Вяртанне ў Канстанцінопаль

У Абхазіі заснавана ініцыятыва за стварэнне Абхазскай праваслаўнай царквы, адначасова незалежнай і ад Масквы, і ад Тбілісі.

Напрыканцы жніўня ў Абхазіі абіралі прэзідэнта. Ім стаў былы віцэ-прэзідэнт Аляксандр Анкваб. Зараз у экспертных колах спрачаюцца, якімі будуць пры Анквабу стасункі Масквы і Сухумі. Большасць лічыць, што абхазцы будуць шукаць нейкія варыянты пазбавіцца статусу сатэліта Масквы.



У Абхазіі заснавана ініцыятыва за стварэнне Абхазскай праваслаўнай царквы, адначасова незалежнай і ад Масквы, і ад Тбілісі.

Напрыканцы жніўня ў Абхазіі абіралі прэзідэнта. Ім стаў былы віцэ-прэзідэнт Аляксандр Анкваб. Зараз у экспертных колах спрачаюцца, якімі будуць пры Анквабу стасункі Масквы і Сухумі. Большасць лічыць, што абхазцы будуць шукаць нейкія варыянты пазбавіцца статусу сатэліта Масквы.

Адначасова адбылася іншая падзея — менш глабальная, аднак вельмі цікавая. Група абхазскіх праваслаўных святароў абвясціла пра стварэнне Святой мітраполіі Абхазіі. Па сутнасці, гутарка пра стварэнне аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якая можа быць падпарадкаванай Канстанцінопальскаму патрыярхату.

Ініцыятыва наконт стварэння мітраполіі стала рэакцыяй на сітуацыю, якая склалася ў жыцці праваслаўнай абхазскай грамады.

Мясцовыя праваслаўныя даўно выказваюць гарачае жаданне ўвайсці пад патранаж Масквы. Здаецца, жаданне цалкам лагічнае з улікам таго, што менавіта РПЦ арганізуе абрад пасвячэння мясцовых клірыкаў у сан і дае абхазскім праваслаўным братам фінансавую і эканамічную дапамогу. Прэса нават піша, што Абхазія стварае аддзяленне РПЦ у Майкопе.

Такая сітуацыя мае акрамя таго гістарычны падмурак. Падчас існавання незалежнай Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі (1918–1921) мясцовыя праваслаўныя царквы былі вымушаны пад ціскам новых уладаў прызнаць, што дзейнічаюць на кананічнай тэрыторыі Грузінскай Праваслаўнай Царквы (ГПЦ).

Частка сяброў расійскага праваслаўнага кліру адмовілася падпарадкоўвацца Тбілісі. Нават мела месца спроба заснаваць нешта накшталт катакомбнай секты. Канфлікт паміж цэрквамі з-за Абхазіі працягваўся нават пасля таго, як Грузія ўвайшла ў склад СССР.

Канчатковую кропку ў канфлікце РПЦ і ГПЦ вакол канфесіянальнай прыналежнасці Абхазіі паставіў геніяльны таварыш Сталін. У 1943 годзе РПЦ прызнала, што Абхазія — кананічная тэрыторыя Грузінскай Праваслаўнай Царквы. Дэ-юрэ гэты статус захаваўся і зараз, хаця ў рэальнасці ніякага ўплыву на жыццё абхазскіх праваслаўных грузінскі каталікос не мае.

У 1993 годзе мітрапаліт Данііл (Датуашвілі), біскуп Грузінскай Царквы, з прычыны паразы Грузіі ў грузіна-абхазскім канфлікце пакінуў Сухумскую епархію. Яго месца заняў пратаіерэй Вісарыён, які ўступіў на пасаду настаяцеля Сухумскага кафедральнага сабора, прыняўшы адначасова на сябе пасаду часовага кіраўніка епархіі. Ён таксама паспрабаваў наладзіць адносіны з Маскоўскім Патрыярхатам, у сувязі з чым некалькі разоў неафіцыйна сустракаўся з Патрыярхам Алексіем II. Хаця таксама неафіцыйна Вісарыён сустракаўся і з каталікосам Грузіі, стратэгічны выбар быў зроблены на карысць Масквы.

15 верасня 2009 года на пазачарговым Епархіяльным з’ездзе ўсяго духавенства Абхазіі былі прыняты наступныя рашэнні: абвясціць пра спыненне дзейнасці Сухума-Абхазскай Епархіі Грузінскай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэспублікі Абхазія. Абвясціць пра стварэнне Піцундскай і Сухумскай Епархіі Абхазскай Праваслаўнай царквы. Унесці адпаведныя змены ў Статут Епархіі. Падрыхтаваць адпаведны зварот да патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірыла, Святому сіноду Рускай праваслаўнай царквы — з малітоўнай просьбай у аднаўленні Абхазскай праваслаўнай царквы, якая спыніла сваё існаванне ў 1795 годзе.

Натуральна, грузіны былі супраць. Католікос усёй Грузіі Ілія ІІ заявіў: «Дадзенаю заяву мы не павінны ўспрымаць сур’ёзна, бо ні ў каго няма права аб’яўляць незалежнасць ад роднай Царквы».

Парадаксальна, аднак пералічаныя ініцыятывы абхазцаў таксама не выклікалі эйфарыі ў Маскве. 24 кастрычніка 2009 года Маскоўская патрыярхія заявіла пра непарушнасць межаў юрысдыкцыі Грузінскай Царквы, падкрэсліўшы, што, на яе меркаванне, у Абхазіі няма расколу:

“Нягледзячы на змену палітычных межаў, мы па-ранейшаму лічым Абхазію часткай кананічнай тэрыторыі Грузінскай Праваслаўнай Царквы. Аднак мы бачым, што дэ-факта Грузінская Праваслаўная Царква там цяпер прысутнічаць не можа: ніводны грузінскі біскуп ці святар не мае магчымасці прыехаць у Абхазію. Значыць, мы павінны дапамагчы ажыццяўляць пастырскую дзейнасць змешчаным там кананічна пасвечаным абхазскім святарам. Мы павінны дапамагчы ім здабыць хоць бы часовы кананічны статут, — гаварылася ў заяве.

Асцярожнае стаўленне РПЦ да абхазскіх прапаноў тлумачыцца вельмі проста. Парушэнне РПЦ прынцыпу кананічнасці тэрыторый стварае прэцэдэнт. Ім могуць скарыстацца прыхільнікі аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царквы.

Такі прагматычны выбар Масквы і спыніў ініцыятыву па стварэнні новай незалежнай абхазскай царквы. Пры гэтым аўтары праекты Святой мітраполіі спасылаюцца на тое, што першапачаткова заснаваная ў VII стагоддзі Абхазіская епархія была філіялам Антыахійскага патрыярхату.

У час існавання Абхазскага царства Антыохія нават дала згоду на тое, каб абхазцы мелі біскупа. Праўда, цяжка сказаць, ці быў гэты біскуп выключна абхазскі, паколькі ў склад абхазскага царства ўваходзіла Заходняя Грузія. Абхазская аўтакефалія закончылася ў 1795 годзе, калі апошні католікос з-за канфлікту з грузінскім царом збег у Кіеў. Так ці інакш, як бачым, фармальна абхазскі католікос быў часткай візантыйскай праваслаўнай царквы, а не РПЦ.

Менавіта грэчаскі характар абхазскага праваслаўя падкрэслівае стваральнік Святой Абхазскай Мітраполіі. Як піша прэса, пакуль не вядома, хто стаіць за “грэчаскім праектам, аднак патэнцыял у яго ёсць. Абхазская кіраўніцтва паступова так ці інакш сыходзіць з-пад кантролю Расіі. І стварэнне сваёй аўтаномнай царквы было б моцнай падтрымкай. У сваю чаргу, Усяленскі патрыярхат — канстанцінопальская царква, відавочна будзе рады новай пастве.

Каментаваць