыць пра наяўнасць у Мадуры цвёрдага электарату. Гэта венесуэльцы, якія дзякуючы баліварскай рэвалюцыі значна палепшылі свой сацыяльны статус і гатовыя абараняць спадчыну Чавеса. Яны добра памятаюць, у якіх пячорных умовах жылі да прыходу Уга да ўлады. Нездарма Мадура ахвотна раздае зброю фармаванням, створаным з грамадскіх ініцыятываў, лаяльных да рэжыму.

Не гатовыя да рашучых крокаў, падаецца, і ў Вашынгтоне. Як піша выданне «Barrons», у Трампа вызначыліся са спісам асноўных ворагаў: Расія, Іран і Сірыя. Пра тое, што ўмяшанне ў Венесуэлу, як мінімум, адкладаецца, сведчыць і праект рэзалюцыі чарговага саміту OAS, які прайшоў на гэтым тыдні. У падрыхтаваных да сустрэчы паперах планавалася заклікаць Каракас да перамоваў з апазіцыяй, пасярэднікам у якіх хоча выступіць OAS.

Пра тое, што можа чакаць ад міжнароднай супольнасці, распавядае нямецкі доктар Аляксандра Бек, экс-валанцёр адной з гуманітарных арганізацый у Венесуэле:

— Тое, што ў блізкіх да Мадуры медыя любяць пісаць пра пагрозу інтэрвенцыі ЗША, гаворыць: улада сама зацікаўленая ў падобных плётках. Тэма інтэрвенцыі дазваляе гуляць на антыамерыканскіх забабонах, якія папулярныя не толькі ў Венесуэле, аднак паўсюль у Лацінскай Амерыцы. Таму ніякай пагрозы наўпроставай інтэрвенцыі з боку Злучаных Штатаў я пакуль не бачу. Як мінімум, спачатку ўздымуць пытанне гуманітарнай катастрофы, паспрабуюць знайсці падтрымку ў краінах рэгіёну. Тым больш, значна эфектыўней на сітуацыю ў краіне можна ўплываць за кошт штучнага пагаршэння сітуацыі з прадуктамі. Аднак нічога выключаць таксама нельга. Перш за ўсё, ніхто не ведае, чаго чакаць ад Канстытуцыйнай асамблеі. Не выключаны варыянт адтэрміноўкі прызначаных на наступны год выбараў прэзідэнта, што пагражае выбухам грамадзянскага супрацьстаяння, ігнараваць якое за мяжой будзе ўжо немагчыма.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць