Венесуэла. Пратэстоўцы на Вялікдзень запатрабавалі ўваскрашэння дэмакратыі

Сотні прыхільнікаў апазіцыі выйшлі на Вялікдзень на вуліцы Каракаса, патрабуючы ўваскрашэння дэмакратыі, паведамляе euronews.



Акцыі пратэсту супраць Нікаласа Мадура, які адзначае сваю першую гадавіну на пасадзе прэзідэнта Венесуэлы, працягваюцца ў краіне ўжо больш за два месяцы.

Маніфестанты прайшлі маршам да штаб-кватэры ААН у Каракасе. Па шляху, па святочнай традыцыі, спалілі пудзіла Юды — на гэты раз, з маскай Мадуры.

"Гэта спаленне Юды сімвалізуе канец цэлай эпохі, — кажа адна з дэманстрантак. — Канец болю маці, якія бачаць раны сыноў, якія змагаюцца за магчымасць мець лепшую будучыню. Гэта канец дыктатуры Мадуры".

Пратэстныя выступы ў Венесуэле выкліканыя цяжкім эканамічным становішчам, у прыватнасці, інфляцыяй, гадавы ўзровень якой вырас амаль да 60%, а таксама дэфіцытам тавараў першай неабходнасці. З пачатку лютага ў ходзе сутыкненняў загінулі больш за 40 чалавек, каля 600 атрымалі раненні, сотні арыштаваныя.

Каментаваць