Венгерская апазіцыя — пераадольваючы бар’еры

«Справядлівасць, бяспека, свабода, дабрабыт» — так называецца перадвыбарчая праграма, якую на сваім з’ездзе зацвердзіла Сацыялістычная партыя — адна з буйнейшых апазіцыйных партый Венгрыі.



Каралеўскі палац. Зараз прэзідэнцкая рэзідэнцыя ў Будапешце з балкону міністэрства юстыцыі. Фота Аксаны Колб


Парламенцкія выбары ў Венгрыі адбудуцца ў красавіку 2014 года і стануць ледзь не самымі складанымі для апазіцыі. На шляху да ўлады ёй давядзецца пераадолець даволі значныя ба’еры.

Першы бар’ер — заканадаўчы

Венгерская выбарчая сістэма, па меркаванні большасці аналітыкаў, з’яўляецца адной з самых складаных не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Яна ўсталявалася ў 1989 годзе падчас змены рэжыму і стала вынікам кампрамісу паміж існуючымі на той момант палітычнымі сіламі.

З таго часу выбарчае заканадаўства часткова карэктавалася і неаднаразова крытыкавалася еўрапейскімі структурамі за некаторыя недэмакратычныя пункты. Значныя змены ў заканадаўства пра выбары увосень 2012 года ўнёс урад Віктара Орбана. Па меркаванні апазіцыі, якая назвала закон «ударам у твар дэмакратыі», ён значна скарачае шансы на перамогу любой іншай партыі, акрамя кіруючай.

Па новаму закону, амаль удвая скарачаецца колькасць дэпутатаў. Зараз у венгерскім парламенце 386 дэпутатаў (176 былі абраныя па аднамандатных акругах, 210 — па партыйных спісах). У 2014 годзе колькасць дэпутатаў скароціцца да 199 (106 — аднамандатныя, 93 — спісы). Суадносна павялічваецца і тэрыторыя акругі, ад якой будзе абіраецца дэпутат.

Ільдзіка Лендваі

«Праблема не толькі ў тым, што, скараціўшы колькасць дэпутатаў, значна павялічылі памер акругі, — лічыць экс-старшыня Сацыялістычнай партыі Ільдзіка Лендваі, — а ў тым, што гэтыя акругі цалкам перадзялілі. І зараз, напрыклад, да тых раёнаў, дзе былі даволі моцныя пазіцыі ў сацыялістаў ці лібералаў, дадаліся тэрыторыі, якія традыцыйна падтрымліваюць кансерватараў, то бок правячую партыю «Фідэс». Акрамя таго, змянілася сістэма  заліку так званых кампенсацыйных галасоў (галасы, пададзеныя за кандыдатаў, што пацярпелі паразу ў аднамандатных акругах, часткова кампенсаваліся партыям, якія пераадолелі 5-працэнтны бар’ер). Цяпер кампенсацыю атрымлівае не той, хто прайграў, а той, хто выйграў. З улікам перакройвання акругаў, гэта значна зніжае шансы апазіцыі. Калі на мінулых выбарах «Фідэс» атрымала 53% галасоў, гэта дало ёй каля 70% месцаў у парламенце. То пры сённяшняй сістэме падліку галасоў для атрымання 2/3 месцаў у парламенце будзе дастаткова і 45% галасоў выбаршчыкаў».

Ёсць яшчэ некалькі пунктаў выбарчага заканадаўства, якія ўскладняюць задачу апазіцыі і раскрываюць дарогу дзеючай урадавай кааліцыі. Сярод іх — павелічэнне тэрміну выбарчай цішыні да 8 дзён, калі забаронена публікацыя будзь-якіх вынікаў сацыялагічных даследаванняў.

Новы закон забараняе выкарыстоўваць для выбарчай кампаніі прыватныя СМІ і інтэрнэт, дазваляючы карыстацца толькі бясплатнымі плошчамі ў дзяржаўных выданнях. Працягласць жа самой выбарчай кампаніі скарачаецца да 50 дзён. З улікам павялічанай тэрыторыі акругаў, гэта дае безумоўныя перавагі дзеючай уладзе: яе справаздачы і бадзёрыя планы на будучыню, якія ўжо пачалі друкаваць дзяржаўныя СМІ, не лічацца перадвыбарчай кампаніяй.

Ёсць яшчэ адзін пункт, які павялічвае шансы правячай кааліцыі. Новы закон дазволіў удзельнічаць у выбарах венграм замежжа. Для гэта толькі трэба зарэгістравацца ў Нацыянальным выбарчым бюро (тэхнічны орган), запоўніць спецыяльны бланк і не пазней, чым за 15 дзён да пачатку галасавання, яго даслаць. Ёсць магчымасць і анлайн рэгістрацыі.

Дарэчы, лідар ультраправай партыі «Jobbik» («За лепшую Венгрыю») Габар Вона нядаўна наведаў Закарпацкую Украіну, дзе пражывае, паводле розных ацэнак, каля 100 тысяч этнічных венграў (усяго на Украіне каля 200 тысяч грамадзян лічаць сябе этнічнымі венграмі). Прыкладна 64 тысячы закарпацкіх венграў ужо зарэгістраваліся ў якасці выбаршчыкаў. Гэты візіт шмат хто з палітолагаў разглядае як пачатак перадвыбарчай агітацыі.

«Прыкладна 2–2,5 мільёна выбаршчыкаў жыве за межамі Венгрыі. Калі ўлічыць, што колькасць выбаршчыкаў у самой Венгрыі каля 8 мільёнаў, то ўплыў замежных венграў можа быць даволі значны. Але гэтыя людзі стала не жывуць у Венгрыі і не могуць аб’ектыўна ацаніць тое, што тут адбываецца. Да таго ж яны будуць галасаваць па пошце, што адчыняе магчымасці для фальсіфікацый», — падкрэслівае Ільдзіка Лендваі.

Дададзім, што 30 верасня парламент замяніў усіх пастаянных сябраў Нацыянальнага выбарчага камітэта, а старшынёй стаў рэктар Нацыянальнага ўніверсітэта дзяржслужбы. Усе новыя сябры НВК не маюць вопыту правядзення выбараў, а іх імёны сталі вядомыя дэпутатам толькі 27 верасня.

Ёсць яшчэ некалькі пунктаў выбарчага закону, якія ўскладняюць шлях да перамогі для апазіцыі. Напрыклад, адмена другога туру выбараў і парогу яўкі. Таму, калі апазіцыя хоча перамагчы, першае, што яна павінна зрабіць, — аб’яднацца.

Бар’ер другі — амбіцыі

Па сцвяржэнні экс-прэм’ера Венгрыі Ферэнца Дзюрчаня, сёння ўжо 53 працэнта насельніцтва Венгрыі жадаюць змены ўлады і толькі 30 працэнтаў падтрымліваюць дзеючую ўладу.

Ферэнц Дзюрчань

 

«Тым не менш, даследаванні паказваюць, што ў апазіцыі няма большасці. У гэтага дзве прычыны. Першая — зараз людзі баяцца адкрыта выказваць свае думкі. Ну а другая — у тым, што тая апазіцыйная альтэрнатыва, якую мы на дадзены момант можам прадэманстраваць, шмат для каго не надта пераканаўчая», — лічыць экс-прэм’ер, а зараз лідар Дэмакратычнай кааліцыі (створана на базе фракцыя Сацыялістычнай партыі Венгрыі).

«З 2010 года «Фідэс» згубіла шмат прыхільнікаў. Але апазіцыя іх не прыдбала. У нас кажуць, што самая вялікая партыя ў Венгрыі — партыя беспартыйных. Трэба змагацца менавіта за гэтых людзей. Калі апазіцыя не здолее перацягнуць іх на свой бок, мы прагназуем вельмі высокі ўзровень абсентэізму, а значыць, «Фідэс» застанецца пры ўладзе. Пасіўнае насельніцтва не ідзе да апазіцыі, таму што не бачыць аб’яднанай апазіцыі. Нам трэба аб’ядноўвацца (я маю на ўвазе толькі дэмакратычную апазіцыю), і зараз нарэшце гэтыя працэсы пайшлі больш паспяхова», — адзначае Ільдзіка Лендваі.

Сапраўды, напрыканцы верасня два найбуйнейшых апазіцыйных гульца — Сацыялістычная партыя Венгрыі на чале з Ацілам Мештэрхазі і альянс «E14-PM» (Кааліцыя «Разам 2014») на чале з яшчэ адным экс-прэ’ерам Горданам Байнаі —дамовіліся пра супрацоўніцтва на парламенцкіх выбарах. Партыі будуць працаваць па асобных спісах. Але ва ўсіх 106 аднамандатных акругах выставяць узгодненых адзіных кандыдатаў.

Разам з тым рада Сацыялістычнай партыі абвясціла, што не будзе супрацоўнічаць з Дэмакратычнай кааліцыяй, лібераламі ды сацыял-дэмакратамі. А ў заяве альянсу «E14-PM» падкрэслена, што дамовай з сацыялістамі завершана фармаванне апазіцыйнага блока. Такім чынам, Ферэнцу Дзюрчаню месца ў кааліцыі ўжо не будзе.

«Лідары партый таксама людзі. У іх ёсць пачуцці, амбіцыі, яны не лепш і не горш, чым хто-небудзь іншы. Галоўная праблема сапраўды палягае ў тым, што мы (лідары) маем амбіцыі стаць прэм’ер-міністрам. Ні адзін з нас не жадаў саступаць, што і перашкодзіла прыйсці да згоды», — тлумачыць сітуацыю спадар Дзюрчань.

Калі дадаць, што аб’яднанне раскалола на дзве партыі зялёны рух, атрымліваецца, што асабістыя амбіцыі ці палітычныя сімпатыі могуць даволі моцна перашкодзіць агульнай справе — перамозе ўвесну 2014-га.

* * *

У 2010 годзе «Фідэс» прыйшоў да ўлады, умела выкарыстоўваючы эканамічны крызіс, карупцыйныя скандалы і папулісцкія лозунгі. Паўнавартаснай праграмы ў партыі не было, затое было шмат крытыкі і абяцанняў.

«У 2009–2010 гадах у людзей складвалася ўражанне, што ва ўладзе поўны хаос. Ім было без розніцы, хто прыйдзе да ўлады, абы ўсталяваўся парадак. Таму «Фідэс» і атрымала столькі галасоў, — лічыць Ільдзіка Лендваі. Гэта яна ўзначаліла Сацыялістычную партыю ледзь не ў самыя цяжкія часы — у 2009–2010 гадах, калі пасля гучных скандалаў прэм’ер Дзюрчань сышоў у адстаўку, а ўрадавая кааліцыя развалілася. — У такіх умовах я разумела, што мы прайграем».

Ферэнц Дзюрчань лічыць, што ў першую чаргу параза была вынікам тых маштабных рэформ, якія пачаліся ў Венгрыі, «яны былі вельмі неабходныя, але і вельмі непапулярныя, чым і скарысталася «Фідэс».

 

У адказ на крытыку з боку апазіцыі і ЕС прадстаўнік Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (уваходзіць у кааліцыю з «Фідэс»), дзяржсакратар міністэрства юстыцыі Бенцэ Рэтвары сцвярджае, што менавіта дзеючая ўлада, як ніхто раней клапоціцца пра дабрабыт грамадзян і нацыянальныя інтарэсы краіны.

Бенцэ Рэтвары

«У ЕС цяпер крызіс, і кожная краіна спрабуе знайсці з яго выйсце. Венгрыя шукае свой шлях. Мы будуем дзяржаву, якая засноўваецца на працы, а галоўная філасофія венгерскага ўрада — хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці. І гэта шмат каму не падабаецца», — кажа спадар Рэтвары.

Каб зразумець, хто з іх мае рацыю, трэба не адзін месяц пражыць у Венгрыі. І на свае вочы пабачыць вынікі тых пераўтварэнняў, якія абяцае ўрад. Нейкія рэформы падаюцца мне вельмі слушнымі. Іншыя крокі ўрада хутчэй нагадваюць перадвыбарчыя абяцанкі: павялічыць заробкі лекараў, знізіць яшчэ на 10 працэнтаў камунальныя плацяжы, зрабіць жыллё даступным, даць больш грошай на культуру, змагацца з карупцыяй.

Але за адно сённяшні ўрад акладна заслугоўвае павагі. Па ініцыятыве Віктара Орбана ў 2011 годзе быў прыняты закон, які адмяняе тэрмін даўнасці на ваенныя злачынствы. На мінулым тыдні перад судом прадстаў Бэле Біску, які аддаваў загады аб расстрэле дэманстрантаў у снежні 1956 года. 

Фота аўтара

Каментаваць