Вяртанне Вялікага нямога

Сусветны поспех фільма “Артыст, знятага па канонах нямога кінематографа, выклікаў дэбаты пра магчымае адраджэнне, здавалася б, канчаткова забытага і архаічнага жанру кіно без гуку.



Сусветны поспех фільма “Артыст, знятага па канонах нямога кінематографа, выклікаў дэбаты пра магчымае адраджэнне, здавалася б, канчаткова забытага і архаічнага жанру кіно без гуку.

Як вядома, эра нямога кінематографа закончылася вечарам 6 кастрычніка 1927 года. У гэты дзень у Нью-Ёрку адбылася прэм’ера першай у гісторыі поўнафарматнай гукавой стужкі “Спявак джазу. Рэакцыя публікі, калі верыць тагачасным рэпартажам, была амаль істэрычнай. Пасля заканчэння сеансу натоўп, які выйшаў з залы, сабраўся ў калону і правеў стыхійную маніфестацыю на вуліцах гораду. “Джолсан! Джолсан! (прозвішча галоўнага акцёра і спявака ў карціне) — скандзіравалі кінааматары.

Для тых, хто ў наш час глядзеў “Спевака джазу, такая рэакцыя можа падацца дзіўнай. З мастацкага боку фільм з’яўляецца даволі прымітыўным. У большасці пры здымках былі ўжыты прыёмы старой нямой кінавытворчасці.

Тым не менш, пракатны поспех “Спевака джазу выклікаў шалёную цікавасць іншых кінастудый да гукавых тэхналогій. Хутка гэта выклікала гукавую рэвалюцыю ў амерыканскім, а затым і ў сусветным кінематографе. Апошні нямы фільм быў зняты ў Галівудзе праз 2 гады. Пасля ЗША пачалася чарга гукавых фільмаў ва ўсім свеце. Ужо ў 1931 годзе на гук перайшлі і ў СССР: на экраны выйшла славутая “Пуцёўка ў жыццё.

Рэвалюцыя, якую выклікаў «Спявак джазу» ў грамадстве, стала падставай для шматлікіх мастацкіх твораў. Як правіла, іх героямі з’яўляюцца зоркі нямога кіно, якія з прыходам новых часоў губляюць сваю зоркавасць, перажываюць трагедыю, вымушаныя зноў шукаць сваё месца пад сонцам. Безумоўна, найбольш славутым творам на гэтую тэму з’яўляецца мюзікл “Тыя, што спяваюць пад дажджом (1952).

І вось цяпер свет перажывае нешта падобнае на тое, што здарылася ў 1927 годзе пасля рэлізу “Спевака джазу. Аднак цяпер усё наадварот. Выхад у мінулым годзе на экраны фільму “Артыст (рэжысёр Мішэль Хазанавічус) справакаваў шалёны інтарэс да жанру нямога кіно. Шэраг не самых малых студый ужо плануюць здымкі новых фільмаў у гэтым жанры. На старонках прэсы ідзе дыскусія пра магчымасць адраджэння старой “нямой акторскай, аператарскай, сцэнарнай школаў.

Такі інтарэс да “Вялікага нямога — так называлі кіно да “Спевака джазу — дастаткова дзіўны. Эксперыменты са здымкамі нямых фільмаў працягваліся яшчэ доўга пасля 1927 года, аж да нашых дзён. Іншая справа, што, як правіла, гэта былі пародыі на самыя значныя і паспяховыя артэфакты нямой эры кінематографу.

Натуральна, перш за ўсё быў запатрабаваны камедыйны жанр. Чарлі Чаплін, Гары Ллойд, Бастэр Кітан і іншыя “нямыя комікі дасягнулі вельмі высокага ўзроўню камедыйнага мастацтва, а створаная імі школа і праз шмат гадоў аказаліся цалкам у барацьбе з гукавымі камедыямі.

Публіка зноў і зноў хацела Чапліна, і кінастудыі вымушаны былі яго даваць. Так, у 1953 годзе Жак Таці зняў фільм “Вакацыі месье Хуло. Фільм атрымаў добрую касу ў Еўропе. У 1976-м вядомы амерыканскі стваральнік камедый Мэл Брукс зняў стужку, якая так і называецца “Нямы фільм (англ.: Silent Movie). Карціна таксама аказалася фінансава паспяховай.

Хаця, па вялікаму рахунку, згаданыя фільмы былі больш данінай часам нямога кіно, яны дапамаглі захаваць інтарэс новай генерацыі актораў і кінематаграфістаў да старой камедыйнай традыцыі. Лічыцца, што славутыя пантамімы і грымасы Містэра Біна — не што іншае, як новая сучасная рэдакцыя чаплінска-кітанскага канону.

Акрамя “нямых камедый шмат хто ў часы гуку цікавіўся “нямымі жахамі. Іншымі словамі, намагаўся рабіць тое, што рабілі прадстаўнікі нямецкага кінаімпрэсіянізму (Фрыдрых Вільгельм Мурнау, Фрыц Ланг, Паўль Лені і інш.). Так, у 1979 годзе Вернер Герцаг зняў сваю версію “Насферату (фільм Вільгельма Мурнау пра прыгоды вампіра). Яго версія называлася “Насферату. Прывід ночы.

Былі сярод кінематаграфістаў і фанаты савецкай класікі нямога кіно, якая дала свету такіх карыфеяў, як Вертаў, Даўжэнка або Эзенштэйн. У пачатку 2000-х Гай Мэддзін зняў фільм “Сэрца свету ў стылістыцы савецкіх фільмаў 1920-х. Сюжэт адпавядае рэвалюцыйнаму духу першых гадоў СССР: маладыя, поўныя энтузіязму савецкія людзі пранікаюць у глыб зямлі і знаходзяць сэрца планеты, якому можна паставіць дыягназ — інфаркт. Каб выратаваць сусвет, адзін з падарожнікаў аддае Зямлі свой сасудзісты орган. Планета дзякуючы героям жыве далей.

Як бачым, усе пералічаныя і найбольш вядомыя нямыя фільмы — пародыі або версіі класічных твораў нямога кінематографу. Усе спробы стварыць так званае “новае нямое кіно — здымаць без гука ў абсалютна новай манеры — праваліліся або засталіся на ўзроўні арт-хауснага кіно — кіно не для ўсіх.

Нават “Артыст па-сутнасці адносіцца да настальгічнага кіно. Гэта заўважна ўжо па прозвішчу галоўнага персанажа — Джордж Валенцін. Усім разумела, што сцэнарысты намякаюць на славутага Рудольфа Валенціна — сэкс-поп ікону 1920-х гадоў, актора нямых фільмаў, чыя трагічная смерць у 1926-м выклікала хвалю суіцыдаў сярод яго прыхільнікаў па ўсім свеце.

З улікам сказанага можна адзначыць, што нямое кіно — гэта толькі сродак яскрава перадаць атмасферу 1910–1920-х гадоў. Пакуль што цяжка ўявіць, як пантамімай можна перадаць дух сучаснасці, кліпавую свядомасць.

Не кажучы ўжо пра тое, адкуль браць актораў. Як прызнаюць спецыялісты, “выяўленчыя і мастацкія магчымасці нямога кіно былі надзвычай высокія. Выпрацаваўся адмысловы непаўторны стыль зносін з гледачом пры дапамозе мімікі і жэстаў. Выразнасць рухаў некаторых акцёраў нямога кіно наўрад ці можа быць дасягнутая нават лепшымі прадстаўнікамі сучаснага кіно.

Такім чынам, калі “Артыст і справакуе нешта, то не больш за хвалю фільмаў пра першую палову мінулага стагоддзя, кажуць скептыкі. Сапраўды, у гэтым годзе ў сусветны пракат выходзіць наступны нямы мастацкі фільм «Нямое жыццё» (Silent Life). Фільм — біяграфія згаданага вышэй Рудольфа Валенціна.

Тыя, хто верыць у вяртанне “Вялікага нямога, заклікаюць пачакаць. Па-сутнасці “Артыст яшчэ не дасягнуў зеніту сваёй славы. Наперадзе ўручэнне прэміі “Залаты Глобус, дзе ў фільма аж сем намінацый. Стужку Хазанавічуса лічаць адным з галоўных кандыдатаў на Оскара. Таму інтарэс аўдыторыі і кінавытворцаў да жанру нямога кіно толькі распачынаецца.
 

Каментаваць