«Вялікая кааліцыя» назаўжды?

Пасля выбараў у Саары мала хто верыць, што левая кааліцыя можа прыйсці да ўлады. Усе апытанні сведчаць пра дэфіцыт дэпутацкіх мандатаў пад такі праект — не кажучы пра нарастаючую канфрантацыю паміж патэнцыйнымі ўдзельнікамі блоку. Дэталі распавядае дарадчык фракцыі партыі «Левыя» ў нямецкім парламенце Сяргей Кірчук.

Фота www.brookings.edu

— Яшчэ ўчора ўсе казалі, што прыход да ўлады ў ФРГ кааліцыі левых сілаў (сацыял-дэмакраты, «Левыя», «Зялёныя») амаль непазбежны. І пасля гэтага левыя атрымалі халодны душ — на выбарах у Саары кансерватары святкавалі пераканаўчую перамогу. Тут жа запаволіўся і рост папулярнасці эсдэкаў, які не спыняўся амаль са снежня мінулага года. Ці кааліцыя левых усё ж магчымая?

— Пасля выбараў у Саары мала хто верыць, што левая кааліцыя можа прыйсці да ўлады. Усе апытанні сведчаць пра дэфіцыт дэпутацкіх мандатаў пад такі праект — не кажучы пра нарастаючую канфрантацыю паміж патэнцыйнымі ўдзельнікамі блоку. Усё паслядоўна ідзе да таго, што ўвосень кіраваць краінай зноў будзе так званая «вялікая кааліцыя» — эсдэкі і хадэкі. Аднак гэта не азначае, што выбарчая інтрыга цалкам знікла. Лідар партыі, якая атрымае большасць, стане канцлерам. Адсюль — жорсткая барацьба паміж прыхільнікамі сацыяліста Марціна Шульца і хрысціянскай дэмакраткі Ангелы Меркель. Абедзве партыі зараз маюць прыкладна па 32–33 працэнты падтрымкі.

— Нягледзячы на тое, што варыянт левай кааліцыі зараз больш фантомны, чым раней, ён застаецца. Пры такім раскладзе партыя «Левыя» можа ўсур’ёз прэтэндаваць на тое, каб узначаліць знешнепалітычны дэпартамент Германіі. Аднак цяжка ўявіць, што Сара Вагенкнехт — кандыдатка ад «Левых», якая патрабуе роспуску блоку NАТО, можа ўзначаліць нямецкі МЗС…

— Думаю, што большасць аднапартыйцаў Сары Вагенкнехт таксама не верыць у такі сцэнар. Калі левая кааліцыя сапраўды адбудзецца, радыкалаў кшталту Сары будуць намагацца не дапусціць на першыя ролі ва ўрадзе. Магчыма, «Левыя» і атрымаюць пасаду кіраўніка МЗС, аднак гэтым кіраўніком, хутчэй за ўсё, будзе вельмі ўмераны па поглядах палітык, накшталт Грэгара Гізі. У сувязі з гэтым шмат партыйцаў увогуле прынцыпова супраць удзелу ў федэральным урадзе. Бо ўплыў партыі на курс кабінету будзе вельмі абмежаваны, а вось яе дыскрэдытацыя амаль непазбежная.

— Нават калі партыя Шульца не пераможа, дуэль на роўных з Меркель — сапраўдны прарыў для сацыял-дэмакратаў. Амаль дзесяцігоддзе яны адставалі ад кансерватараў амаль на 10–15 працэнтаў. За кошт чаго сацыял-дэмакратам удалося радыкальна скараціць дыстанцыю?

— Ім, безумоўна, трэба быць удзячнымі асаблівым якасцям і біяграфіі Марціна Шульца. Як вядома, у свой час цяперашні кандыдат ад эсдэкаў быў алкаголікам. Шмат хто з простых немцаў робіць на сябе праекцыю гісторыі Шульца, які «завязаў» і зрабіў такую бліскучую палітычную кар’еру. Маўляў, я таксама магу вось так — заўтра кіну кепскія звычкі і мабілізуюся. Акрамя таго, каб дамагчыся перамогі, Шульц гатовы вельмі шмат абяцаць, асабліва ў сацыяльнай сферы.

Хапае прыхільнікаў Шульца і ў асяроддзі эліты. Істэблішмент паступова канстатуе, што Германія, так ці інакш, — частка Еўрасаюза, у кулуарах якога ўсё і вырашаецца. Лічыцца, што Шульц, як былы спікер Еўрапарламента, лепш ведае еўрапейскую «кухню» і, адпаведна, больш патрэбны для краіны, чым Ангела Меркель.

— Акрамя стабілізацыі рэйтынгу эсдэкаў назіраецца скарачэнне сімпатый да правых папулістаў з партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якая спекулявала на пытанні мігрантаў. За месяц AfD страціла амаль 6 працэнтаў. Няўжо гэтая праблема адышла на другі план?

— Цяпер усё больш каментатараў згадваюць словы Меркель, якія яна сказала ў час, калі навала мігрантаў дасягнула піку: «Мы гэта пераадолеем». Тады лічылася, што гэта проста дэмагогія, аднак сёння зразумела: Меркель мела рацыю. Германія нейкім, дасюль незразумелым чынам, «пераварыла» каля мільёна мігрантаў. Іх прысутнасць у побыце практычна не адчуваецца. Агульны градус злачыннасці — невысокі. Не спраўдзіліся і жудасныя прагнозы праварадыкалаў пра тое, што міграцыя пагоршыць стан працоўнага рынку. Наадварот, сёння ў тым жа Берліне ўпершыню за працяглы час можна дастаткова лёгка знайсці працу. Нарэшце, унутры самой AfD ажывілася бескампрамісная вайна паміж рознымі фракцыямі. Усё гэта раздражняе выбаршчыка правых папулістаў. Паступова некаторыя вяртаюцца ў лагер партый, за якія галасавалі раней.

Ці можна казаць, што Германія пераадолела палітычны крызіс, маркерамі якога быў поспех правых папулістаў і шэраг правалаў хрысціянскіх дэмакратаў на мясцовых выбарах? Як следства, увосень мы пабачым Германію, якой яна была да крызісу з мігрантамі — заможнай і палітычна стабільнай краінай, лідарам ЕС?

— Пакуль я б не спяшаўся з такімі высновамі. Шмат што будзе залежаць ад вясновых выбараў у Францыі. Не выключана, што на ход кампаніі паўплывае і глабальная сітуацыя, напрыклад, канфлікт у Сірыі. Таксама нельга забывацца пра тое, што AfD, хаця шмат і страціла, аднак дасюль прэтэндуе на праход у Бундэстаг. Экстрэмісты ў парламенце будуць уплываць на агульнапалітычны фон, мець выхады на дзяржаўнае фінансаванне і падтрымліваць адчуванне нестабільнасці.



Каментаваць