Вяртанне пітонаў

Стваральнікі самага смешнага фільму ў гісторыі кіно аб’ядналіся, каб зняць новы шэдэўр. Гаворка пра сяброў групы “Монці Пайтан.

Гісторыя мастацтва ведае шмат прыкладаў паспяховых калектыўных праектаў. І вельмі часта гэтыя калектывы развальваліся, асуджаючы іх фанатаў спадзявацца на іх магчымае ўз’яднанне. З групай “The Beatles так, на жаль, не атрымалася. А вось прыхільнікам гумару пашанцавала — 12 студзеня сябры трупы “Монці Пайтан абвясцілі пра намер сабрацца і зняць новы фільм.

Стваральнікі самага смешнага фільму ў гісторыі кіно аб’ядналіся, каб зняць новы шэдэўр. Гаворка пра сяброў групы “Монці Пайтан.

Гісторыя мастацтва ведае шмат прыкладаў паспяховых калектыўных праектаў. І вельмі часта гэтыя калектывы развальваліся, асуджаючы іх фанатаў спадзявацца на іх магчымае ўз’яднанне. З групай “The Beatles так, на жаль, не атрымалася. А вось прыхільнікам гумару пашанцавала — 12 студзеня сябры трупы “Монці Пайтан абвясцілі пра намер сабрацца і зняць новы фільм.

“Монці Пайтан (Monty Python) перакладаецца як “Горны пітон — гэта славутая комік-група з шасці чалавек. Пяць брытанцаў і адзін амерыканец. Брытанцы Джон Кліз (нар.: 1939), Тэры Джонс (нар.: 1942), Эрык Айдл (нар.: 1943), Майкл Пэйлін (нар.: 1943). Таксама ў групе быў Грэм Чэпмен (1941–1989), які памер ад СНІДу. І амерыканец Тэры Гіліам.

Выступаць у якасці акцёраў і аўтараў скетчаў будучыя “пітоны пачалі яшчэ ў студэнцкія гады. Пры гэтым кожнага з іх чакала бліскучая кар’ера ў зусім не звязаных з гумарам галінах. Усе яны, за выключэннем амерыканца Тэры Гіліама, скончылі Кембрыдж і Оксфард і маглі б дасягнуць поспеху па асноўных сваіх прафесіях. Але падчас вучобы кожны з іх зразумеў, што сцэна прыцягвае іх значна больш, чым адвакацкая кантора ці кабінет лекара.

Група набыла сусветную вядомасць дзякуючы свайму тэлешоў “Лятучы цырк Монці Пайтана, які выходзіў на канале BBC у 1969–1974 гадах.

Тэлевізійная перадача зрабіла рэвалюцыю ў свеце гумару. Яе аўтары адмовіліся ад усіх існуючых на той момант клішэ, вынайшлі ўласную ўнікальную канцэпцыю. Эксцэнтрычны абсурдны гумар, неардынарная анімацыя, максімальна непаліткарэктная сатыра, парушэнне ўсіх табу — усё гэта хутка стала адметнымі знакамі “пітонаўскага шоў.

Вось кароткія ідэі некаторых “пітонаўскіх скетчаў: трэнер у спартзале праводзіць заняткі, як абараняцца, калі на вас напада­юць з садавіной; гандляр, што прадаў пакупніку мёртвага папугая, запэўнівае таго, што птушка не мёртвая: проста яна нарвежац; брытанская армія выкарыстоўвае супраць фашыстаў самы смешны ў гісторыі анекдот, у выніку чаго праціўнік памірае ад смеху.

Тэры Гіліам распавядаў, што “пітоны планавалі ў адным са скетчаў цалкам адключыць гукавое суправаджэнне, каб гледачы пачалі круціць ручку гучнасці на максімум. У гэты час планавалася раптам вярнуць гук на арыгінальны ўзровень. Уся Англія, па разліках сатырыкаў, павінна была адначасова ад моцнага гуку падскочыць метра на паўтара.

Зразумела, што цэнзура BBC прапускала далёка не ўсе жарты “пітонаў. Аднак і тых скетчаў, якія “выжывалі ў фільтры цэнзараў, хапала для таго, каб “Монці Пайтан хутка заслужылі тытул самай смешнай брытанскай камічнай трупы.

Серыял вытрымаў чатыры сезоны (45 серый), а потым быў зачынены. Але гэта быў толькі пралог. Сапраўдны поспех “пітонам прынеслі пяць поўнаметражных фільмаў.

У якасці асновы для першага фільма была ўзятая эпічная легенда пра падарожжа караля Артура “Монці Пайтан і святы Грааль. Апынуўшыся ў рыцарскай эпосе, “Монці Пайтан высмеялі ўсё рыцарства і яго міфы.

Пры гэтым у аўтараў быў вельмі малы бюджэт, які складаў прыкладна чвэрць мільёна фунтаў — занадта мала для поўнаметражнага, прытым яшчэ і гістарычнага фільма. Нават тыя грошы былі атрыманыя ў якасці спонсарскіх унёскаў фанатаў, сярод якіх былі ўдзельнікі груп “Pink Floyd, “Led Zeppelin і “The Beatles.

Фінансавыя ліміты прымушалі стваральнікаў выкручвацца, як толькі было магчыма. Так, для прыкладу, замест кальчуг выкарыстоўваліся світэры, пакрытыя срэбнай фарбай. А ўсе замкі, якія з’яўляюцца ў фільме, гэта адзін і той жа шатландскі замак Дун, проста зняты пад рознымі ракурсамі. Не было грошаў, каб набыць коней для рыцараў. Адсюль і ідэя грукаць какосамі — гук павінен быў імітаваць цокат конскіх капытоў. Практычна ўсе значныя ролі ў фільме былі выкананыя шасцёркай. Больш за ўсіх быў запатрабаваны Майкл Пэйлін, які пераўвасобіўся ў 9 (!) персанажаў.

І ўсе ж ніякія грашовыя і іншыя цяжкасці разам з неспрактыкаванасцю не перашкодзілі (а часам нават парадаксальна гэтаму спрыялі) стварэнню сапраўды культавай стужкі.

Пасля была стужка “Жыццё Святога Брайна, якая прызнаная крытыкамі самай лепшай камедыяй у гісторыі. Славутыя “У джазе толькі дзяўчаты (савецкая назва) толькі на пятым месцы. “Жыццё Святога Брайна — фільм пра біблейскага бамжа, якога жыхары старажытнага Іерусаліма прымаюць за месію (чытай Ісуса Хрыста), з усімі вынікаючымі наступствамі. Сам жа Брайн марыць быць байцом Нацыянальнага фронту вызвалення Іудзеі. Праўда, Нацыянальны фронт вызвалення Іудзеі змагаецца не столькі з акупантамі-рымлянамі, колькі з канкурэнтамі з Народнага фронту вызвалення Іудзеі.

У шматлікіх краінах стужку забаранілі, пабачыўшы тут пародыю на евангелле. Сапраўды, як яшчэ хрысціяне маглі рэагаваць на скетч, дзе рымскі салдат раздае крыжы для асуджаных на распяцце, гаворачы пры гэтым: “Наступны! На распяцце? Добра. У тыя дзверы налева, становіцеся ў чаргу, бярыце адзін крыж… Наступны!

Пасля таго, як у 1983 годзе выйшла карціна “Сэнс жыцця па Монці Пайтану, група распалася. Кожны з “пітонаў пачаў працаваць самастойна. Нехта здымаў дакументальныя фільмы пра сярэднявечча, нехта рабіў медыцынскія кансультацыі, нехта проста пачаў шмат піць. Найбольшы поспех меў Тэры Гіліам, які падаўся ў рэжысёры. Некаторыя яго фільмы, напрыклад, “Страх і нянавісць у Лас-Вегасе і “Бразілія, складаюць залаты фонд сусветнага кінематографа. Аднак нават Гіліам успрымаўся публікай як былы “пітон, які павінен вярнуцца ў сям’ю.

І вось усе зноў разам. Фільм “Абсалютна што заўгодна, які плануюць зняць “пітоны, мае шанцы стаць першым прадуктам аб’яднання трупы. Стужка будзе прысвечана групе іншапланецян, якія надзяляюць усемагутнасцю простага зямляніна, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Вядома, што ў галоўнай ролі будзе здымацца Робін Вільямс.

Застаецца спадзявацца на тое, што “Абсалютна што заўгодна публіка сустрэне гэтак жа, як у свой час славуты “Грааль. Тады ў рэцэнзіях на фільм пісалі: “Калі фільм падыходзіць да канца, смяяцца ўжо папросту няма сіл: на вачах стаяць слёзы, рукі змакрэлі, голас ахрып, вусны, шчокі, жывот баляць. І сам ты ўжо даўно ляжыш дзесьці паміж тэлевізарам і крэслам — на падлозе… А фільм усё не канчаецца… І толькі і моліш Бога, каб ён хутчэй скончыўся, паколькі нават калі смех падаўжае жыццё, неўміручасць яшчэ нікога не цешыла!

Каментаваць