Выратаваць сацыял-дэмакратыю

Беспрэцэдэнтная параза нямецкіх сацыял-дэмакратаў на выбарах 28 верасня справакавала ўнутраны партыйны канфлікт.

(На здымку: Франк Вальтэр Штайнмаер)



Беспрэцэдэнтная параза нямецкіх сацыял-дэмакратаў на выбарах 28 верасня справакавала ўнутраны партыйны канфлікт.

(На здымку: Франк Вальтэр Штайнмаер)


У параўнанні з вынікамі выбараў пяцігадовай даўніны, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (SPD) згубіла трэцюю частку свайго электарату, або каля двух мільёнаў прыхільнікаў. Прыкладна 700 тысяч экс-выбарцаў SPD прагаласавалі за Партыю левых. Адзін мільён перабег у лагер лібералаў і хрысціянскіх дэмакратаў. Астатнія ўвогуле перасталі цікавіцца палітыкай. Яшчэ ніколі ў гісторыі ФРГ планка папулярнасці эсдэкаў у грамадстве не была такой нізкай.

Старшыня партыі Франк Вальтэр Штайнмаер, аднак, не згубіў твар. Ён рашуча абвясціў, што SPD пасля 11 гадоў знаходжання ва ўрадзе сыходзіць у апазіцыю. Ён асабіста ўзначаліць фракцыю. Старшынёй павінен стаць Франц Мюнтэферынг, якога называюць «лейтэнантам Шродэрам» за блізкасць да былога канцлера.

І раптам замест таго, каб аб’яднацца вакол кіраўніцтва ў такія цяжкія часы, партыйны базіс паўстаў. Спантанна ўзнікла аб’яднаная апазіцыя, якая прапанавала свой пакет кандыдатур на галоўныя партыйныя пасады. Адным словам, путч.

Канфігурацыя кіраўніцтва партыі, на думку путчыстаў, павінна выглядаць наступным чынам: Андрэа Налес — генеральны сакратар. Мэр Берліна Клаус Воверайт (аўтар славутай фразы: «Я гей, і гэта добра») і Олаф Шольц  — віцэ-старшыня. Нарэшце, лямку старшыні збіраецца цягнуць Зігмар Габрыэль. Ён — душа змовы супраць шродэраўскай гвардыі, адзіная надзея фанатаў сацыял-дэмакратыі на аднаўленне SPD.

Зігмар Габрыэль, былы міністр прыроды ў «вялікай кааліцыі», нарадзіўся ў 1959 годзе ў Ніжняй Саксоніі, пасля вайсковай службы вывучаў палітыку і сацыялогію ва універсітэце Гётынгена. Перад тым, як пачаць палітычную кар’еру, працаваў настаўнікам на радзіме. На гэты час ён быў адным з лідэраў моладзевай секцыі SPD «Сацыялістычная моладзь Германіі — Сокалы», дзе належаў да марксісцкага крыла.

Пасля Зігмар працаваў у зямельным парламенце, і нават нейкі час кіраваў зямельным урадам. На выбарах 2003 года як кандыдат SPD на пасаду старшыні ўраду зямлі Ніжняя Саксонія праваліўся. Аднак у 2005 годзе перабраўся ў Бундэстаг і адразу стаў мега-зоркай нацыянальнага маштабу. У «вялікай кааліцыі» яму даручылі пасаду міністра прыроды.

На фоне іншых міністраў-сацыялістаў, якія яўна тушаваліся на фоне асобы Меркель, малады міністр выглядаў вельмі не стандартна. Ён хутка перасварыўся з канцлерам з-за яе намераў пераглядзець праграму закрыцця атамных станцый (адно з галоўных дасягненняў з былога кабінета эсдэкаў і Зялёных).

Пры ім Германія стала адным з лідэраў так званага Кіёцкага працэсу. Тэма змены клімату стала часткай унутранай палітычнай палемікі. Падчас выбарчай кампаніі ў Бундэстаг Габрыэль запомніўся публіцы эмацыйнымі атакамі на Меркель, што прынесла яму славу асабістага ворага канцлера.

Цяперашняя вайна групоўкі Мюнтэферынга і фракцыі Габрыэля — больш чым вайна за пасады. Гэта канфлікт ідэй. Атачэнне Габрыэля выступае за левы паварот SPD, першым знакам якога павінен стаць тактычны саюз з Партыяй Левых (нашчадкі ўсходненямецкіх камуністаў плюс левая фракцыя прафсаюзаў). У перспектыве партыі плануюць разглядаць сябе як патэнцыйных партнёраў у федэральным урадзе.

Тактыку «лева руля!» рашуча адмятае Штайнмаер і кампанія. Ён выключае магчымасць кааліцыі з левымі на ўзроўні ўраду. Штайнмаер кажа, што левы паварот будзе значыць канец мадэлі «Народнай партыі», якая арыентуецца не толькі на працоўны клас, а на больш шырокія колы грамадства. На ягоную думку, лагічным наступствам сыходу налева стане ператварэнне ў кліенцкую партыю невялікай групы соцыуму, напрыклад прафсаюзаў. Радыкальная левая рыторыка ў цяперашніх умовах глабалізацыі — банальны папулізм. І правал на выбарах звязаны з тым, што сацыял-дэмакраты не стварылі сабе рэнаме партыі прагрэсу.

Вырашальная бойка паміж групоўкамі адбудзецца 11–13 лістапада ў Дрэздэне падчас федэральных збораў. Яе вынікі могуць стаць пачатак новага этапу ў гісторыі самай старой партыі Германіі.

З іншага боку, Зігмара цяжка назваць радыкалам. Ён належыць да унутрыпартыйнай групы «Seeheimer», якая ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х як рэакцыя правых сацыял-дэмакратаў на спробы моладзі зрабіць з SPD партыю паслядоўных марксістаў. У пачатку 1980-х менавіта людзі з «Seeheimer» падтрымалі ідэю размясціць у ФРГ амерыканскія крылатыя ракеты.

Акрамя таго, як адзначаюць палітолагі, Ніжняя Саксонія, адкуль паходзіць Зігмар, — гэта радзіма і кавальня партыйных кадраў блізкіх асабіста да Герхарда Шродэра. Апошні доўгі час кіраваў мясцовай секцыяй SPD.

Цалкам магчыма, што ніякага «левага павароту» і «радыкальнага разрыву са спадчынай Шродэра» не будзе. Тым больш, што глабальных адказаў на выклікі рэчаіснасці ў левацэнтрыстаў няма. Сярэдняму класу, да якога адносіць сябе большасць насельніцтва ФРГ і які, як ні парадаксальна, па-сутнасці ёсць прадуктам эсдэкаўскай мадэлі Sozialstaat (сацыяльная дзяржава) 1970–1980-х гадоў, ментальна, па жыццёвых каштоўнасцях, бліжэй Ангела Меркель.

Між тым, 5 кастрычніка кіраўніцтва SPD дазволіла Зігмару Габрыэлю балатавацца на пасаду старшыні партыі ў Дрэздэне. Першы крок зроблены.

Каментаваць