Вясёлка над Польшчай

Лічылася, што мясцовыя выбары ў Польшчы ўвойдуць у гісторыю з-за хаосу пасля збою электроннай сістэмы галасавання. Але, хутчэй, яны запомняцца тым, што ў Паморскім Слупску мясцовае самакіраванне ўзначаліць гей.



Лічылася, што мясцовыя выбары ў Польшчы ўвойдуць у гісторыю з-за хаосу пасля збою электроннай сістэмы галасавання і не зразумелай некаторым выбаршчыкам кніжкі для галасавання (з-за гэтага на Памор’і, напрыклад, ледзь не да 50% бюлетэняў прызнана несапраўднымі).

Але, хутчэй, больш за ўсё гэтыя выбары запомняцца тым, што ў Слупску — горадзе ў Паморскім ваяводстве з насельніцтвам каля ста тысяч чалавек — пасля другога тура галасавання мясцовае самакіраванне ўзначаліць гей.

Знаёмцеся — Роберт Бедрань (Robert Biedroń). Роберт, якому зараз 38 гадоў, паходзіць з заштатнага прыкарпацкага гарадку Кросьне (Krośnie), дзе, па яго словах, у часы юнацтва ён не сустрэў ніводнага аднадумца. Юнацкая траўма, калі верыць словам Роберта, прынесла яму шмат пакутаў, прымусіла мяняць месца жыхарства і пачаць змагацца за правы такіх, як ён. 

Да паходу ў палітыку Роберта ведалі галоўным чынам як актывіста руху абароны праў прадстаўнікоў ЛГБТ. Найбольшую вядомасць яму прынесла судовае разбіральніцтва з нейкай фанатычнай каталічкай. Аднойчы жанчына публічна заявіла, што гомасексуалізм — гэта «хвароба». Сталася так, што побач праходзіў Роберт, які сказаў у адказ: «Сама ты нацыянал-каталіцкі фашыст». Жанчына абурылася і падала на хлопца ў суд. У выніку Роберта прызналі невінаватым. Праз пяць гадоў Бедраня зноў спрабавалі асудзіць, на гэты раз за бойку з паліцыяй падчас нейкай маніфестацыі ў абарону геяў. Аднак таксама безвынікова. 

У перапынках паміж грамадскай актыўнасцю і судовымі пасяджэннямі Роберт рабіў першыя крокі палітыка: выступаючы пад сцягамі эсдэкаў, рэгулярна атрымліваў на выбарах сціплыя нуль з хвосцікам працэнтаў. 

На пачатку нулявых гадоў палітычная кан’юнктура кардынальна змянілася. На арэну выйшаў амбіцыйны алігарх Януш Палікот. Палікот прыйшоў у палітыку з бізнесу, добра разумеючы, што прапанова вызначаецца попытам. А незадаволены попыт сярод польскага электарату быў на антыклерыкалаў (усё дзякуючы папулярнаму тэзісу пра тое, што царква і ксяндзы вывелі з-пад падаткаабкладання свае даходы, а значыць, пераклалі на плечы грамадзян дадатковы цяжар сацыяльных выдаткаў). Бедрань з яго рэнаме змагара з фанатычнымі каталічкамі цудоўна пасаваў крытэрыям кандыдата ад «Руху Палікота». Па выніках выбараў 2011 года яму дастаўся мандат дэпутата. 

І тут адбыўся цуд. Замест таго, каб шакаваць кансерватыўных калег-дэпутатаў маналогамі пра засілле каталіцкіх нацыянал-фашыстаў, Бедрань стаў узорам дысцыпліны, парламенцкай культуры і дэпутацкай адказнасці. Па выніках мінулага года ўплывовы часопіс «Polityka» ўключыў Роберта Бедраня ў спіс дзесяці лепшых парламентарыяў краіны. Ужо ў верасні мінулага года ён пачаў думаць пра выбары ў мэры Слупска, дзе пад яго дахам паўстаў грамадскі камітэт — правобраз выбарчага штабу.

У першым туры кандыдат ад «Твайго руху» (так цяпер называецца партыя Палікота) атрымаў толькі 20 працэнтаў. Затое ў другім туры з 57 працэнтамі падтрымкі разбіў галоўнага апанента з «Грамадзянскай платформы». 

Палітолагі лічаць, што галоўным фактарам, які паўплываў на жаданне галасаваць за Бедраня, быў яго імідж адказнага палітыка і надзея на радыкальныя перамены. Як жартуе прэса, новы мэр проста абавязаны выкладвацца. Менавіта ад яго залежыць нармалізацыя стаўлення палякаў да прысутнасці геяў у палітыцы. А без такіх тэктанічных рухаў у масавай свядомасці палякаў Роберт і яго партнёр ніколі не дачакаюцца часу, калі ў Польшчы легалізуюць аднаполыя шлюбы. Праўда, з іншага боку, мэру Слупска гарантавана нянавісць усіх гамафобаў Польшчы. Інтэрнэт-форумы перапоўненыя пастамі накшталт: «Гарэць табе, Роберт, у пекле». 

Акрамя гамафобаў ёсць яшчэ адна праблема. Бедрань ніколі не меў вопыту удзелу ў мясцовым самакіраванні. Сам ён кажа, што гэты недахоп лёгка кампенсуецца яго напрацоўкамі на пасадзе менеджара. У дадатак ён робіць стаўку на актыў жыхароў Слупска. «Маю намер стаць пазапартыйным і апалітычным мэрам. Мой партыйны гаркам — гэта ўсе жыхары горада», — кажа ён. Па словах новага слупскага мэра, да 2020 года горад будзе проста не пазнаць.

Але значна больш цікава, як вынікі выбараў адлюструюцца на польскім палітычным працэсе. На думку палітолагаў, падзеі ў Слупску вярнулі ў вялікую палітыку Януша Палікота, чый партыйны праект дыхаў на ладан. Яго фракцыя апошнім часам страціла прыкладна палову дэпутатаў. Цяпер, дзякуючы перамозе Бедраня, да «Руху Палікота» зноў вырас інтарэс, і перш за ўсё сярод выбаршчыкаў «Грамадзянскай платформы», якія адмоўна ўспрымаюць свайго новага партыйнага лідара Еву Копач (яна замяніла Дональда Туска пасля яго сыходу на працу Брусэль). Калі Палікот зможа выкарыстаць гэты трэнд, у яго ёсць шансы на тое, каб зноў пазмагацца за праход у Сейм на парламенцкіх выбарах у наступным годзе. Такая развязка выбараў можа цалкам змяніць цяперашняе ўяўленне пра склад будучай польскай урадавай кааліцыі. 

Напрыканцы застаецца адзначыць, што Слупск, які знаходзіцца побач з Гдыняй, увайшоў у склад сучаснай Польшчы пасля Другой сусветнай вайны. Засялялі яго ў тым ліку выхадцамі з былой Заходняй Беларусі. Сам Бедрань неаднаразова адзначаў, што сярод гараджан шмат нашчадкаў жыхароў Вільні і Гродна. 

 

Каментаваць