Вяртанне Новай Афрыкі

Расавыя хваляванні ў гарадах ЗША адрадзілі інтарэс да праекту стварэння на базе шэрагу штатаў асобнай дзяржавы афраамерыканцаў.



З імем славутага Марціна Лютэра Кінга звязаная не толькі фраза: «Я маю мару» і рух за грамадзянскія правы афраамерыканцаў. Таксама Кінг датычны да гістарычнага расколу сярод актывістаў афраамерыканскага руху. Марцін Лютэр Кінг абараняў ідэю таго, што, атрымаўшы роўныя правы з белымі, чорныя змогуць інтэгравацца ў грамадства. Адначасова ўзнік больш радыкальны фланг, які лічыў, што без сваёй дзяржаўнасці афраамерыканцы застануцца людзьмі другога гатунку.

Праўда, думка пра сваю дзяржаўнасць нарадзілася не на пустым месцы. Самае смешнае, што на дзяржаўнасць іх натхніў урад белых. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя на межах некаторых штатаў узніклі буйныя камуны, сфармаваныя з беглых рабоў. Каб неяк інтэграваць гэтую масу ў прававую зону, было вырашана даць тым камунам унутраную аўтаномію. Прычым белым людзям (акрамя вайскоўцаў і ўрадавых агентаў) было забаронена нават наведваць гэтыя калоніі, якія кіраваліся паводле прынцыпаў дэмакратыі. Такія эксперыменты мелі месца ў штатах Фларыда і Місісіпі. Падчас грамадзянскай вайны адміністрацыя на акупаваных землях Поўдня часта фарміравалася з афраамерыканцаў, якія былі лаяльныя да новай улады.

Гэтая практыка падштурхнула Марціна Дэлані, аднаго з лідараў абаліцыянісцкага руху, яшчэ ў 1852 годзе выдаць кніжку «Лёс чорнага народа Злучаных Штатаў», у якой ён заклікаў да стварэння дзяржавы чарнаскурых. Цікава, што неабходнасць дзяржаўнасці ён аргументаваў спасылкай на вопыт Польшчы ў рамках Расійскай Імперыі. Тое, што палякі рэгулярна бунтавалі супраць расійскіх каланізатараў, на яго думку, сведчыла, што дзве розныя нацыі ўсё роўна не змогуць ужыцца разам. Праўда, Дэлані, як і шмат іншых лідараў афраамерыканцаў, быў прыхільнікам ідэі стварэння дзяржавы не ў ЗША, а на гістарычнай радзіме, у Афрыцы. Яшчэ ў 1822 годзе перасяленцы з ЗША купілі тут за 50 долараў 13 тысяч квадратных кіламетраў зямлі і пачалі будаваць сваю дзяржаву — Ліберыю.

Прыкладна ў 1920-я гады перасяленне ў Афрыку стала губляць прывабнасць. Прабіў час групоўкі «Нацыя ісламу», якая заклікала чарнаскурых грамадзян ЗША ствараюць асобную нацыю. Аднак да канкрэтных крокаў будаўніцтва дзяржавы дайшло толькі напрыканцы 1960-х гадоў.

31 сакавіка 1968 года ў Дэтройце (штат Мічыган) была абвешчаная Рэспубліка Новая Афрыка (RNA) і прадстаўлены яе часовы ўрад. Прэзідэнтам самаабвешчанай дзяржавы стаў Роберт Ф. Уільямс. Гэта была культавая асоба для афраамерыканскай камуны. Будучы адвакатам, ён арганізаваў самаабарону чарнаскурых грамадзян ЗША. Але сапраўдную нацыянальную славу яму прынесла «справа аб пацалунках». Уільямс стаў ініцыятарам кампаніі за перагляд скандальнага судовага рашэння, паводле якога двое цемнаскурых хлопчыкаў былі асуджаныя да папраўчай калоніі да 21 года за тое, што іх пацалавала белая дзяўчынка.

У 1961 годзе Уільямс з жонкай пакінуў Злучаныя Штаты, пасля таго, як трапіў у федэральны вышук па абвінавачванні ў выкраданні людзей. Уільямс паспеў наведаць Кубу, В’етнам і Танзанію, каб пасля вярнуцца на радзіму і адразу стаць прэзідэнтам цэлай краіны. Дарэчы, на карце Новая Афрыка выглядала вельмі салідна. Стваральнікі Новай Афрыкі ўключылі ў яе склад тэрыторыі штатаў Фларыда, Луізіана, Місісіпі, Алабама і яшчэ шэрагу штатаў амерыканскага Поўдня, дзе пражывае вялікі працэнт чарнаскурага насельніцтва.

Планы ў чальцоў адміністрацыі Уільямса былі самыя амбіцыйныя. Акрамя выхаду са складу ЗША і патрабавання месца ў ААН, сепаратысты вымагалі ад амерыканскага ўрада шматмільярдныя выплаты за шкоду і пакуты чарнаскурых ад белых рабаўладальнікаў. Пачалося фармаванне так званага Чорнага легіёна — мілітарнай структуры, на базе якой мела быць створаная армія Новай Афрыкі. Цікавымі былі эканамічныя погляды бацькоў-заснавальнікаў Новай Афрыкі. Лідары RNA прапагандавалі калектывісцкую мадэль эканомікі на прынцыпах самакіравання і ўзаемадапамогі, або, як яны гэта называлі, «афрыканскага сацыялізму».

Як не дзіўна, амерыканскія спецслужбы адразу не арыштавалі Уільяма і яго міністраў. Усё, што зрабіла тады ФБР, — пашырыла на ўрад Новай Афрыкі дзеянне сакрэтнай праграмы COINTELPRO. У рамках гэтай праграмы супрацоўнікі ФБР мелі права праслухоўваць тэлефонныя перамовы чальцоў гэтага ўраду, ажыццяўляць розныя правакацыі, распаўсюджваць пра іх дэзінфармацыю.

Аднак першыя крокі самаабвешчанага ўраду прывялі да таго, што спецслужбам давялося ўзяцца за лідараў больш шчыльна. Асабліва пасля перастрэлкі з паліцыяй падчас святкавання першай гадавіны Новай Афрыкі. І перастрэлкі ў 1971-м, калі афраамерыканскія актывісты захапілі нейкую ферму. Гэтага хапіла, каб ФБР перайшло ў адкрыты наступ на Новую Афрыку. Публічныя сходы яе прыхільнікаў заканчваліся масавым хапуном. Шэраг лідараў, у тым ліку прэзідэнт, аказаліся за кратамі. Падчас суду над Уільямсам пракурор абараняў тэзіс пра тое, што за пражэктам Новай Афрыкі можа стаяць Маа Цзэдун. У выніку дзейнасць Новай Афрыкі была паралізаваная, і пра яе амаль забыліся, хаця структура захавалася. У інтэрнэце можна знайсці сайт неіснуючай дзяржавы, дарэчы, у гэтым годзе будзе абірацца яе новы прэзідэнт.

Між тым, пасля шэрагу апошніх масавых беспарадкаў на расавай глебе ў ЗША, праект Новай Афрыкі зноў вярнуўся на старонкі прэсы. Праўда, усё прызнаюць, што рэалізаваць гэты праект будзе цяжэй, чым 50 гадоў таму. Магчыма, канстатацыя таго факту, што белыя і чорныя ў ЗША прымушаны жыць разам, дапаможа распачаць дыялог.

Каментаваць