Вярніце ядзерную зброю

Ва Украіне ўсё часцей кажуць пра неабходнасць адмовы ад без’ядзернага статусу. Наколькі вялікія шансы ў Кіева папоўніць свой арсенал ядзернай зброяй? Каментуе кіеўскі палітолаг Алесь Шаўчэнка.

 



Спадчына прэзідэнта Леаніда Краўчука заўсёды ўспрымалася ўкраінцамі не вельмі адназначна. За што менш за ўсё крытыкавалі першага ўкраінскага гаранта, дык гэта за Будапешцкі мемарандум. Хіба толькі маленькая купка радыкальных нацыяналістаў не давала праходу Леаніду Макаравічу за тое, што аддаў ядзерную зброю ў абмен на гарантыю ўкраінскага суверэнітэту і цэласнасці з боку Масквы, Лондана і Вашынгтона.

Доўгі час гэты дакумент лічыўся адным з дасягненняў маладой украінскай дыпламатыі. Пакуль увесну ў Крыме не з’явіліся «зялёныя чалавечкі».

У той жа момант усім стала зразумела, што Будапешцкі мемарандум — гэта паперка, з якой можна хіба што схадзіць у вядомае месца. Ні Лондан, ні Вашынгтон наўпрост ваяваць за тэрытарыяльнае адзінства Украіны не збіраюцца.

Нядзіўна, што ў такой сітуацыі ідэя вяртання ў краіну ядзернай зброі перастала быць прадметам маргінальнай палітычнай дыскусіі. Цяпер сімпатызантаў ядзернай вайсковай праграмы можна сустрэць не толькі на мітынгах радыкалаў. Палітычнае поле з-за вайны так моцна рушыла ў правы бок, што за ядзерную зброю выступаюць чыноўнікі самага высокага рангу, уключаючы міністра абароны.

Лічыцца, што наяўнасць ядзернай зброі дапаможа вельмі хутка паставіць Расію на месца. «Адновім ядзерны статус — і з Расіяй будзем зусім па-іншаму мець зносіны. Украіна валодае ўсімі неабходнымі тэхналогіямі для аднаўлення ядзернай зброі — на гэтыя мэты патрэбна 3–6 месяцаў», — кажа адзін з дэпутатаў ад аб’яднання «Свабода».

Аднак 3–6 месяцаў — гэта, аказваецца, вельмі доўгі тэрмін. Кіеўскі канал ТНТ сцвярджае, што ва Украіне ўжо ёсць ядзерная зброя. Трэба проста добра пакапацца на складах. «Падчас раззбраення з Украіны павінна было быць выведзена 1272 ядзерных боегаловак. Адна з іх знікла. Таемна перапрадаць яе іншым дзяржавам было немагчыма, паколькі гаворка ідзе пра ядзерны боепрыпас у 550 кілатон. Для параўнання, у бомбе, скінутай на Хірасіму, было ўсяго 12», — піша сайт ТНТ. І гэта не ўсё. Калі верыць супрацоўнікам каналу: «Акрамя таго, на тэрыторыі дзяржавы згубіліся два цяжкіх стратэгічных ядзерных бамбавіка. Ядзерныя ракеты УР–100Н УТТХ афіцыйна былі ліквідаваныя, а праз гады аказалася, што ў засеках краіны іх яшчэ недзе 31 адзінка».

Тэма хуткага ўзбраення Украіны знайшла сабе кліенцкую базу. На патрыятычных сайтах ужо падлічваюць наступствы атамнай бамбардзіроўкі Масквы. «Тэарэтычна, ядзернага арсеналу, які выпадкова згубіўся ва Украіне, магло б хапіць на дзясятак прэвентыўных удараў, якія б супакоілі нораў агрэсара», — разважае адзін з блогераў.

Нягледзячы на тое, што паведамленні нагадваюць фантастыку, украінская ядзерная пагроза ўспрымаецца ў Маскве вельмі сур’ёзна. Польская прэса цытуе прадстаўніка камісіі абароны ў Расійскай дзярждуме, які заклікае вельмі ўважліва паставіцца да заяваў таго ж міністра абароны Украіны.

Расійскія вучоныя кажуць, што аднавіць ва Украіне ядзерны праект сапраўды рэальна. Размешчанае ў Днепрапятроўску КБ «Южное» было адным з важных элементаў савецкай ракетнай праграмы. Уранавая рэсурсная база ёсць на Жоўтых Водах. Там жа ўжо з 1950-х гадоў існуюць прадпрыемствы па першаснай перапрацоўцы ўранавай руды. У выпадку прыняцця палітычнага рашэння аб стварэнні ўкраінскай ядзернай зброі, прамысловы комплекс досыць хутка можа быць накіраваны на ўзбагачэнне ўрану да зброевага ўзроўню. Як кажуць спецыялісты, на такой базе можна зрабіць так званую «брудную бомбу». Дарэчы, гарадскі сайт гораду Славуціч (цэнтр украінскіх атамшчыкаў) ужо парадаваў чуткамі пра тое, што менавіта пад Чарнобылем будзе размешчаны навуковы цэнтр па стварэнні ўкраінскай атамнай бомбы.

Адзіная тэхналагічная замінка, магчыма, будзе звязаная непасрэдна з вырабам саміх бомбаў: гэта асобны і вельмі складаны працэс. Вытворчымі пляцоўкамі закрытага тыпу Украіна не валодала нават у часы СССР. Зборка «пад ключ» праходзіла на тэрыторыі Расіі, і развагі аб магчымасці аднаўлення такой вытворчасці на тэрыторыі сучаснай Украіны — чыстая тэорыя.

Акрамя таго, у ўкраінскага атамнага праекта ёсць як мінімум яшчэ два слабых месцы. Натуральна, узнікае праблема грошай. Варта сказаць, што Леанід Краўчук у свой час адмовіўся ад ядзернай зброі пасля таго, як пабачыў разлікі — колькі будзе каштаваць утрыманне атамнага комплексу. Па ўкраінскіх ацэнках, аднавіць вытворчы цыкл здабычы ўрану магчыма за два-тры гады са штогадовымі выдаткамі ад 300 да 500 мільёнаў долараў. Сума вельмі салідная для краіны, дзе ВУП за паўгады прасеў амаль на 10 працэнтаў і якой вядучыя агенцтвы паставілі дыягназ «стан перад дэфолтам».

Стварэнне «бруднай бомбы» абыдзецца куды танней — усяго ў адзін мільён долараў, і зойме 1,5–2 месяцы часу, аднак гэта дакладна перапужае ўвесь цывілізаваны свет.

Стаўленне цывілізавана свету да ўкраінскай бомбы — гэта другая праблема. Пасля таго, як ва ўкраінскім парламенце быў зарэгістраваны законапраект пра выхад Украіны з Дамовы пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі (яго аўтарамі выступілі дэпутаты ад партый "Батькивщина" і "УДАР"), генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун негатыўна адрэагаваў на гэтую навіну.

Дэбаты вакол украінскай вайсковай ядзернай праграмы спецыяльна для НЧ пракаментаваў кіеўскі палітолаг Алесь Шаўчэнка:

Пакуль у тое, што Украіна насамрэч збіраецца ствараць ядзерную зброю верыцца слаба. У бюджэце дзірка. Велізарная дзірка. Спытайцеся ў гугла, колькі рэсурсаў жарэ ядзерная праграма нават хоць бы Пакістану. Па-другое, хто ў свеце дапусціць стварэнне ядзернай дзяржавы ў няўстойлівым рэгіёне? Асабліва калі ёсць рычагі, каб гэтага не дапусціць? Уявіце: ядзерная зброя трапляе ў рукі неадэквата... Ці кагосьці, хто за грошы гатовы стаць наваросам...

Да таго ж яшчэ з вясны на ўсіх украінскіх АЭС прысутнічае каманда еўрапейскіх экспертаў па праблемах бяспекі. Калі будзе зроблены хоць адзін рэальны крок у гэты бок, тады можна чакаць серыі загадкавых забойстваў лабістаў бомбы, што пасля спішуць на Пуціна. Таму атамная бомба — гэта пакуль хутчэй кампенсацыйны прыём для тых, хто вельмі моцна перажывае за страту Крыму, ну і, натуральна, палітычны піяр.

Каментаваць