Вяртанне малдоўскага Лукашэнкі

28 кастрычніка ў Малдове пройдуць датэрміновыя парламенцкія выбары. Якіх вынікаў трэба чакаць? На гэта і іншыя пытанні журналіста «НЧ» Алега Новікава адказвае ўкраінскі палітолаг Віктар Вернік.

— У якой атмасферы праходзяць выбары?



28 кастрычніка ў Малдове пройдуць датэрміновыя парламенцкія выбары. Якіх вынікаў трэба чакаць? На гэта і іншыя пытанні журналіста «НЧ» Алега Новікава адказвае ўкраінскі палітолаг Віктар Вернік.

— У якой атмасферы праходзяць выбары?

— Закон пра выбары часовы выканаўца абавязкаў прэзідэнта Міхай Гімпу падпісаў пасля правалу рэферэндуму, ініцыятарам якога ён быў. На разгляд выбаршчыкаў было вынесена пытанне наконт неабходнасці абрання прэзідэнта праз наўпроставыя выбары (зараз гаранта абірае парламент). Праект Гімпу праваліўся з-за вельмі высокага ўзроўню абсентэізму. Нават рэзка зніжаны незадоўга да рэферэндуму парог яўкі з 60 да 33 працэнтаў не паўплываў на сітуацыю. З іншага боку, рэферэндум прадэманстраваў відавочныя фрустрацыю і канфлікт у асяроддзі сяброў кааліцыі — Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю. Менавіта фармат кааліцыі, які складаецца з чатырох палітычных сіл, на працягу апошняга года, фактычна, вызначаў структуру ўлады ў Малдове. Зыходзячы з правалу рэферэндуму, некаторы сегмент кааліцыі схільны да шматвектарных манеўраў, у тым ліку і з прадстаўнікамі расійскіх інтарэсаў.

— Як можна ахарактарызаваць кожнага з суб’ектаў Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю?

— Першую скрыпку тут гуляе Ліберальная партыя Малдовы (лідэр Міхай Гімпу). Мэтавая група партыі — грамадзяне Малдовы, якія з’яўляюцца прыхільнікамі хуткага аб’яднання з Румыніяй. Адгэтуль і неадэкватныя заклікі ЛПМ да закупак Малдовай расійскага газу па «еўрапейскіх коштах», і заклікі ў 25-градусны мароз тэрмінова падлучыцца да газаправоду «Набука», якога яшчэ няма ў прыродзе. Ну і, зразумела, скандальны Указ прэзідэнта Гімпу пра «савецкую акупацыю Малдовы».

Галоўны канкурэнт партыі Гімпу — Ліберальна-дэмакратычная партыя Малдовы (лідэр Уладзімір Філат, прэм’ер-міністр Малдовы). На дадзены момант ЛДПМ мае адну з лепшых у краіне рэсурсных баз. ЛДПМ, у цэлым, традыцыйна ідзе ў фарватэры прарумынскай палітыкі, аднак праводзіць гэту лінію ў форме культурных правакацый. На рахунку ЛДПМ — ініцыятыва пра забарону паказу мастацкіх фільмаў на рускай мове без цітраў на румынскай мове, зачыненне папулярнай у Малдове рускамоўнай радыёстанцыі «Серебряный дождь». Складаецца ўражанне, што на дадзеным этапе адкрытае і радыкальнае супрацьстаянне расійскаму ўплыву ў Малдове мае ролю асноўнай казырнай электаральнай карты партыі.

Яшчэ ёсць Дэмакратычная партыя Малдовы (лідэр Марыян Лупу). Лупу, у мінулым кіраўнік Кампартыі і спікер парламента Малдовы, з’яўляецца на дадзены момант адным з найбольш аўтарытэтных палітыкаў. Аднак разнашэрснасць і палітычная нявызначанасць партыі сталі прычынай таго, што ДПМ не задае ініцыятыву ў рамках кааліцыі. Пры гэтым, аднак, варта адзначыць, што практычна ўсе крылы і групы ў ДПМ не з’яўляюцца прыхільнікамі канфрантацыі з Расіяй, ім не падабаецца праект дзяржаўнай інтэграцыі Малдовы з Румыніяй.

Альянс «Наша Малдова» (АНМ) (лідэр Серафім Урэкяну, былы мэр Кішынёва) лічыцца найбольш слабым сегментам кааліцыі і адначасова найбольш лаяльным да ўсходняга вектару знешнепалітычнай арыентацыі Малдовы.

— Якія адносіны склаліся ўнутры кааліцыі пасля яе прыходу да ўлады?


— З самага першага дня стварэння ўраду на базе Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю чатырох партый пачалася барацьба за паслабленне сваіх кааліцыйных саюзнікаў. Так, ЛДПМ яшчэ ў 2009 годзе зрабіла цэлы шэраг сур’ёзных кропкавых удараў па пазіцыях ДПМ — «спецаперацыі» з гучным прапагандысцкім эфектам для дыскрэдытацыі партыі Лупу. Напрыклад, спецаперацыя «Рыба» — гаворка пра абвінавачванні на адрас ДПМ у тым, што партыя кантралюе так званую «рыбную мафію». Таксама АНМ разам з ДПМ адкрыта выказала сваё катэгарычнае непрыманне ідэі ЛПМ і ЛДПМ пра адпраўку малдаўскіх салдатаў у Афганістан. У гэтай сітуацыі, відавочна, што па шэрагу ключавых пытанняў актуальным становіцца блакаванне па сваёй сутнасці цэнтрысцкіх ДПМ і АНМ. Магчымы іх блок з камуністамі.

— Што вы думаеце наконт перспектыў камуністаў на гэтых выбарах?


— Партыя камуністаў Рэспублікі Малдова (ПКРМ) як вядучая апазіцыйная сіла выклікае вялікую цікавасць. Нават патрапіўшы ў апазіцыю пасля шматлікіх гадоў знаходжання ва ўладзе, ПКРМ у мясцовых рэгіянальных органах улады і самакіраванні Малдовы і цяпер мае каля 25% муніцыпальных чыноўнікаў. Існуе вялікая колькасць рэгіянальных мэраў рознага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўзроўню сябраў партыі. Адначасова аб’ектыўна ПКРМ была і застаецца так ці інакш злучанай з асноўнай базай свайго традыцыйнага электарату — пенсіянерамі і рускамоўным насельніцтвам гарадоў і раённых цэнтраў Малдовы. Тым больш, ужо знаходзячыся ў апазіцыі да «румынаў», падтрымка ПКРМ маскоўскага вектару была відавочная.

Але наўрад ці гэта канчатковы геапалітычны выбар. Раней перыядычны флірт прэзідэнта Вароніна з Расіяй змяняўся перыядычнымі канфліктамі, якія, у сваю чаргу, змяняліся рэзкім пацяпленнем. Нешта падобнае на адносіны з Масквой Лукашэнкі. Таму Масква ўрэшце і не падтрымала Вароніна.

— Якімі, па вашых прагнозах, будуць вынікі выбараў?


— Парламенцкія выбары 28 лістапада 2010 года могуць самым рашучым чынам трансфармаваць сітуацыю ва ўладных калідорах Малдовы. Большасць партый кааліцыі ўжо паспяшалася заявіць пра тое, што на выбары яны ідуць самастойна. Гэта фактычна значыць, што фракцыя ПКРМ зноў стане самай значнай парламенцкай сілай Малдовы. А адгэтуль аб’ектыўна ўзнікае і своеасаблівая глеба для наступнага якаснага перафарматавання парламенцкай большасці і ўрадавай кааліцыі. Аднак нікому не зразумела, у які бок. Варонін ні ў ЕС, ні на шчыльны саюз з Масквой ісці не гатовы.
 

Каментаваць