Вярніце рускім мангола-татарскае нашэсце

Нагадаем, нядаўна Савет Расійскага гістарычнага таварыства канчаткова ўхваліў канцэпцыю адзінага падручніка гісторыі. Аднак не ўсё расіяне пагадзіліся з рашэннем гісторыкаў — прыбраць з падручнікаў тэрмін «мангола-татарскае нашэсце».



Расійскае гістарычнае таварыства прэзентавала адзіны падручнік па гісторыі для школ, які яшчэ называюць "стандарт". Адна з галоўных фішак падручніка — адсутнасць на яго старонках тэрміна "мангола-татарскае нашэсце". Гэты перыяд у гісторыі цяпер вырашылі назваць “сістэма залежнасці рускіх земляў ад ардынскіх ханаў”.

Галоўная прычына рэформы — клопат аб міжнацыянальным міры. "Інакш атрымліваецца, што цяперашнія татары асацыююцца з тымі татарамі, якія палілі, забівалі і гвалтавалі на працягу некалькіх стагоддзяў. А гэта няправільна. Цяпер для нас татары — гэта частка Расіі, другі па колькасці народ у краіне. І нам трэба думаць не толькі пра тое, што напісана ў падручніку, але і пра тое, як мы выбудоўваем адносіны ўнутры краіны паміж рознымі народамі. І мне здаецца, няма ніякай неабходнасці называць залежнасць рускіх зямель менавіта мангола-татарскім нашэсцем, што вынікае з савецкай тэрміналогіі», — лічыць гісторык Сяргей Маркаў, адзін з ініцыятараў паправак.

Маркаву адразу знайшліся апаненты. Перш за ўсё, гэта рускія нацыяналісты, якія  факусуюць увагу на тым, што папраўкі наконт “мангола-татарскага нашэсця” былі зробленыя непасрэдна пасля выказванняў Рафаэля Хакімава, віцэ-прэзідэнта акадэміі навук Татарстану. Дарэчы, дзякуючы татарам з падручнікаў знікла папярэдняя ўстаноўка аб тым, што "гісторыя праваслаўя павінна пранізваць увесь змест падручніка". На думку вучоных з Казані, выкладчыкам гісторыі час адмовіцца ад еўрацэнтрысцкага падыходу да дысцыпліны, паколькі "Расія — еўразійская дзяржава".

Некаторыя нацыяналісты пабачылі тут увогуле прыкметы татарскай канспіралогіі. "Якія імперскія амбіцыі можа мець анклаў, акружаны з усіх бакоў тэрыторыяй РФ і які ўваходзіць у склад і РФ — мяркуйце самі. Цалкам відавочна, што "татарскія гісторыкі " і іх заступнікі не разглядаюць дзяржаву Расійская Федэрацыя як пастаянную з'яву і рыхтуюць плацдарм на выпадак спынення яе існавання".

Сістэма доказаў у прадстаўнікоў лагера нацыяналістаў будуецца на самай прымітыўнай ксенафобіі. Напрыклад, слова "татарын" выводзіцца з стараславянскага слова "тать”, што значыць злодзей. Нехта Герман Якушэўскі разважае: "Ім, лібералам, цяжка зразумець, што ў рускіх слова "татарын" азначае не канкрэтную нацыянальнасць, а нежаданага госця, чужога, хто прыйшоў не з дабром. Вінаватыя ў гэтым самі "татары", бо не прышчапілася жа ў народзе гаворка “нежаданы госць горш за башкіра" ці "горш за мардвіна", “горш за мангола", ці за Чынгіз-хана, лівонца або шведа. Між тым, пад Чынгіз-ханам знаходзіліся дзясяткі народнасцей, перш за ўсё Паволжа, суседзі цяперашніх татараў. Але ж укаранілася менавіта “горш за татарына”.

Праблему таго, што тэрмін “мангола-татарскае нашэсце” рэжа слых цяперашнім татарам, нацыяналістамі вырашаецца вельмі проста: татары павінны адмовіцца ад саманазвы “татары". “Паволжскія татары як народ павінны разглядацца як ахвяры Залатой Арды — перад намі этнас волжскіх булгар, якія, як і рускія княства, падпалі жорсткаму нашэсцю, але да таго ж яшчэ і пазбаўлены свайго гістарычнага імя. Аднак гісторыкі Татарстана глядзяць на гэтую гісторыю імперскімі вачыма", — даводзіць адзін з нацыяналістычных сайтаў.

Найбольш гучна супраць "стандарту" пратэстуюць зюганаўцы. У некаторым сэнсе гэта нонсэнс, паколькі менавіта ў часы Леніна пачалася сістэмная рэвізія старой царскай гістарыяграфіі, у якой якраз і прысутнічаў тэрмін “мангола-татарскае нашэсце”. Міхаіл Пакроўскі, бадай, самы раскручаны афіцыйны гісторык пачатку 1920-х, напрыклад, сумняваўся ў «меркаванні, быццам татарскае нашэсце было разгромам культурнай краіны дзікімі качэўнікамі». «Аб'яднанне Русі вакол Масквы, — пісаў ён у адной са сваіх прац, — было на добрую палову “татарскай справай», са спасылкай на тое, што маскоўскія князі ахвотна супрацоўнічалі з Ардой. Менавіта самая непрыстойная калабарацыя з захопнікамі дапамагла Маскве стаць галоўным цэнтрам Русі. Абапіраючыся на татараў, яна дабілася, каб усе фінансавыя патокі ў Арду ішлі праз маскоўскія рукі, прычым частка гэтых грошай, безумоўна, да татар не даходзіла, за кошт чаго і ўзнік першапачатковы капітал. Затым ужо ідзе хрэстаматыйная гісторыя: Масква набрала сілу, каб, выбраўшы ўдалы гістарычны момант, скінуць з сябе ненавіснае ярмо”.

Праўда, пазней, у часы Сталіна тэрмін “мангола-татарскае нашэсце” вярнуўся ў афіцыйную гісторыю. На яго і абапіраюцца цяперашнія камуністы, калі крытыкуюць "стандарт". Сайт расійскай кампартыі піша: "На нашых вачах русафобскія і антысавецкія сілы спрабуюць разбурыць сувязь часоў і рускую савецкую цывілізацыю, пазбавіць нас сутнасных асноў гістарычнай ідэнтычнасці. Татарскае акупацыя мела для рускага народа адмоўны і рэгрэсіўны характар. Яна спрыяла росту феадальнага прыгнёту і затрымлівала эканамічнае і культурнае развіццё краіны".

Як і трэба было чакаць, камуністы пабачылі ў працы камісіі замову нейкіх замежны цэнтраў. "Усё гэта (новы падручнік) робіцца менавіта для таго, каб пазбавіць наш народ волі да нацыянальна-вызваленчай барацьбы, непарыўна звязанай у Расіі з барацьбой класавай — за сацыялістычнае грамадства... каб рускія па культуры людзі пачалі думаць, што не было ў нас старажытнай квітнеючай дзяржавы, не было вялікай старажытнарускай культуры, не было вялікага супраціву захопнікам, нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць мангола-татарскага нашэсця! Аднак сёння ад дзяржаваўтвараючага рускага народа патрабуюць забыцца на саміх сябе і на подзвігі продкаў, каб мы сталі яшчэ слабей і не маглі ставіць пад сумнеў тое, што нашы багацці належаць іншаземцам. Падобна на тое, што для нас зноў надыходзіць час, калі ўсім патрыётам Айчыны давядзецца абараняць Кулікова поле", — рэзюмуе кампартыя.

Калі ўжо гаворка пра ідэйную замову, то некаторыя палітолагі схільныя казаць пра тое, што канцэпцыю падручніка прыдумалі не ў Вашынгтоне, а ў Крамлі. Па сутнасці, яна навязвае расіянам ідэю таго, што стабільнасць — лепшая перспектыва за рэвалюцыі, што кладзецца ў логіку пуцінскай прапаганды. Прычым прапагандыстам Пуціна не падабаецца любы рэвалюцыйны пафас — ад нацыянал-вызваленчага да бальшавіцкага. Адзін з аўтараў “стандарту” гэтага нават не хавае: «Сучасныя падручнікі гісторыі знаходзяцца шмат у чым пад уплывам савецкай мадэлі, якая тлумачыла кансерватызм як негатыўную з'яву, а рэвалюцыю, імкненне да злому існуючага парадку як пазітыўную. Таму збольшага ў гэтым падручніку гісторыі нам удалося пазбавіцца ад гэтай гіпертрафаванай формы рэвалюцыйнасці".

Напрыканцы варта адзначыць, што моладзь практычна праігнаравала дыскусію вакол “мангола-татарскага нашэсця”. Тое, што маладым гэтая тэма абыякавая, дазваляе казаць, што для іх гэты фрагмент гісторыі не мае ніякага актуальнага гучання. Хаця, магчыма, яны папросту не чыталі падручнік, традыцыйна надаўшы перавагу інтэрнэту.

Каментаваць