Vivе la парася!

На працягу стагоддзяў сімвалам французскай нацыі быў певень. На думку сучасных нацыяналістаў, сёння сімвалам краіны павінна стаць свіння.



На працягу стагоддзяў сімвалам французскай нацыі быў певень. На думку сучасных нацыяналістаў, сёння сімвалам краіны павінна стаць свіння.

18 чэрвеня ў цэнтры Парыжа сабралася прыкладна 600–700 чалавек. Усе яны дружна елі традыцыйную французскую страву — суп са свініны (soupe au cochon) і ахвотна прапаноўвалі мінакам далучыцца да трапезы. Дэгустацыя супу мела, па словах арганізатараў пікніку, надзвычайны палітычны падтэкст. Свіння, а дакладней, стравы са свініны, на думку правых радыкалаў (яны арганізавалі акцыю), — бастыён французскай ідэнтычнасці ў барацьбе супраць пагрозы культурнай асіміляцыі з боку мусульман. Як вядома, у ісламе і ў іудаізме вернікам забаронена ўжываць свініну.

Незвычайная ініцыятыва публічна есці свініну ў палітычных мэтах нарадзілася яшчэ год таму. Каля парыжскага Усходняга вакзалу адкрылася закусачная, у якой усе стравы гатаваліся са свініны. Гэта было вельмі правакацыйным, паколькі Усходні вакзал знаходзіцца па суседству з арабскім кварталам. Яго жыхары хутка звярнуліся ў гарадскі суд са скаргай, і свіное бістро зачынілі па прычыне дыскрымінацыйнага характару (пазней гэты вердыкт падтрымаў Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу).

Аднак, як бачым, судовыя забароны свінячыя пратэсты не прыпынілі. Больш таго, апошнім часам спектр кулінарных метадаў абароны нацыянальнай ідэнтычнасці пашырыўся. Тыя, хто жадаюць захаваць нацыянальныя каштоўнасці, не толькі ядуць як мага больш свініны, аднак пры кожнай магчымасці напіваюцца (як вядома, алкаголь таксама забаронены ў ісламе).

Праз сацыяльныя сеткі правыя радыкалы заклікаюць ахвочых выпіць у кампаніі ў гонар нацыі. Гэта называюць Oporto Facebbok. Аматараў падобных вечарынак хапае. Рэкорд быў пастаўлены ўвесну ў Марселі, дзе выпіць прыйшло больш за дзве тысячы чалавек. Такія застольныя пася­дзелкі часта заканчваюцца вельмі кепска: у Нанце нехта не надта цвярозы ўмудрыўся ўпасці з мосту і памерці. У другі раз у тым жа Нанце нацыяналісты, дапіўшыся да адпаведнай кандыцыі, папросту пачалі біць адзін аднаму твары. У выніку пяць чалавек трапілі ў шпіталь. Аднак такія пабочныя эфекты патрыётаў не спыняюць.

За ўсімі гэтымі, на першы погляд, смешнымі перформансамі стаяць сур’ёзныя рэчы. Палітолагі кажуць пра ідэйную мадэрнізацыю партый правага спектру, пра з’яўленне ў краіне арганізаванага руху за свецкі характар дзяржаўнага ладу, за якім часта хаваецца банальны расізм.

Апісаную акцыю ў цэнтры Парыжа правяла кааліцыя «Блок за ідэнтычнасць», якая аб’ядноўвае прыкладна два дзесятка палітычных і інфармацыйных праектаў радыкальнага правага кшталту. Блок абараняе тэзіс пра тое, што піць і есці трэба выключна сваё. Спажыванне страў нацыянальнай кухні, як лічаць тэарэтыкі арганізацыі, таксама з’яўляецца добрым сродкам для палітычнага пратэсту.

Калі прасачыць за біяграфіяй лідэраў «Блоку за ідэнтычнасць», аказваецца, што ўсе яны выйшлі з групоўкі Радыкальны саюз (правая экстрэмісцкая арганізацыя, сябра якой у ліпні 2004 года спрабаваў застрэліць Жака Шырака). Сёння пра былыя антысеміцкія забабоны актывісты блоку намагаюцца не згадваць. У канфлікце на Блізкім Усходзе яны, наадварот, сімпатызуюць Ізраілю. Няма ў іх больш і заклікаў супраць рэспубліканскага ладу, які, як яны лічылі раней, не здольны супрацьстаяць паступовай ісламізацыі. Наадварот, яны нагамі і рукамі за кансервацыю спадчыны Вялікай французскай рэвалюцыі. Перш за ўсё, яны жадаюць захаваць свецкасць дзяржавы.

Парадаксальна, аднак за антыісламскімі акцыямі стаяць таксама і левыя актывісты, якім яшчэ Карл Маркс загадаў быць інтэрнацыяналістамі. Як лічаць лідэры груповак, якія таксама заклікаюць спажываць алкаголь і есці свіныя сасіскі, на гэтым этапе барацьбы за сацыялізм, першапачатковая задача — адстаяць свецкі характар дзяржаўнага ладу. Галоўным пастаўшчыком кадраў з лагеру левых у рух аматараў свініны з’яўляюцца трацкісцкія секты.

Змагацца за свецкасць таксама імкнецца вядучая правая партыя Нацыянальны фронт. Праўда, не ўся, а выключна група вакол Марыны Ле Пэн. Марына, якая, як прагназуюць, зменіць бацьку ў крэсле старшыні, заўзята змагаецца за свецкасць. У гэтым плане яе галоўны праціўнік Бруна Гальніш — другі кандыдат на пасаду лідэра партыі — больш схільны да таго, каб партыя і далей трымалася правай традыцыі, якая будуецца на антысемітызме, антыкамунізме і кансерватыўным каталіцызме. Вайна паміж Марынай і Бруна вельмі вострая. Нядаўнюю спробу Бруна надрукаваць у ліёнскай партыйнай газеце вытрымкі з Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў Марына назвала «жахлівай». Зразумела, што Марына намагаецца стварыць партыі новы імідж, які б пашырыў кола яе выбаршчыкаў, перш за ўсё сярод далёкай ад рэлігіі моладзі.

Ці здолее Нацыянальны фронт скінуць з сябе путы мінулага? Па сутнасці, гэта другая спроба ідэйнага абнаўлення. Першую спрабавалі правесці ў 1970-я гады правыя інтэлектуалы з гуртка «Новыя правыя». Яны прапанавалі забыць пра рэжым Вішы, старыя-добрыя часы манархіі і страту калоній і разглядаць перспектыву правага руху у рамках агульнаеўрапейскага праекту. Аднак у выніку перамаглі артадоксы і клерыкалы.

Парасячыя пратэсты, між тым, у краіне працягваюцца. У партыйным календары Нацыянальнага фронту на лета амаль штоты­дзень плануецца калектыўнае паяданне свініны і распіванне віна ў розных гарадах Францыі. Чым гэта закончыцца, пакуль цяжка прагназаваць, аднак некаторыя асацыяцыі пры назіранні за гэтай кампаніяй узнікаюць. Рэвалюцыі 1848 года папярэднічалі так званыя банкетныя пратэсты, калі рэспубліканцы праводзілі свае сходы за накрытым сталом і агітавалі за рэспубліканскі лад у фармаце тостаў.
 

Каментаваць