Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вострая брама супярэчнасцяў

Шмат ліберальных палякаў лічаць, што спрэчка паміж Вільняй і Варшавай вакол выявы Вострай брамы на новых польскіх пашпартах — не проста выпадковасць, а правакацыя з нейкай глабальнай мэтай.

У вядомым вершы Ула­дзіміра Маякоўскага пра «сярпаста-малаткасты» пашпарт апісваецца ў тым ліку і стаўленне еўрапейскіх памежных службоўцаў да польскіх дакументаў. У 1920-я гады, калі быў напісаны твор, Польшча толькі аднавіла незалежнасць, і пашпарт паляка выклікаў вялікі інтарэс. Падаецца, падобную рэакцыю будуць выклікаць і новыя польскія пашпарты, якія плануюць выдаць у наступным годзе да стагоддзя аднаўлення незалежнасці. Яны ўжо зараз справакавалі сапраўдны міжнародны скандал.

Усё праз выявы на старонках дакументу, дзе будуць змешчаны важныя для Польшчы гістарычныя асобы і матывы. Сярод іх — Мемарыял арлянят у Львове (яго выяву ўжо зацвердзілі) і Вострая брама ў Вільні (гэты варыянт выстаўлены на інтэрнэт-галасаванне).

Як і папярэджвала мясцовая ліберальная прэса, у Кіеве і Вільні пабачылі ў малюнках замах на суверэнітэт. Аж да таго, што літоўскі МЗС выклікаў польскага дыпламата. Калі верыць СМІ, аналагічны пратэст рыхтуе і ўкраінская дыпламатыя.

Што тычыцца Вільні і Кіева, іх матывацыя больш-менш зразумелая. Кіеўскія ўлады ва ўмовах канфлікту на Усходзе робяць стаўку на нацыяналістычную рыторыку. Што тычыцца Літвы, то наяўнасць на цяперашняй Віленшчыне актыўнай польскай меншасці дае літоўскім палітыкам глебу, каб спекуляваць на пагрозе сепаратызму.

Частка польскага палітыкуму сапраўды настальгуе па часах Другой Рэчы Паспалітай, калі Вільня была польскай. Аднак відавочна, што зараз не лепшы час, каб правакаваць Літву.

Польскі ўрад, які фармуе партыя «Права і Справядлівасць» (PiS) на сёння ўжо паспеў моцна пасварыцца з Брусэлем, дзе пайшлі на беспрэцэдэнтны крок: праз нежаданне Варшавы прымаць імігрантаў запушчаная афіцыйная працэдура следства. Вынікам можа стаць накладанне на Польшчу буйных грашовых штрафаў, а таксама пазбаўленне яе права голасу ў Савеце ЕС. Але нават складанасці з ЕС — толькі вяршыня айсбергу. У Берліне негатыўна каментуюць свежую ідэю польскага МЗС патрабаваць у Германіі рэпарацыі за Другую сусветную вайну. Нарэшце, прыняты ў чэрвені польскі закон пра знос помнікаў савецкім жаўнерам раз’юшыў расійскіх ура-патрыётаў.

«Пра адносіны з суседзямі лепш не казаць. Гэта амаль 1939 год, калі ў нас ёсць два ворагі — Расія і Германія. Плюс Літва, з якой, як перад вайной, былі дрэнныя стасункі», — апісвае актуальны знешнепалітычны стан ліберальны штотыднёвік «Newsweek».

Феерычная нелагічнасць крокаў польскай дыпламатыі спараджае ў грамадскасці самыя неверагодныя тэорыі. Хаця хапае і тых, хто тлумачыць гэта ментальнымі забабонамі цяперашніх польскіх міністраў, якія, маўляў, жывуць нейкімі гістарычнымі міфамі і неадэкватнымі рэаліямі.

Але ёсць і цікавейшыя версіі. Напрыклад, такая: Яраслаў Качыньскі, кіраўнік PiS, наўмысна ідзе на міжнародную ізаляцыю краіны ад заходніх дэмакратый, каб пачаць будаўніцтва новай мадэлі дзяржавы, для якой будзе характэрны больш высокі статус царквы. Аматары гэтай версіі ў якасці доказаў узгадваюць і цяперашнюю адносную гарманізацыю адносінаў Польшчы з Беларуссю, дзе таксама не вераць у тое, што дэмакратыя — універсальная формула дзяржаўнага ладу. Хаця хапае на польскіх форумах і тых, хто лічыць, што тэрытарыяльны спрэчкі Варшавы з Мінскам — справа часу.

Наступная версія — Польшча фарсіруе спрэчкі з суседзямі, паколькі атрымала ад ЗША, дзе палякаў разглядаюць у якасці асноўнага еўрапейскага партнёра, нейкую інструкцыю. Паводле яе, Польшча павінна працаваць на развал Еўрапейскага саюза, які, нягледзячы на безліч унутраных праблемаў, паступова становіцца глабальным канкурэнтам Вашынгтона.

Не абышлося і без гіпотэз пра шпіёнаў. Пішуць, што Качыньскі — агент Масквы. У Крамлі, маўляў, яму даручылі пасварыць Варшаву з заходнімі сталіцамі. Навошта? Для таго, каб пасля Еўропа, якой надакучылі выбрыкі Польшчы, дала Расіі карт-бланш вярнуць краіну пад свой пратэктарат. За сваю абыякавасць немцы, быццам бы, атрымаюць Сілезію і Гданьск.

Вось такі спектр думак і версій. Застаецца дадаць, што, акрамя пералічаных тэорый, у Польшчы агучваюцца і прапановы, як затармазіць правакацыйную ініцыятыву PiS наконт новых пашпартоў. На думку некаторых палякаў, трэба калектыўна прапанаваць МЗС размясціць на ўсіх старонках новага пашпарту партрэт Яраслава Качыньскага. Паводле аўтараў ідэі, у такім выпадку ў ведамстве адразу забудуць пра Вострую браму і львоўскі мемарыял.



Каментаваць