Вечнае кола Майданаў

Ва Украіне атыўна абмяркоўваецца магчымасць узнікнення Трэцяга Майдану. Наколькі Украіне пагражае падобны сцэнар, журналіст "Новага Часу" Алег Новікаў спрабуе высветліць у кіеўскага палітолага Юрыя Палянава.



— Шмат хто піша, што сітуацыя ва Украіне развіваецца па алгарытму 1917 года. Інакш кажучы, адной лютаўскай рэвалюцыяй справа не абмяжуецца. Вы згодныя з такімі прагнозамі?

— На самай справе, ідэя так званага Трэцяга Майдану агучвалася з першых дзён супрацьстаяння з Януковічам. Частка актывістаў ад пачатку баялася, што пратэст будзе манапалізаваны апазіцыяй, якая прафукала перамогу Майдана–2004. Яны нават заснавалі свой так званы студэнцкі або антыпартыйны Майдан, які з часам аб’яднаўся з апазіцыянерамі. Падчас барыкадных баёў гэтая праблематыка трошкі забылася, аднак цяпер — пасля серыі відавочных некампетэнтных крокаў ураду Яцэнюка — зноў набыла актуальнасць. Увогуле, ужо на другі дзень пасля стварэння новага кабміну група «Аўтамайдан» заявіла аб сыходзе ў апазіцыю з-за прызначэння дырэктарам МУС Авакова. Зараза тэма Майдана–3 ператварылася ў адну з самых папулярных ва ўкраінскай прэсе.

— Па якіх пунктах аматары Майдана–3 крытыкуюць урад Яценюка і адміністрацыю Турчынава?

— Гэта цэлы блок абвінавачанняў. Прычым, я думаю, хутка ён пашырыцца за кошт тэмы сацыялкі. На цяперашні момант урад крытыкуюць за непразрыстае размеркаванне пасад у адміністрацыі ўраду і прэзідэнта. Грамадства практычна штодня страсаюць скандалы на гэты конт. Так, на пасаду кіраўніка міліцыі Кіеўскай вобласці прызначылі Ігара Грынцэвіча, што да нядаўняга часу ўзначальваў сталічны Шаўчэнкаўскі райаддзел міліцыі, з якім звязаны шэраг гучных скандальных выпадкаў, у тым ліку загадкавая смерць аднаго студэнта ў пастарунку.

Разрэкламаванае палітыкамі народнае веча, якое, быццам, будзе прызначаць міністраў, аказалася фікцыяй. Была простая аб'ява са сцэны прозвішчаў людзей, якія цяпер сядзяць у міністэрскіх крэслах. Па-другое, улада забылася, што Майдан стаяў пад антыалігархічнымі лозунгамі. Між тым, адміністрацыя Турчынава актыўна лабіруе фінансава-прамысловыя групоўкі. Іх лідары ​атрымліваюць пасады губернатараў і розныя сур'ёзныя прэферэнцыі. Ну і апошні фактар — натуральна, страта Крыму. Можна вінаваціць Расію за акупацыю, можна вінаваціць крымчан за непатрыятызм, але частка віны ляжыць на кіеўскіх уладах. Па сутнасці, акрамя рэзалюцый нічога для выратавання паўвостраву зроблена не было. Ходзяць чуткі, што ваенныя прапанавалі в. а. прэзідэнта Украіны Аляксандру Турчынаву план па абароне Крыму, аднак Турчынаў адмовіўся яго прыняць.

— Наколькі рэальна тэхнічна рэалізаваць новы Майдан?

— Цалкам рэальна, паколькі галоўным ферментам магчымага новага бунту ёсць Майдан–2. Майдан не збіраецца раззбройвацца, а яго рэзідэнты — ісці ў так званую Нацгвардыю. Цяпер майданаўцы займаюць значную частку адміністрацыйных і гандлёвых плошчаў у цэнтры сталіцы, па сутнасці выконваючы функцыі ахоўнікаў. Штурмаваць барыкады ніхто не будзе, паколькі ўлада абвясціла майданацаў нацыянальнымі героямі. Няздольнасць раззброіць гэтыя вайсковыя фармаванні сведчыць, наколькі хісткі цяперашні рэжым. Ніводная з асоб уладнага кола не мае вялікага аўтарытэту ў майданаўцаў. Нават Алег Цягнібок страціў свой ​​уплыў на радыкальную частку майданаўскай публікі. Адзінае, што можа прытармазіць путч, — ён не будзе мець падтрымкі з боку Захаду і мецэнатаў. Украінская алігархія на цяперашнім этапе дасягнула сваіх мэтаў.

— Калі можа адбыцца новы Майдан?

— Пакуль што найбольш часта фігуруе дата 25 мая, калі маюць адбыцца выбары прэзідэнта, а іх вынікі не задаволяць людзей на Майдане. Іншыя чакаюць выбуху пратэстаў увосень, калі народ на сваёй скуры адчуе наступствы рэалізацыі праграмы крэдыту МВФ — скарачэння ільгот, росту тарыфаў. Таму зараз вельмі папулярная тэорыя, што наступны Майдан будзе цалкам бунтам галодных.

— З якой праграмай людзі могуць выйсці на новы Майдан?

— На днях сотнікі Майдану выставілі ўраду Яцэнюка ўльтыматум. Думаю, што ў выпадку Майдану–3 большасць гэтых патрабаванняў, хутчэй за ўсё, стануць праграмай рэвалюцыі. Патрабаванні наступныя. Узгадненне з народам у асобе прадстаўнікоў Майдана ўсіх далейшых дзеянняў і кадравых прызначэнняў. Правядзенне неадкладнай люстрацыі службовых асоб, народных дэпутатаў і чыноўнікаў, якія апошнія дзесяць гадоў знаходзіліся на кіруючых пасадах і ў органах улады. Правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў разам з прэзідэнцкімі. Фармаванне складу ЦВК і выбарчых камісій на пазапартыйнай аснове і выключна з членаў тэрытарыяльных грамад і прадстаўнікоў Майдана. Стварэнне аргкамітэта па скліканні ўстаноўчага сходу.

— Новы Майдан на руку Маскве ці не?

— На першы погляд, так. Пра гэта можна казаць, зыходзячы з таго, наколькі шмат месца надае гэтай тэме ўкраінская прэса, якая кантралюецца расійскім бізнэсам. Таксама цікава, што за пераварот выступаюць правыя радыкалы, якіх падазраюць у тым, што яны з’яўляюцца марыянеткамі ў руках расійскіх спецслужбаў. Насамрэч, вельмі шмат іх акцый маюць характар прамаскоўскіх правакацый — накшталт заяў аб намерах забраць некаторыя землі ў Польшчы, збіццё дырэктара Першага нацыянальнага тэлеканала. Новы Майдан выгадны Маскве, паколькі гэта справакуе абвал каркасу дзяржаўных інстытутаў. Гэта новы віток унутранага грамадзянскага супрацьстаяння, паколькі Захад не прызнае путчыстаў. З іншага боку, калі новы Майдан будзе мець не нацыяналістычны, а выразны сацыяльны складнік, то яго падтрымаюць рускамоўныя ўсход і поўдзень. У такім выпадку Майдан перастане быць жупелам для простых расійцаў і зблытае карты Пуціну.

Каментаваць