Вільнюскі саміт: ад каго чакаць сенсацый?

Лічылася, што на саміце «Усходняга партнёрства» у Вільнюсе, галоўнай тэмай будзе падпісанне дамовы аб Асацыяцыі ЕС і Украіны. Аднак сенсацый і прарываў трэба чакаць ад іншых краін-удзельніц УП.



Нагадаем, што ўдзельніцамі праграмы «Усходняе партнёрства» з’яўляюцца шэсць краін: Беларусь, Малдова, Украіна, Азербайджан, Арменія і Грузія (Расію таксама запрашалі, але яна адмовілася). Іх ступень удзелу ў праграмах УП неаднолькавая.

Да апошняга часу найбольш праеўрапейскай сярод краін «Усходняга партнёрства» лічылася Украіна. Урад у Кіеве атрымліваў найбольшую фінансавую дапамогу (каля паловы мільярда еўра за перыяд з 2007 па 2010 год). Гэта ўдвая больш, чым Малдова, і ўтрая — чым Грузія. Украіна першай, у 2011 годзе, завяршыла перамовы аб асацыяцыі, якая прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю. Але працэсы вакол Юліі Цімашэнка і Юрыя Луцэнкі, а таксама крымінальныя справы супраць іншых апазіцыянераў, абурылі ЕС. Брусэль адклаў парафіяванне дакумента (зацвярджэнне канчатковай рэдакцыі). Прыкладна год таму дыялог аднавіўся.

Калі Украіна і ЕС не падпішуць дамову, усе бонусы ў Вільнюсе дастануцца камусьці іншаму. Дэмакратычная прэса Украіны перакананая, што новым фаварытам стане Тбілісі. Звяртаюць увагу на тое, што новыя ўлады выканалі адну з просьбаў еўрапейцаў — не паўтараць памылкі Украіны, не спрабаваць зводзіць рахункі з палітычнай апазіцыяй, і перш за ўсё асабіста з экс-прэзідэнтам Міхаілам Саакашвілі. Георгій Маргвелашвілі, новы грузінскі гарант, сапраўды, апошнім часам не так катэгарычна кажа наконт магчымага пераследу Саакашвілі. Дарэчы, прадстаўляць Грузію ў Вільнюсе будзе новы прэзідэнт.

Аднак палітолагі лічаць, што грузінская тэма не будзе на саміте вызначальнай. Пра гэта ўскосна сведчаць і словы прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ. Пасля візіту на інагурацыю Маргвелашвілі яна адзначыла, што «назіраецца вялікі прагрэс у гэтай краіне, але ў Грузіі яшчэ доўгі шлях да пагаднення аб асацыяцыі з ЕС». «Яшчэ трэба выканаць шмат хатняй працы. Вельмі важна, каб пасля змены ўлады мы бачылі прагрэс, асабліва ў рэформе праваахоўных органаў, каб не вярнуўся феномен выбарчага правасуддзя, каб быў перакрыты шлях пераследу палітычных апанентаў», — лічыць Грыбаўскайтэ.

На думку расійская прэсы, асцярожны падыход ЕС да кандыдатуры Грузіі таксама звязаны з праблемай тэрытарыяльнай цэласнасці і юрыдычнага статусу Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. ЕС, на думку расійскіх назіральнікаў, знаходзіцца ў пэўным канцэптуальным тупіку па гэтым пытанні.

Куды больш рэальнай кандыдатурай на «фаварыта ЕС» лічыцца Малдова. Увогуле, Кішынёў і Брусэль у Вільні плануюць парафіраваць пагадненне аб асацыяцыі і падпісаць дамову ў 2014 годзе — гэта значыць, да заканчэння паўнамоцтваў цяперашняга складу Еўракамісіі.

Аднак сенсацыя можа прагучаць раней. На днях кіраўнік Еўракамісіі, усё той жа Барозу, заявіў: «Еўракамісія будзе рэкамендаваць Савету ЕС адмяніць візавы рэжым з Малдовай. У якім аб’ёме, пакуль не вядома. Аднак калі ў Вільнюсе гэтаму працэсу дадуць зялёнае святло, Малдова можа першай атрымаць ад ЕС тое, што для астатніх дзяржаў ледзь не самае галоўнае ў УП — права грамадзян без віз ездзіць у Еўропу.

Другая краіна, ад якой можна чакаць сенсацый, — Азербайджан. На першы погляд, гэта нонсэнс. Баку асабліва актыўна ў Еўропу не лез з-за зразумелых прычын: вотчына Аліева — адна з самых аўтарытарных краін у постсавецкім рэгіёне. З іншага боку, ніхто асабліва Аліева ў Еўропе не крытыкуе. У чэрвені 2013-га міжнародны кансорцыум па распрацоўцы радовішча «Шах-Дэніз» вызначыўся з маршрутам транспарціроўкі газу з Азербайджана ў Еўропу. Вырашылі будаваць Трансадрыятычны газаправод. У Еўропе з ім звязваюць надзею на змяншэнне залежнасці ад газу з Расіі.

Аднак апошнім часам у Баку нечакана зацікавіліся праеўрапейскім вектарам. Прычына — пагаршэнне адносін з Масквой. Яны азмрочаны справай азербайджанца Архана Зейналава, якога вінавацяць у забойстве Ягора Шчарбакова, што справакавала масавыя пагромы ў маскоўскім раёне Бірулёва. Азербайджан стаў на абарону свайго грамадзяніна з рашучасцю, якой яўна не чакалі ў Расіі. МЗС Азербайджана ўжо перадаў у Маскву дзве ноты пратэсту, звязаныя з адсутнасцю ў работнікаў пасольства магчымасці сустрэцца з Зейналавым.

Таму, быццам, азербайджанцы гатовыя абмеркаваць з Еўрасаюзам візавыя праблемы. Калі верыць украінскай прэсе, Ільхам Аліў патрабаваў ад чыноўнікаў дыверсіфікацыі накірункаў эміграцыі азербайджанцаў. Відавочна, што наяўнасць вялікай дыяспары азербайджанцаў у Расіі робіць Баку закладнікам паўночнага суседа: шматлікія азербайджанскія сем’і выжываюць за кошт грашовых замежных пераводаў. Не абышла прэса і візіт Аліева ў Кіеў 17 лістапада (гэта быў другі пасля інаўгурацыі афіцыйны замежны візіт Аліева). У Кіеве ўкраінскі і азербайджанскі прэзідэнты загаварылі аб магчымасці адраджэння антымаскоўскага блока ГУАМ (Грузія, Украіна, Азербайджан, Малдова) з верагодным удзелам Турцыі ў гэтым аб’яднанні. Ці атрымае рэгіянальная ініцыятыва працяг, стане вядома ў Вільнюсе.

Як не дзіўна, галоўным расчараваннем саміта будзе не Беларусь, а Арменія. Арменія таксама ішла да асацыяцыі з ЕС. І крочыла дастаткова бойка. Улетку Ерэван і Брусэль завяршылі перамовы і збіраліся парафіраваць пагадненне на саміце ў Вільні, каб падпісаць асацыятыўную дамову ў 2014 годзе. Але на пачатку верасня прэзідэнт Серж Саргсян сустрэўся ў Расіі з Уладзімірам Пуціным.

Пасля гэтага Ерэван нечакана перадумаў паглыбляць адносіны з Еўрасаюзам, заявіўшы аб жаданні ўступіць у Мытны саюз. Амаль усё аналітыкі згодныя, што рашэнне Саргсяна было следствам адкрытага ціску з боку Масквы. Так ці інакш, у ЕС вельмі расчараваныя такім крокам Ерэвана. Цяпер ніхто не ведае, якім будзе новы фармат супрацоўніцтва. Аналітыкі прапануюць пакуль папросту пачакаць. Відавочна, што ўступленне ў Мытны саюз шматлікія армяне не зразумелі. Цяпер сам Саргсян вымушаны рабіць дзіўныя манеўры, з вінаватым выглядам падсоўваючы Брусэлю нейкі скарочаны план супрацоўніцтва.

Каментаваць