Вялікабрытанія выходзіць з ЕС

У брытанскім парламенце ідуць дэбаты аб тэрмінах правядзення рэферэндуму пра выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза. Пакуль канкрэтная дата плебісцыту не вызначаная.



Плануецца, што брытанцаў запросяць на выбарчыя ўчасткі да канца 2017 года. «Прыйшоў час даць брытанскаму народу выказаць сваю волю наконт Еўрапейскага саюза. Гэта будзе добра як для жыхароў Вялікабрытаніі, так і для ўсяго Еўрапейскага саюза», — пафасна сказаў прэм’ер Дэвід Кэмеран у парламенце напрыканцы студзеня.

На першы погляд, нічога дзіўнага не адбылося. З таго самага дня, калі Вялікабрытанія падключылася да еўрапейскай інтэграцыі, у партыі кансерватараў дзейнічае моцная фракцыя еўраскептыкаў. У кастрычніку 2011 года яны нават дабіліся таго, каб пытанне пра рэферэндум вынеслі на галасаванне ў парламент, аднак там яго агульнымі намаганнямі правалілі.

Такія спробы кансерватары робяць час ад часу. Не так даўно антыеўрапейскі пасаж дазволіў сабе міністр эканомікі Джон Озбарн. Паводле яго словаў, Вялікабрытанія занадта шмат дае ў бюджэт ЕС, хаця пры гэтым яе інтарэсы як краіны па-за межамі зоны ЕС нікога ў Брусэлі не цікавяць. Ён таксама агучыў прапанову пра выхад з ЕС.

Акрамя таго, рэферэндум адбудзецца выключна ў тым выпадку, калі кансерватары застануцца пры ўладзе пасля парламенцкіх выбараў 2015 года. Адна з самых вялікіх інтрыг гэтых выбараў заключаецца ў тым, ці зможа Партыя незалежнасці Аб’яднанага Каралеўства (UKIP) забраць у торы частку іх электарату. Таму заяву Кэмерана пра рэферэндум можна разглядаць як гульню на перахоп.

Тым больш, тэма адносін ЕС і Вялікабрытаніі стала вельмі гарачай пасля таго, як 1 студзеня права свабодна ўладкоўвацца на працу на тэрыторыі ЕС атрымалі балгары і румыны, што выклікала выбух ксенафобскіх і антыеўрапеускіх настрояў.

Вядома, што 95 дэпутатаў кансерватыўнай партыі арганізавалі малы бунт: напісалі супольны ліст на адрас кіраўніка ўраду, у якім патрабавалі, каб кожная дырэктыва ЕС аўтаматычна блакіравалася як «варожая нацыянальным інтарэсам». Каб любыя ініцыятывы ЕС змаглі стаць законам на тэрыторыі Брытаніі выключна пасля галасавання ў парламенце. Пасля гэтага Дэвід Кэмеран проста павінен быў пачаць дэбаты наконт рэферэндуму.

Праўда, не вельмі зразумела, як Кэмеран правядзе пастанову пра рэферэндум праз парламент без згоды партнёраў па кааліцыі. На цяперашні дзень урад з кансерватарамі фармуюць лібералы. Хутчэй за ўсё, такая формула захаваецца і пасля 2015 года. Нік Клег, лідар лібералаў, які мае партфель віцэ-прэм’ера, між тым заявіў, што тэкст пра рэферэндум быў напісаны па-за межамі офіса ўраду. Гэта ініцыятыва выключна кансерватараў.

Дэвід Кэмеран

Аднак ёсць прыкметы таго, што на гэты раз торы вырашылі не на жарт дабівацца выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюзу. Інакш бы сябры Палаты лордаў не пачалі адразу ж абмяркоўваць магчымую дату, на якую можна прызначыць той рэферэндум. Шмат выданняў цытуюць лорда Добса: «Еўропа — гэта чума. Яна атруціла нашу палітычную сістэму. Яна захапіла большую частку нашага палітычнага дыялогу. Нарэшце мы павінны вызваліцца ад яе».

Прычым антыеўрапейскі пасажы характэрныя і лордам-лейбарыстам. Як высвятляецца, яны цалкам не адкідваюць ідэю падобнага рэферэндуму. Відавочна, што левая апазіцыя вымушана лічыцца з масавымі настроямі.

Паводле апытанняў часопісу «Observer», калі б рэферэндум адбыўся зараз, 52 працэнтаў брытанцаў дакладна выказаліся б за выхад краіны з ЕС. Супраць галасавалі б толькі 34 працэнты. Астатнія да гэта пытання абыякавыя.

Праўда, пасля таго, як мінэканомікі заявіла, што выхад з ЕС можа негатыўна адбіцца на інвестыцыйным іміджы краіны, урад змяніў тон. З’явілася новая заява пра тое, што брытанскі ўрад правядзе рэферэндум выключна ў выпадку, калі ЕС не пагодзіцца на рэформу сваіх структур. Паводле прэс-службы ўраду, у бліжэйшы час усе 26 урадаў краін-сябраў ЕС атрымаюць прапановы Лондана наконт рэформы. Калі большасць з іх адмовяцца разглядаць праект, Кэмеран запусціць працэдуру падрыхтоўкі да плебісцыту.

Паводле словаў брытанскіх чыноўнікаў, перагляд цяперашняй структуры Еўрасаюза — вырашаная справа. Пры гэтым яны падзяліліся сакрэтная інфармацый: Меркель і Аланд пачалі таемныя кансультацыі наконт новай формулы адміністрацыі ЕС і статуту еўразоны. У чэрвені на саміце лідараў ЕС чарнавік рэформы будзе прадстаўлены на суд аўдыторыі. Паводле Лондану, падчас перамоваў паміж Берлінам і Парыжам уздымаецца пытанне аб неабходнасці паправак у тэкст так званай Лісабонскай канстытуцыі ЕС.

Сыходзячы з гэтага, прэса мяркуе, што канчатковага выхаду Вялікабрытаніі з ЕС не будзе. Проста краіна будзе намагацца ажыццявіць тую мадэль, якую ў 1975 годзе прапанаваў лейбарыст Гаральд Вільсан — асацыятыўнае сяброўства ў ЕС. У такім выпадку працоўнае заканадаўства Вялікабрытаніі дазволіць рэпатрыяцыі нелегальных рабочых, у тым ліку грамадзян ЕС.

Тым не менш, на думку большасці аглядальнікаў, Вялікабрытанія так ці інакш будзе вымушана зрабіць нейкі антыеўрапейскі жэст. Занадта шмат шараговых грамадзян Альбіёну думаюць, што прычына эканамічнага крызісу — неэфектыўная і непразрыстая брусэльская бюракратыя. Як будзе выглядаць той жэст, праўда, не вядома. Самае цікавае, што прыкладна праз тыдзень пасля пачатку дэбатаў аб рэферэндуме стала вядома, што эканоміка Вялікабрытаніі пайшла на папраўку. У гэтым плане не выключана, што стрэлачнік (ролю якога гуляў Еўрасаюз) будзе не патрэбны, і ЕС зможа захаваць сваё адзінства.

Каментаваць