Венесуэльскі Майдан

Праз год пасля смерці Уга Чавеа створаная імі мадэль на вачах перастае функцыянаваць, вынікам чаго сталі масавыя вулічныя пратэсты. З улікам таго, што ўсе вакол толькі і кажуць пра Украіну, паведамленне  пра нейкую іншую рэвалюцыю міжволі ўспрымаеш праз прызму вопыту Майдану. 



Тым больш, што некаторыя паралелі паміж Каракасам і Кіевам прысутнічаюць. Напрыклад, па той бок акіяну апазіцыянеры таксама зносяць помнікі. Праўда, у іх не «ленінапад», а «угапад»: ахвярамі маніфестантаў з’яўляюцца помнікі Чавесу.

Асацыяцыі можна працягнуць, калі ўзгадаць, што стартавай кропкай украінскай рэвалюцыі стаў шок у грамадстве, выкліканы кадрамі збіцця студэнтаў на Майдане. Аналагічную  рэакцыю выклікала ў венесуэльцаў нядаўняя трагедыя на адной з аўтазаправак, дзе на вачах 5-гадовай дачкі злачынцы расстралялі яе бацьку і маці — былую Міс Венесуэла.

Аднак значна больш уразіла людзей не брутальнасць налётчыкаў, а паводзіны ўлады. Каментуючы забойства, прэзідэнт Нікалас Мадура пераклаў усю адказнасць на аўтараў тэлесерыялаў, якія, быццам, і правакуюць гвалт у грамадстве. Пытанню сцэнарыяў да серыялаў прысвяцілі нават спецыяльнае пасяджэнне прэзідэнцкай адміністрацыі. 

І тут усім адразу і канчаткова стала зразумела, што чавісты ніколі не ў сілах вырашыць адну з самых балючых праблем венесуэльскага грамадства — яны не здольныя гарантаваць людзям бяспеку. Нагадаем, што краіна — адзін з сусветных рэкардсменаў па колькасці вулічных забойстваў (у мінулым годзе на вуліцах венесуэльскіх гарадоў забілі 25 тысяч чалавек). Пры гэтым 97 працэнтаў забойстваў, па статыстыцы, застаюцца не раскрытымі. 

Праўда, усе палітолагі прызнаюць, што адной толькі тэмы бяспекі было недастаткова, каб людзі пайшлі на вуліцы. Мае месца кумулятыўны эфект: сістэма, як кажуць, прасядае адразу ў некалькіх месцах. Акрамя тэмы злачынства людзей непакоіць стан эканомікі. Тое, што інфляцыя ў Венесуэле вельмі высокая (56 працэнтаў у мінулым годзе), ведаюць усе. Таксама вядома, што краіна, нягледзячы на ўсе спробы Чавеса стварыць сваю індустрыяльную базу, жыве за кошт нафтавай рэнты. З часам гэта прывяло да заняпаду айчыннай прамысловасці (колькасць прадпрыемстваў за апошнія 13 гадоў скарацілася да ўзроўню 1973 года) і, адпаведна, да татальнай залежнасці ад імпарту. Адсюль дзяжурны дэфіцыт тавараў масавага спажывання, пачынаючы ад туалетнай паперы і заканчваючы харчаваннем, што, натуральна, прыводзіць да росту коштаў.

І зноў жа ўрад спрабуе лячыць раны явачным парадкам. Прыхільнікі Мадуры прыходзілі ў крамы і патрабавалі ад іх уладальнікаў тут і зараз знізіць кошты на тавары. Нечаканы распродаж, натуральна, выклікаў эйфарыю ў тых, хто быў у гэты час у крамах. Аднак у нацыянальным маштабе такая мера хутчэй спрыяла падзенню прадпрымальніцкай актыўнасці, што стала яшчэ адным штуршком для росту дэфіцыту. У гэтым плане цікава, што першыя барыкады супраць Мадуры паўсталі ў бедных кварталах, якія доўгі час лічыліся бастыёнам рэжыму.

І, нарэшце, апошні момант — крызіс мадэлі кіравання. Увесь існуючы цяпер у Венесуэле рэжым быў пабудаваны з заточкай пад фігуру Уга Чавеса. Яго харызма і аўтарытэт дазвалялі яму кантраляваць дыскурс у грамадстве, а галоўнае — у выпадку з’яўлення нейкай праблемы адразу пераводзіць стрэлкі на каго-небудзь іншага — на істэблішмент, на бюракратаў, на амерыканскіх шпіёнаў і г.д. У Нікаласа Мадуры — гэта канстатуюць усе — быць папулістам не атрымліваецца.

Натуральна , што венесуэльская мадэль пасля яго прыходу ва ўладу пачала буксаваць. Спробы Нікаласа неяк эксплуатаваць харызматычную традыцыю папярэдніка хутчэй выклікалі смех (дастаткова ўзгадаць яго маналог пра тое, як Чавес з’явіўся яму ў выглядзе птушкі). Адсутнасць харызмы прэзідэнт паступова пачаў кампенсаваць агрэсіўнай рыторыкай і рэпрэсіямі. За 10 месяцаў яго знаходжання ва ўладзе скарацілася медыяпрастора, узрос ціск на апазіцыю.

Усё гэта ў выніку і выклікала венесуэльскі Майдан. На працягу апошніх трох тыдняў практычна кожны дзень у краіне праходзяць буйныя маніфестацыі апазіцыі. Прычым, у адрозненні ад Украіны, дзе людзі спачатку доўгі час верылі ў мірны пратэст, тут, з-за наяўнасці на руках у насельніцтва зброі, эскалацыя гвалту пачалася з першай гадзіны. Colectivos — групы прыхільнікаў Чавесу, часта стралялі ў дэманстрантаў. Стаўка на гвалт з боку ўлады, аднак, мела адваротны эфект. Той факт, што паліцыя не чапае мясцовых «цітушак», якія паляць па людзях, стала дэманстрацыяй выбарачнага прынцыпу права і яшчэ больш пашырыла колькасць незадаволеных. Пасля такіх выпадкаў прапановы Мадуры пачаць дыялог ужо не ўспрымаюцца.

Увогуле, тактыка ўлады адносна пратэстаў сыходзіць з пастулатаў канспіратыўнай тэорыі. Як і ў выпадку праблем з эканомікай або з феноменам злачынстваў, усё тлумачыцца інтрыгамі ворага. Лічыцца, што дэманстрацыі арганізуюць «фашысты, якія звязаныя з ЦРУ». Не выпадкова, што адной з першых рэакцый Мадуры на маніфестацыі стала высылка трох амерыканскіх дыпламатаў.

Нежаданне прызнаць шырокую сацыяльную прыроду пратэстаў выстаўляе ўладу ў камічным свеце. Прыкладна праз тыдзень пасля пачатку маніфестацый Леапольда Лопес, адзін з лідадаў студэнцкага руху, добраахвотна прыйшоў і здаўся паліцыі. Лопеса, якога афіцыйныя СМІ зрабілі галоўным арганізатарам пратэстаў, адразу адправілі на нары. Аднак, як бачым, на колькасць пратэстаў арышт не паўплываў.

Было б наіўна ідэалізаваць апазіцыю, у якой ёсць свой «Правы сектар» у выглядзе структур, звязаных з калумбійскімі парамілітарнымі атрадамі, што змагаюцца супраць партызан. Гэтая фракцыя ахвотна адказвае агнём на агонь з боку Colectivos. Больш рэфармісцкай лініі трымаецца «Стол дэмакратычнага адзінства» (Mesa de Unidad Democratíca) — кааліцыя дэмакратычных партый, якая яўна не кантралюе вуліцу. Аднак, безумоўна, маторам пратэсту з’яўляецца студэнцкі рух, чые праграмныя патрабаванні вельмі абстрактныя і не ідуць далей за лозунг адстаўкі Мадуры.

Што тычыцца перспектыў венесуэльскіх пратэстаў. Вышэй мела месца спроба знайсці агульнае паміж выступамі ў Венесуэле і ў ва Украіне. Цяпер час сказаць пра тое, чым яны адрозніваюцца. Перш за ўсё, гэта — фінансавыя магчымасці Мадуры. Маючы каля 60 мільярдаў штогод у бюджэце, рэжым можа купіць лаяльнасць вялікай групы насельніцтва. Акрамя таго, Мадуру будзе, як камікадзэ, да самага канца падтрымліваць прыкладна чвэрць венесуэльцаў, якія зрабілі пры Чавесе сацыяльны ліфт — перайшлі з катэгорыі бедных у сярэдні клас. Таму казаць пра тое, што цяперашні венесуэльскі Майдан будзе пераможным, пакуль усё ж рана. Аднак, калі сам Мадура не будзе мяняць сістэму, ён стоадсоткава прайграе, пахаваўшы адначасова ўсё, што яму завяшчаў Уга.

Каментаваць