Яшчэ адзін вечны прэзідэнт

Блізкая да Нурсултана Назарбаева грамадская арганізацыя заклікала да правядзення датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў. Пра тое, што і хто стаіць за гэтай ініцыятывай, "НЧ" распавёў казахскі праваабаронца Андрэй Грышын. 



— Думаю, большасці беларускіх чытачоў не вельмі зразумелы ажыятаж вакол пастановы Асамблеі Народу Казахстана (АНК), што 14 лютага заклікала да новых выбараў. Адпаведна статуту, гэта арганізацыя нават не з’яўляецца юрыдычнай асобай. Чаму выключаецца версія, што заява АНК — гэта акт падхалімажу або інфармацыйнае «укідванне» з мэтай маніторынгу настрояў?

— Калі размова ідзе пра АНК, усё вельмі сур’ёзна. Фактычна, Асамблея Народу Казахстана, якую, дарэчы, асабіста стварыў і курыруе Назарбаеў, з’яўляецца структурным кансультатыўна-дарадчым органам пры прэзідэнце. Пра тое, што выбары — справа вырашаная, сведчыць і аператыўная падтрымка ініцыятывы з боку прэзідэнцкай партыі «Нур Атан». Нарэшце, усе, што адбываецца, вельмі нагадвае сцэнар 2011 года, калі таксама мелі месца датэрміновыя выбары прэзідэнта. Тады таксама іх ініцыятарам сталі нейкія фармальна няўрадавыя грамадскія арганізацыі.

— Чым аргументуюць сябры АНК неабходнасць правесці выбары на год раней, чым гэта патрабуе Канстытуцыя?

— На думку кіраўніцтва Асамблеі Народу Казахстана, выбары патрэбныя, каб эфектыўна рэалізаваць некалькі дзяржаўных праграм, а таксама забяспечыць рост гаспадаркі ва ўмовах эканамічнага крызісу і складанай міжнароднай сітуацыі. Нечаканы пункт: праз выбары спыніць спекуляцыі наконт фігуры пераемніка Назарбаева. Быццам, такога кшталту плёткі падрываюць грамадскую стабільнасць. Самы смешны аргумент за датэрміновыя выбары звязаны з двума юбілеямі: 75-годдзем Назарбаева і 550-годдзем казахскага ханства. Атрымліваецца, што юбілеі нейкім чынам нададуць выбарам сімвалічны капітал. Хаця ўжо зараз відавочна, што мабілізоўваць электарат будуць за кошт нагнятання жахаў пра ўкраінскі сцэнар, які, быццам, непазбежны ў выпадку сыходу Елбасы.

— Якія, на тваю думку, сапраўдныя матывы Назарбаева, на карысць пераносу выбары?

— Большасць экспертаў згодныя, што Назарбаеў папросту баіцца пагаршэння эканамічнай сітуацыі, бо наша гаспадарка залежная ад коштаў на нафту. На такім фоне ў 2016  годзе перамагчы будзе цяжка. Ёсць таксама меркаванне, што датэрміновая перамога патрэбная Назарбаеву ў якасці нейкага карт-бланш ад грамадства на непапулярныя эканамічныя рэформы накшталт скарачэння сацыяльных праграм або дэвальвацыю. Мая асабістая думка — вырашальную ролю адыгралі асабістыя комплексы Елбасы. Тут трэба прыняць пад увагу, што літаральна пару тыдняў таму згоду на ўдзел у сакавіцкіх выбарах даў 77-ці гадовы ўзбекскі гарант Карымаў. Паколькі паміж элітамі Казахстана і Узбекістана даўно ідзе нефармальнае спаборніцтва, Нурсултан успрыняў навіны з Ташкента як асабісты выклік і таксама вырашыў пераабрацца.

— «Нурсултану Назарбаеву неабходна даць новы мандат агульнанацыянальнага даверу для паспяховага праходжання краіны ў перыяд глабальных выпрабаванняў... Гэтая ініцыятыва фактычна безальтэрнатыўная», — гаворыцца ў тэксце пастановы Асамблеі Народу Казахстана. Атрымліваецца, што пераможца будучых выбараў вядомы загадзя. Як казахі рэагуюць на тое, што іх чакае выбарчы фарс?

— Сярод тых, хто цікавіцца палітыкай, дамінуе песімізм. Лепш за ўсё праілюстраваў стан рэчаў адзін з палітолагаў: «Казахі могуць бясконца глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і як пераабіраецца прэзідэнт». Увогуле ў нас за апошнія 10 год выбары ні разу каляндарна не праводзіліся адпаведна закону. Аднак на гэты раз усё выглядае больш трагічна. Была папулярная тэма, што Назарбаеў у наступным годзе ўсё ж пагодзіцца на транзіт улады. Цяпер відавочна, што зменаў не плануецца, як мінімум да 2020-га года. Некаторыя нават кажуць, што перанос выбараў — пахаванне рэспубліканскага ладу.

— Якая рэакцыя апазіцыі на апошнія падзеі? Будзе яна выстаўляць свайго кандыдата або зробіць стаўку на байкот?

— Казахская апазіцыя падышла да лютага 2015-га вельмі слабай і інертнай з-за хвалі рэпрэсій, што была выкліканая падзеямі ў Жанаазене. Апазіцыйны кандыдат у такіх умовах маларэальны, хаця ёсць ідэя праймерызу. Гэта, на думку аўтараў ідэі, дапаможа апазіцыянерам вызначыцца з лідарам. Што тычыцца байкоту, то ліберальная фракцыя апазіцыі сапраўды прапануе байкатаваць выбары і адначасова правесці арганізаваную кампанію назірання, каб давесці наяўнасць фальсіфікацый. Аднак зноў жа паўстае пытанне рэсурсаў, якія трэба знайсці тэрмінова, бо выбары запланаваныя на красавік. Вымушаны пагадзіцца з адным з апазіцыянераў — адзіная надзея на дэвальвацыю. У выпадку эканамічных катаклізмаў Назарбаеў, натуральна, адтэрмінуе дату галасавання.

— У выпадку, калі апазіцыя ігнаруе выбары, як будзе тлумачыць ЦВК адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі ў бюлетэнях?

— Ніяк. Як правіла, стварэнне ілюзіі альтэрнатывы адводзіцца статыстам — нейкім марыянетачным палітыкам. Адзін з такіх, дарэчы, ужо паведаміў пра сваё жаданне зноў ісці на выбары, паколькі, па яго словах, гэта магчымасць «кайфануць». У дадатак Захад з-за напружанасці ў Афганістане і Сірыі на гэты раз можа заплюшчыць вочы на 97 працэнтаў галасоў за Назарбаева. Менавіта ў такой падтрымцы, па сведчанню некаторых крыніц, упэўнены Назарбаеў па выніках выбараў.

Ад рэдакцыі: 25 лютага Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ аб правядзенні пазачарговых выбараў кіраўніка дзяржавы 26 красавіка бягучага года, аб чым ён заявіў у звароце да грамадзян, які трансляваўся на рэспубліканскіх тэлеканалах. "У інтарэсах народа, улічваючы іх просьбу да мяне і волю ўсеагульную, я прыняў рашэнне і падпісаў указ аб прызначэнні на 26 красавік 2015 пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў",  —  сказаў укіраўнік Казахстана.

Каментаваць