Венгерскія шаманы

Правы рух Jobbik (“За лепшую Венгрыю) у Венгрыі набірае моц і патрабуе вяртання краіны да паганскіх культаў.
 

Сцэна, якая адбылася ў сакавіку ў будынку венгерскага парламента, знешне нагадвае ілюстрацыю да анекдота. Перад каронай караля Іштвана (дарэчы, галоўны святы патрон Венгрыі) танчыў шаман з далёкай сібірскай Тувінскай рэспублікі. Ён праводзіў старажытны абрад ачышчэння, які, на думку дэпутатаў, што запрасілі шамана, павінен дапамагчы венграм.

Падобнае захапленне старажытнымі культамі ў Венгрыі не фрагментарнае. Трошкі пазней у Будапешт даставілі з Казахстана дрэва вышынёй у 9 метраў, якое ўрачыста пасадзілі на беразе Дунаю, назваўшы «Дрэва салідарнасці стэпавых народаў». Дрэвы таксама былі аб’ектам культу продкаў цяперашніх венграў. Аднак дрэва мае яшчэ адно сімвалічнае значэнне. Доўгі час яно было знакам супраціву мадзьяраў хрысціянізацыі. Культуролагі таксама адзначаюць, што сярод простых людзей пачалася мода на розныя паганскія фішкі. Напрыклад, часта пішуць назвы вёсак старажытнымі рунамі, якія былі забароненыя хрысціянскімі місіянерамі. Усё часцей дзяцей называюць імёнамі герояў венгерскага эпасу — Мес, Магор, Копань, Альмос, што таксама не вітаецца Касцёлам.

На думку палітолагаў, у краіне заўважнымі тэмпамі расце інтарэс да паганства, які робіцца чымсьці большым за простыя забабоны. Пасля падзення камунізму і з пачаткам дэпрэсіі краіна знаходзіцца ў стане крызісу ідэнтычнасці, выхад з якога яна шукае ў мінулым. Часткова адказнасць за гэта нясе кіруючая кансерватыўная партыя Fidesz, якая хаця і бачыць Венгрыю бастыёнам хрысціянства, часта шукае прыклады для пераймання ў далёкім мінулым. Культ мінулага выклікае ў абывацеля, як піша французскі журналіст Вінцэнт Багарнэ, устаноўку шукаць «страчаны рай».

Небяспечны момант палягае тым, што неапаганства з’яўляецца часткай палітычнага праекту партыі Jobbik. Jobbik — правая радыкальная сіла, якая і зараз разам з сацыялістамі з’яўляецца галоўнай апазіцыйнай сілай у Венгрыі. Калі Fidesz робіць большы акцэнт на прамоцыю хрысціянскіх каштоўнасцяў, Jobbik, наадварот, выступае як лабіст неапаганства.

Пры гэтым нацыяналісты не заклікаюць маліцца фіна-угорскім багам кшталту Юмале (бог неба) або прыносіць ахвяры Шаркань (цмок са змеепадобным целам і крыламі). Ідэолагі Jobbik абвяргаюць афіцыйную тэорыю, якая выводзіць венграў з фіна-ўгорскай групы народаў. На іх думку, венграм больш блізкія традыцыі народаў стэпу — цюркаў. Кожны год пры ўдзеле актыву Jobbik праходзіць фестываль Nagy-Kurultaj, які прапагандуе культурнае адзінства венграў і народаў Цэнтральнай Азіі.

Па вялікім рахунку, нічога новага тут няма. Яшчэ ў 70-я гады ХІХ стагоддзя навуковая супольнасць Венгрыі раскалолася паміж прыхільнікамі тэорыі фіна-ўгорскага і цюркскага паходжання венграў. Кумірам апошніх быў нямецкі лінгвіст Макс Мюлер, вучні якога заснавалі ў 1910 годзе арганізацыю цюркістаў. Хаця піянерамі накірунку былі венгры яўрэйскага паходжання, пасля Першай сусветнай вайны цюркісты сталі часткай мясцовага фашысцкага руху. Логіка тут была простая. На думку радыкалаў, нацыя павінна была рыхтавацца ўзяць рэванш за прайграную вайну і вярнуць траціну этнічных венгерскіх зямель, якія ў яе адабрала Антанта паводле Трыанонскай дамовы. Канцэпцыя таго, што венгры падобныя на мірных фінаў, эстонцаў і удмуртаў, не ўкладвалася ў гэтую ваяўнічую патэтыку фашыстаў, якім бліжэй былі орды Батыя або Тамерлана.

У выніку гістарычных медытацый венгерскія цюркісты дайшлі да таго, што запісалі ў венгры нават Ісуса Хрыста, які, на іх думку, быў прынцам з Парфіі (старажытная дзяржава на тэрыторыі цяперашніха Ірану і Іраку). Калі пачалася Другая сусветная вайна, венгерскія фашысты наіўна лічылі, што Гітлер абавязкова падтрымае геапалітычны праект адраджэння адзінай цюркскай дзяржавы са сталіцай у Будапешце.

Пасля вайны цюркска-венгерскі нацыяналізм надоўга знік з мясцовай грамадскай дыскусіі, і цяпер дзякуючы партыі Jobbik перажывае другое нараджэнне.

Галоўным персанажам неапаганскага венгерскага міфу, па версіі Jobbik, з’яўляецца прынц Копань — палітычны дзеяч Х стагоддзя, які змагаўся супраць прапанаванай Іштванам ідэі інтэграцыі Венгрыі ў склад еўрапейскай хрысціянскай матрыцы. У вырашальнай бітве Іштван разбіў Копаня, а яго цела, паводле легенды, рассек на чатыры часткі, кожная з якіх пасля вісела на сценах чатырох самых буйных гарадоў каралеўства. Цікава, што сярод гісторыкаў ёсць версія пра тое, што Копань не быў паганцам, а належаў да праваслаўнай царквы.

Нельга сказаць, што каталіцкая царква пасіўна глядзіць на неапаганства. Яшчэ ў 2009 годзе Венгерская канферэнцыя біскупаў асудзіла праявы паганства ў лагеры правых радыкалаў.

«Доўгі час мы лічылі, што галоўная небяспекай для царквы з’яўляецца секулярызацыя — прыярытэт спажывання і геданізм. Аднак сёння мы адзначаем небяспечныя праявы неапаганства, якія ўвасабляе дзейнасць правай партыя Jobbik», — гаворыцца ў дакуменце.

Выданне «Fiertes europeennes» цытуе венгерскага прафесара Ацілу Якаба. Той лічыць, што цяперашняя царква ў Венгрыі не здольная спыніць моду на паганства. Па яго словах, у часы камунізму венгерская царква ператварылася ў нешта падобнае на царкву часоў Візантыі — стала служкай улады. Пасля акупацыі Венгрыі ў 1956 годзе царкву ачысцілі ад радыкальных і адначасова ад думаючых самастойна элементаў кшталту кардынала Міндсенці (герой венгерскага паўстання, якія пасля прыходу савецкіх войскаў 15 гадоў жыў на тэрыторыі пасольства ЗША ў Будапешце).

«У цяперашні час традыцыйныя канфесіі (каталіцтва і пратэстанцтва) вельмі бедныя з пункту гледжання духоўнасці і інтэлектуальнай думкі. Яны не маюць рэсурсаў супрацьстаяць пробліскам неапаганства. Акрамя таго, шмат пастараў маюць кепскую адукацыю, а некаторыя нават самі з’яўляюцца адэптамі неапаганскіх ідэяў», — кажа Аціла Якаб.

Аднак у Касцёла яшчэ ёсць час рэабілітавацца. Тое ж выданне «Fiertes europeennes» піша: «Апазіцыя паміж хрысціянствам і паганствам выйшла на палітычны рынак. Неапаганства — гэта кропка разладу паміж правымі: адны з якіх карыстаюцца падтрымкай традыцыйнай царквы, для іншых жа характэрна неапаганская рыторыка. Аднак нельга казаць пра тое, што гэта апазіцыя дасягнула ўзроўню абсалютнай палітычнай канфрантацыі. Нават у самой партыі Jobbik пакуль што абвінавачваюць Fidesz не ў тым, што яны хрысціяне, а толькі ў тым, што кансерватары адмаўляюцца прызнаваць паганскую традыцыю венграў, тым самым грэбуючы іх культурай».

Акрамя таго, на бок кансерватараў у гэтай праблеме яўна становяцца сацыялісты, якія кантралююць траціну электарату. Калі ў сакавіку згаданы шаман прыйшоў па запрашэнні дэпутатаў у будынак парламента, сацыялісты зладзілі скандал, патрабуючы «прыбраць гэтага клоўна». Цікава, што таго рытуалу тувінскага шамана спалохаліся нават некаторыя дэпутаты ад Jobbik. Усё ж не прынята ў Еўропе скакаць з бубнам і нешта енчыць.

Відавочна, што неапаганства — яшчэ вельмі размыты і сінкрэтычны накірунак у венгерскім грамадстве і палітычным жыцці. Аднак сталы попыт на неапаганскія прыбамбасы сведчыць, што ва ўмовах зацягнутага эканамічнага крызісу калектыўная думка ўсходнееўрапейскага грамадства здольная рабіць самыя неверагодныя зігзагі.
 

Каментаваць