Венгерскі феномен

Уступленне Венгрыі на пасаду старшыні Еўрапейскага Саюза праходзіла са скандалам. З-за прынятага напярэдадні супярэчлівага закона пра СМІ Еўрапарламент нават заклікаў увесці візавыя санкцыі супраць Будапешту. Нягледзячы на тое, што супярэчлівы закон у выніку адмянілі, СМІ шмат гаворыць пра венгерскі феномен і дэкаданс дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Сваімі думкамі на гэты конт з журналістам «НЧ» Алегам Новікавым падзяліўся будапешцкі палітолаг Міклаш Базач.



Уступленне Венгрыі на пасаду старшыні Еўрапейскага Саюза праходзіла са скандалам. З-за прынятага напярэдадні супярэчлівага закона пра СМІ Еўрапарламент нават заклікаў увесці візавыя санкцыі супраць Будапешту. Нягледзячы на тое, што супярэчлівы закон у выніку адмянілі, СМІ шмат гаворыць пра венгерскі феномен і дэкаданс дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Сваімі думкамі на гэты конт з журналістам «НЧ» Алегам Новікавым падзяліўся будапешцкі палітолаг Міклаш Базач.

— З-за моўных цяжкасцяў Венгрыя па-сутнасці з’яўляецца для нас белай плямай у Еўропе. Не хапае элементарнай інфармацыі пра мясцовыя палітычныя і культурныя працэсы. Пачнём з палітычнай сітуацыі.

— З красавіка 2010 года ў Венгрыі пры ўладзе знаходзіцца правая кансерватыўная партыя Fidesz. Яна кантралюе дзве трэці месцаў у парламенце і, адпаведна, цалкам вызначае склад ураду. Палітычны курс, які праводзіць урад Орбана, можна характарызаваць як нацыянальна-папулісцкі. Адразу пасля перамогі Віктар Орбан абвясціў пра ўсталяванне новага дзяржаўнага ладу — Нацыянальнага супрацоўніцтва. На адной з першых сесій новага парламенту была асуджана Трыанонская дамова 1920 года, па якой Венгрыя згубіла большую частку сваіх зямель. Адначасова ўсе этнічныя венгры — жыхары суседніх краін — аўтаматычна атрымалі венгерскае грамадзянства. Затое, на радасць простым людзям, былі нацыяналізаваныя прыватныя пенсійныя фонды і павышаны падаткі на замежных бізнесменаў.

— Што значыць культурная палітыка ў эпоху нацыянальнага супрацоўніцтва?

— У галіне культуры асаблівая ўвага адводзіцца гістарычнай тэматыцы, прапагандзе духоўнасці і адзінству нацыі. У фаворы традыцыйная кансерватыўная культура. Так, напрыклад, авангардныя тэатры згубілі дзяржаўныя датацыі. Затое шмат грошай ідзе ў падтрымку музеяў, экспазіцыі якіх прысвечаныя гісторыі, напрыклад, паўстанню 1956-га. Адначасова ўзятая пад больш пільны кантроль акадэмічнае жыццё. Увогуле, правы адміністрацыі ў культурных і адукацыйных установах паўсюль пашыраныя.

— Ці закон пра СМІ кладзецца ў логіку эвалюцыі рэжыму?

— Безумоўна. Быў зменены выбарчы закон, каб малым партыям было цяжэй трапляць у парламент. Унесеныя змены ў судовую сістэму, якая дазволіла сябрам уладнай партыі захапіць пракуратуру і суды на месцах. Адбылася рэформа службы бяспекі. Цяпер яна называецца Цэнтр па барацьбе з тэрарызмам, і яе ўзначальвае былы ахоўнік Орбана. Супраць былых кіраўнікоў з ліберальнай і сацыялістычнай партыяў распачатыя крымінальныя справы за карупцыю. Адпаведна карэктывам у закон аб сацыяльнай абароне, права на льготы маюць толькі тыя, хто жыве па «прынятых стандартах». Такім чынам, пазбаўленымі дапамогі аказаліся этнічныя меншасці і бяздомныя. Сталі больш жорсткімі законы супраць малых злачынстваў.

— У чым сутнасць прапанаванага закону пра СМІ?

— Закон дазваляе ўраду фактычна праводзіць цэнзуру зместу публікацый за кошт сістэмы штрафаў. Парушальнікаў новага заканадаўства чакаюць цяжкія фінансавыя санкцыі, аж да 90 тысяч еўра. Іншымі словамі, выданні ўвесь час знаходзяцца пад пагрозай фінансавага краху. Адначасова ўлада атрымлівае права навязваць медыям сваю палітыку. Закон патрабуе ад СМІ таксама пад пагрозай штрафаў «асвятляць праблемы нацыянальнага значэння». Абмежаваныя правы журналісцкіх прафсаюзаў. Гэта вельмі важная тэма для супрацоўнікаў грамадскіх СМІ, дзе зараз ідзе ратацыя: блізкія да ўлады людзі выкідваюць з працы журналістаў апазіцыйных поглядаў. Журналісты таксама павінны будуць выдаваць крыніцы інфармацыі.

— Ці былі нейкія пратэсты супраць закону?

— Так, аднак увогуле грамадскасць не шкадуе пра тое, што сыходзяць часы дэмакратыі. Адбылася дзіўная рэч. Адна з галоўных прычынаў прыняцця новага закона — барацьба за змяншэнне папулярнасці яшчэ больш правай і нацыяналістычнай партыі Jobbik. На практыцы гэта азначае захоп яе электарату праз рэалізацыю праграмных пастулатаў Jobbik. Таму ўсе дыскусіі наконт новага закона сталі сведчаннем гратэскнай сітуацыі, калі крайнія правыя абаранялі свабоду слова. Акрамя таго, у іх былі свае прычыны для крытыкі праекту. Сваю прапаганду Jobbik вядзе праз інтэрнэт. Гэта галоўны канал агітацыі. Як правіла, лідары партыі маюць свае старонкі, размешчаныя на амерыканскіх сэрверах. На іх часта можна пачытаць не толькі нацыяналістычныя, а ўвогуле нацысцкія тэксты.

— Адкуль у венграў аўтарытарнае мысленне?

— Карані трэба шукаць у гісторыі папярэдняга стагоддзя. Так склалася, што грамадства было вельмі пасіўным. Венгры амаль усё стагоддзе жылі ў атмасферы страху перад уладай. Так было ў міжваенныя часы, калі ў нас была дыктатура Хорці. З 1947-га пачалося кіраванне сталіністаў. Пасля паўстання 1956-га года зноў прыйшла дыктатура, хаця і больш мяккая. Аднак ад ментальнасці, якая паўстала праз пакаленні, цяжа пазбавіцца. Акрамя таго, рэжым Янаша Кадара прывучыў грамадства да думкі, што ўсе нашы праблемы будзе вырашаць дзяржава, а абывацелі павінны маўчаць. Іншымі словамі, Венгрыя — гэта краіна Усходняй Еўропы, на перыферыі капіталізму, дзе сапраўды ёсць грамадскі запыт на тып палітыкаў моцнай рукі. Нарэшце, так склалася, што частка супольнасці вырасла на тэме настальгіі па Вялікай Венгрыі, якой не стала ў 1920-м і ўжо ніколі не будзе. Орбан за кошт нацыяналістычнай рыторыкі прапануе нейкую кампенсацыю, своеасаблівую ўнутраную гармонію. Нарэшце, узгадаем фактар крызісу — у такія неспакойныя часы заўсёды хочацца якой-небудзь стабільнасці.

— Цяжка зразумець учынкі Орбана, які сам быў дысідэнтам, праціўнікам камуністычнай сістэмы.

— Орбан сапраўды браў удзел у антыкамуністычных маніфестацыях. Аднак зараз ён іншы палітык. Увогуле, у нас шмат палітыкаў маюць дзве постаці. Адна — для Еўропы. Іншая — для Венгрыі. Акрамя таго, у прэм’ера свае адносіны з прэсай, якая галоўным чынам прадстаўляе ліберальную апазіцыю. За час сваёй палітычнай кар’еры Орбан двойчы прайграваў выбары і заўсёды казаў, што ва ўсім вінаватыя газетчыкі. Нарэшце, барацьба з прэсай цалкам пасуе кансерватыўнай традыцыі, якую ён прадстаўляе. Пасля паразы ў першай сусветнай вайне і падзелу Венгерскага каралеўства паміж краінамі Антанты, урад адмірала Хорці зрабіў адказным за катастрофу ліберальных журналістаў. Былі ўведзеныя абмежаванні для прэсы.

— Якімі вы бачыце перспектывы развіцця сітуацыі ў краіне?

— Пакуль пазіцыям Fidesz нічога не пагражае. Гэта паказалі восеньскія мясцовыя выбары, на якіх партыя Орбана ўпершыню перамагла ў сталіцы. Галоўная прычына — татальная кампраметацыя папярэдняга пакалення палітыкаў. Карупцыя за час іх кіравання стала амаль сінонімам палітыкі. Шмат былых бургамістраў або дэпутатаў зараз сядзяць у турмах. Людзі хацелі хоць нейкай альтэрнатывы. Па сутнасці, ніякай нармальнай выбарчай кампаніі Fidesz у 2010 годзе не праводзіў. Партыя папросту стала сімвалам альтэрнатывы ўраду сацыялістаў. Выбаршчыкі галасавалі супраць апошніх васьмі гадоў іх улады, сінонімамі якой былі прыгожыя, а цяпер скампраметаваныя словы пра дэмакратыю і правы чалавека. Магчыма, патрэбны час, каб яны зноў набылі першапачатковы сэнс.
 

Каментаваць