Венгрыя: выключыць нельга застацца

Жан Асельборн, міністр замежных спраў Люксембурга, заклікаў выключыць Венгрыю з Еўрасаюза, таму што палітыка Будапешта катэгарычна не адпавядае еўрапейскім каштоўнасцям.

Па словах міністра, «любая краіна, якая, падобна Венгрыі, будуе сцены на мяжы для стрымлівання ўцекачоў, што бягуць ад вайны, або робіць замах на свабоду прэ­сы ці прынцып незалежнасці судовай сістэмы, павінна быць выключаная». Больш таго, люксембургскі палітык сцвярджае, што выключэнне з ЕС — «адзіны спосаб захаваць адзінства і каштоўнасці Еўрапейскага саюза».

Гэта не першая заява наконт таго, што Венгрыя, дзе з 2010 года кіруе прэм’ер Віктар Орбан, не адпавядае стандартам ЕС. У мінулым годзе старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер таксама абяцаў выгнаць Венгрыю. Тады падставай для крытыкі сталі спробы Будапешта вярнуць смяротнае пакаранне.

Тую заяву еўрачыноўніка ўспрынялі як віртуальную пагрозу, бурлеск. Адпаведнай была і рэакцыя медыя. А вось словы Асельборна сёння абмяркоўваюць на самым высокім ўзроўні. Сярод каментатараў — прэм’ер міністр Чэхіі Багуслаў Саботка, германскі міністр Франк-Вальтэр Штайнмаер і іншыя.

Каментуюць словы Асельборна і ў прэсе. Напрыклад, венгерскае выданне «Budapest today» намер Брусэля — сачыць за выкананнем еўракаштоўнасцяў у суб’ектах ЕС, — разглядае як новы фінт еўрабюракратаў. Маўляў, што толькі ні прыдумаюць, каб выбіць сродкі з еўрабюджету. Газета параўноўвае маніторынг еўракаштоўнасцяў з цыркулярамі не дапусціць на рынках ЕС «бананы анамальнай крывізны». А вось нямецкі «Spiegel» пагаджаецца: хаця б на тэарэтычным узроўні пагроза выключэння неабходная, паколькі інакш цяжка зразумець, як ЕС выйдзе з цяперашняга крызісу.

Такая жорсткая ацэнка звязаная з выкліканымі праз Brexit дэбатамі пра неабходнасць рэформы сістэмы кіравання ЕС. Пакуль еўрапейская эліта схіляецца да ідэі ўзмацнення функцый цэнтру. Як кажа старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц, «неабходны ўрад ЕС, які абіраецца народам, што будзе вялікім крокам наперад у пераўтварэнні ЕС у наднацыянальную структуру».

Аднак усе падобныя канструкцыі могуць быць тарпедаваныя ўжо 2 кастрычніка, калі Венгрыя правядзе рэферэндум адносна палітыкі ЕС па размеркаванні бежанцаў на тэрыторыі краіны. Грамадзянам прапануюць выказаць сваё меркаванне па пытанні: «Ці жадаеце вы, каб ЕС меў права навязваць прыняцце рашэння ў дачыненні да рассялення неграмадзян нашай краіны на тэрыторыі нашай краіны?». Плебісцыт, вынік якога прадказальны з-за палітызаванасці тэмы, стварае прававы прэцэдэнт — у будучым любы загад з Брусэлю можа быць адхілены такім жа чынам.

Венгерская фронда ўжо зараз натхняе перш за усё краіны так званай «Вышаградскай чацвёркі» (Венгрыя, Славакія, Польшча, Чэхія). Яны (і фрагментарна Аўстрыя) на саміце ЕС 16 верасня выступілі супраць дыктату Берліна і Брусэля па пытанні бежанцаў. Гэта больш, чым проста дэмарш: «Вышаград» выступае, хутчэй, за канфедэратыўную мадэль ЕС.

З іншага боку, сёння ніякіх прававых інструментаў прыструніць Будапешт у Брусэля няма. Пасля вывучэння цяперашніх статутных дакументаў ЕС юрысты прыйшлі да высновы, што выключэнне краін з ЕС на цяперашні дзень немагчымае. Ставіць пытанне пра выключэнне Венгрыі на разгляд няма сэнсу, паколькі патрэбны кансэнсус, а тая ж Польшча стопрацэнтна скарыстаецца правам вета. Ледзь не адзінай прычынай для выключэння можа быць вайна, якую краіна-сябра ЕС абвесціць іншаму сябру аб’яднання, што таксама неверагодна.

Нават калі мадэрнізаваць заканадаўства ЕС у гэтай галіне, застаецца шмат незразумелых пытанняў наконт яго імплементацыі. Рашэнне пра выключэнне нейкай краіны адразу будзе аспрэчанае яе кіраўніцтвам у судах. Працэс можа цягнуцца настолькі, што ў краіне зменіцца палітычны рэжым, лідары якога не будуць несці адказ­насць за фокусы папярэднікаў.

Акрамя таго, сам факт нават запуску працэдуры выключэння з ЕС любой краіны — гэта вельмі моцны ўдар па прэстыжы еўрапраекту. Такая працэдура — лепшы падарунак для еўраскептыкаў. Магчыма таму нават самыя вядомыя апаненты Орбана, кшталту еўрадэпутата Рэбекі Хармс, лічаць, што выключэнне Венгрыі спрэчнае, і заклікаюць шукаць калектыўнае рашэнне венгерскай праблемы. Абмяркоўваецца ідэя для пачатку часова выключыць краіну з дзейнасці якой-небудзь агульнаеўрапейскай дамовы.

Аднак гэта не азначае, што status quo захаваецца. Як лі­чаць спецыялісты, перманентны канфлікт з Брусэлем — вельмі важная частка іміджу Орбана і сродак падтрымкі яго папулярнасці.

Эскалацыя ў адносінах паміж Будапештам і Брусэлем будзе працягвацца, і ў гэтай логіцы ўсё больш экспрэсіўныя раўнды канфрантацыі прадказальныя.

Акрамя таго еўрапейская прэса лічыць, што электарат Орбана па сваёй прыродзе скіраваны пераважна праеўрапейскі, і баіцца, што Венгрыя без пратэкцыі ЕС адразу стане сатэлітам Масквы. Ёсць думка, што калі Брусэль набярэцца мужнасці і сапраўды дашле Орбану «чорную метку» пра выключэнне з ЕС, перапужаны выбаршчык Орбана можа прагаласаваць за праеўрапейскую апазіцыю.



Каментаваць