Вяртанне паганцаў

У адрозненне ад іншых народаў, ісландцы сталі хрысціянамі без асаблівага прымусу. У Ісландыі адбыўся народны сход, на якім дружна пастанавілі — пачаць верыць у Ісуса Хрыста. Сёння такім жа дэмакратычным чынам ідзе адваротны працэс. 



Прэса краін паўночнай Еўропы лічыць, што пачатак будаўніцтва паганскага храму ў Ісландыі адчыняе новую старонку ў культурнай гісторыі рэгіёну.

Ісландыю можна лічыць дзіўнай краінай не толькі з-за назваў мясцовых вулканаў, якія славянамоўны чалавек папросту не здольны вымавіць (памятаеце, як некалькі гадоў таму пакутавалі дыктары, намагаючыся распавесці, што ісландскі вулкан Эйяф’ядлайёкюдль парушыў сусветны графік авіяпералётаў). Заслугоўвае ўвагі таксама і гісторыя вострава, напрыклад, перыяд прыняцця хрысціянства. У адрозненне ад іншых народаў, ісландцы сталі хрысціянамі без асаблівага прымусу або экспансіі місіянераў. Прыкладна тысячу гадоў таму ў Ісландыі адбыўся народны сход, на якім дружна пастанавілі — пачаць верыць у Ісуса Хрыста.

Сёння такім жа дэмакратычным чынам ідзе адваротны працэс. У студзені сесія гарсавету ісландскай сталіцы вырашыла пайсці насустрач патрабаванням тутэйшых паганцаў і выдзеліць з бюджэту грошы на будаўніцтва першага за тысячу гадоў паганскага храму ў Ісландыі. Адмовіць у просьбе было цяжка — у Ісландыі пражывае ўсяго 330 тысяч чалавек, з якіх 2400 з’яўляюцца сябрамі арганізацыі «Ásatr», галоўная задача якой — адрадзіць рэлігію старажытных вікінгаў. Паганцы — другая па колькасці канфесія ў краіне пасля хрысціян.

«Ásatr» паўстала ў 1972 го­дзе з ініцыятывы аднаго мясцовага паэта і фермера. Паколькі ў 1970-я гады на Захадзе меў месца пошук новых каштоўнасцяў, секта хутка стала дастаткова папулярнай. Яе дзейнасць нават выйшла за межы Ісландыі. На цяперашні дзень філіялы «Ásatr» існуюць у ЗША, шэрагу скандынаўскіх краінаў, Італіі, Іспаніі. У верасні 2013 года першая абшчына скандынаўскіх паганцаў была зарэгістраваная ў Расіі. Калі меркаваць па нейкіх пастах у інтэрнэце, аматары рэлігіі вікінгаў дзейнічаюць у суседняй Літве. Так ці інакш, па меры росту сваіх шэрагаў паганцы задумаліся пра тое, што ім для сваіх рытуалаў патрэбны асобны храм.

Храм, які пачнуць будаваць у сакавіку, будзе каштаваць ісландскім падаткаплацельшчыкам каля 927 тысяч долараў. Галоўны правадыр паганцаў (дарэчы, па прафесіі кампазітар) кажа, што храм будзе разлічаны на 250 наведвальнікаў. У асноўным тут будуць заключаць шлюбы, прымаць неафітаў, адзначаць розныя святы, праводзіць рытуалы. Архітэктурны план храма своеасаблівы — у памяшканні на 350 квадратных метраў будзе адтуліна ў даху, каб праз яе праходзіў прамень сонечнага святла, што мае містычнае значэнне ў скандынаўскай паганскай філасофіі.

На першы погляд, усё гэта нагадвае развіццё турыстычнай інфраструктуры або звычайны рух рэканструктараў, які апошнім часам вельмі папулярны таксама і ў Беларусі.

Нават самі ісландскія паганцы прызнаюцца, што не вельмі вераць у Тора, Одзіна і іншых персанажаў старажытнай скандынаўскай рэлігіі. Адно з мясцовых англамоўных выданняў апытала некаторых вернікаў «Ásatr», якія прызналіся, як ім смешна, калі яны чуюць пра кабылаў з васьмю нагамі (адзін з персанажаў міфалогіі вікінгаў). Па іх словах, у паганскай рэлігіі ім цікава «культурная метафара, маніфестацыя моцы прыроды, вывучэнне нейкіх малавядомых старонак псіхікі чалавека». Статут «Ásatr» сцвярджае, што галоўная мэта праекту — сацыяльная актыўнасць, накіраваная на пашырэнне пра мінулае, а не пашырэнне рэлігійных вераванняў. Напрыклад, сябры «Ásatr» вельмі цікавяцца археалогіяй.

«Мы імкнёмся ўспомніць спрадвечную веру, першапачаткова агульную для ўсіх індаеўрапейскіх народаў, тое, у што яны верылі, перш чым з’явіліся сучасныя рэлігіі. Тая вера былі забытая, калі з’явіліся Буда, Мухамед, Заратустра, Ісус… кожны са сваім вучэннем. Але мы не пазычаем па частках штосьці ў індуізму, штосьці ў зараастрызму… Мы шукаем іх агульную аснову, там, дзе забытыя мудрасць і праўда», — кажуць лідары «Ásatr».

Аднак ёсць адзнакі таго, што бум паганства ў Ісландыі — нешта большае, чым хобі або інтарэс да старажытнай гісторыі і культуры. Па-першае, выбух моды на паганскую рэлігію адбываецца паралельна з крызісам ісландскай лютэранскай царквы (дамінуючай канфесій на востраве). Шэраг апошніх сексуальных скандалаў, фігурантамі якіх аказаліся лютэранскія пастары, моцна паўплываў на аўтарытэт хрысціянскіх устаноў (хаця 80 працэнтаў ісландцаў дасюль лічаць сябе лютэранамі).

Яшчэ адзін фактар — доўгая эканамічная рэцэсія, што размывае старыя каштоўнасці. Пасля дэфолту 2008 года і эрозіі веры ў матэрыяльнае накапленне, сярод ісландцаў пачаўся пошук новых мадэляў светапогляду, у аснове якіх адмова ад гонкі за грашыма і прадметамі спажывання. Паганства, як кажуць жрацы «Ásatr», гарантуе перагляд жыццёвых прыярытэтаў, і перш за ўсё адмову ад культу індывідуальнага спажывання на карысць больш духоўных заняткаў. Як піша адзін з амерыканскіх экспертаў, «Ásatr» прапануе іншы падыход да паўсядзённых жыццёвых праблем. На яго думку, «не выпадкова, што колькасць сяброў секты вырасла ўдвая за апошнія пяць гадоў, калі краіна знаходзілася ў крызісе».

Таксама не выпадкова, што навіна пра храм выклікала рэзананс у іншых паўночных краінах, якія сталі ахвярамі крызісу. Напрыклад, ірландская прэса прадказвае рэнесанс мясцовага кельцкага руху і стварэнне на яго базе палітычных вітрынаў. Контуры палітычнага паганства можна прасачыць ужо зараз. Нягледзячы на захапленне фальклорам і рознымі культурніцкімі акцыямі, «Ásatr» так ці інакш уцягваецца ў грамадска-палітычнае жыццё. Арганізацыя выступіла супраць легалізацыі абортаў, патрабавала пакарання для гандляроў наркотыкаў. У 1980-х гадах розныя аддзяленні «Ásatr» заклікалі да абмежавання іміграцыі і бралі ўдзел у экалагічным руху. Палітолагі кажуць, што фізіяномія палітычнага паганства будзе вынікам барацьбы двух яго асноўных флангаў — правых радыкалаў і спірытуальных анархістаў.

Каментаваць