Вітаўтас Ландсбергіс: Расія, хутчэй за ўсё, нелегітымная дзяржава

Літоўскія палітыкі смяюцца над ініцыятывай Расіі перагледзець законнасць прызнання незалежнасці краін Балтыі. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што ніхто не мае права ставіць пад пагрозу незалежнасць, здабытую крывёю грамадзян.



Вітаўтас Ландсбергіс


Дэпутат Еўрапарламента Петрас Аўштревічус (група ліберальных партый, Літва) прапанаваў «праверыць стан здароўя» расійскага Генпракурора.

«Расійская пракуратура праверыць законнасць незалежнасці (краін) Балтыі. Я заклікаю да тэрміновай праверцы стану здароўя расійскага пракурора!» — напісаў ён у Твітэры.

Экс-старшыня Сейма Літвы Вітаўтас Ландсбергіс лічыць, што не варта звяртаць увагі на любыя дзеянні Крамля, якія звязаныя са спробай перагледзець законнасць прызнання незалежнасці Балтыйскіх дзяржаў, піша ZN.ua. Паводле яго слоў, Літва ў такія дыскусіі ўвязвацца не павiнна.

Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што РФ тым самым зноў спрабуе «справакаваць на нейкія спрэчкі». «Чаму цяпер? Таму, што ім няма чаго рабіць — альбо ў іх нейкі план. Яны заўсёды правяраюць нашу ўразлівасць або сталасць. Калі нам не хапае сталасці, мы пачынаем турбавацца, даказваць, што мы маем рацыю, і яны ўжо атрымліваюць плюс, а гэта пытанне спрэчнае», — кажа Ландсбергіс.

Экс-старшыня Сейма Літвы сказаў, што літоўскія палітыкі таксама маглі б звярнуцца ў пракуратуру з мэтай атрымаць адказ «аб законнасці Расіі». «Таму што Расія, хутчэй за ўсё, незаконная — яна зрынула цара, забіла яго з дзецьмі, і яна што, легітымная дзяржава?» — запытаўся Ландсбергіс.

Нагадаем, 16 чэрвеня дэпутаты Дзярждумы ад партыі «Адзіная Расія» звярнуліся да генеральнага пракурора РФ Юрыя Чайцы з просьбай даць прававую ацэнку стварэнню і дзейнасці дзяржаўнага савета СССР. Па сцвярджэнні дэпутатаў, гэты орган быў створаны незаконна і прыняў шэраг рашэнняў, «якія нанеслі велічэзную шкоду суверэнітэту, дзяржбяспецы і абараназдольнасці краіны».

Сярод такіх рашэнняў дэпутаты паказваюць на прызнанне незалежнасці Літвы, Латвіі і Эстоніі. Аднак гэта не адзіная спроба Расіі перагледзець законнасць прынятых рашэнняў у часы СССР. Прычым пытанне аб законнасці стварэння самага СССР у РФ не разглядаюць.

27 чэрвеня Генпракуратура Расіі заявіла аб неправамернай перадачы Украіне Крыма ў 1954 годзе. У адказе Генпракуратуры Расіі на запыт лідэра «Справядлівай Расіі» Сяргея Міронава гаворыцца, што рашэнне прэзідыумаў Вярхоўных саветаў РСФСР і СССР аб перадачы Крымскай вобласці Украінскай ССР ў 1954 годзе не адпавядала асноўнаму закону (Канстытуцыі) СССР.

Каментаваць