Вова і мядзведзі

Нельга ўявіць антыпуцінскую апазіцыю без барацьбы супраць вобраза мядзведзя — сімвала партыі “Адзіная Расія.



Нельга ўявіць антыпуцінскую апазіцыю без барацьбы супраць вобраза мядзведзя — сімвала партыі “Адзіная Расія.

Самае дзіўнае, што свайму славутаму вобразу “Адзіная Расія абавязана Барысу Беразоўскаму, асабістаму галоўнаму ворагу Пуціна. Менавіта яго паліттэхнолагі прыдумалі выкарыстоўваць для Міжрэгіянальнага руху “Адзінства ў якасці палітычнай рэкламы вобраз касалапага. З самага з’яўлення гэтага палітычнага аб’яднання спачатку публіцыстамі, а затым і палітыкамі словазлучэнне Міжрэгіянальны рух “Адзінства было ператворана ў абрэвіятуру МеДвЕд.

Паступова “Адзінства сталі зваць проста партыяй “Мя­дзведзь, а яе сяброў “мядзве­дзямі. Гэта стыхійнае вобразнае абазначэнне так моцна прыляпілася да “Адзінства, што яе заснавальнікі вырашылі абраць знакам аб’яднання мядзведзя.

Падчас кампаніі 1999 года знак мядзведзя, які выкарыстоўвала “Адзінства, быў увасоблены ў слогане: “Хто ў лесе гаспадар? Была зроблена серыя рэкламных мультыплікацыйных ролікаў — варыяцыі на тэму рускіх казак з удзелам мядзведзя.

Раней такія прапановы эксплуатаваць брэнд мядзведзя чамусьці не прымаліся. У пачатку 1990-х гадоў у Расіі праводзілі апытанні, ці не змясціць выяву мядзведзя на гербе краіны, і толькі нешматлікія ўдзельнікі апытанняў ухвалілі прапанову. У 1998 годзе паліттэхнолагі прапанавалі мішку ў якасці знака ўлады на выбарах Лужкову. Той адмовіўся, заявіўшы, што калі кажуць пра мядзведзя, усе думаюць пра Ельцына.

Магчыма, Лужкоў таксама памятаў часы “халоднай вайны, калі “рускі мядзведзь быў сінонімам агрэсіўнага савецкага камунізму. Дарэчы, на Захадзе існуе старая традыцыя выяўляць Расію ў выглядзе мядзве­дзя. Лічыцца, што гэты прыём укараніўся пасля падаўлення Другога польскага паўстання. Не дарма ў тым ліку для разбурэння гэтай забабоны ў якасці сімвалу маскоўскай алімпіяды быў абраны мядзведзь. “Наш ласковый Миша павінен быў разбурыць хадульны стэрэатып Расіі ў свеце. Праўда, праціўнікі СССР усё роўна не паверылі ва ўсмешку алімпійскага сімвала. Ва ўсходнееўрапейскіх краінах — сатэлітах СССР — дысідэнты вельмі часта малявалі алімпійскага мядзведзя з калашнікавым.

Між тым, у 2001 годзе адбылося зліццё партый “Айчына, “Уся Расія і “Адзінства ў адзіную фракцыю. Аб’яднанне адбылося пад эгідай “Адзінай Расіі “, эмблемай якой стаў сімвал “Адзінства — буры мядзведзь. Хутка пуцінцы прыдумалі новыя палітычныя канатацыі для жывёлы. Яны актыўна выкарыстоўвалі выяву спячага мядзведзя, з якім адбываецца цуд: ён прачынаецца — і ўся Расія ўздымаецца. Адначасова вобраз пуцінскай Расіі добра ўкладваўся ў фальклорную прымаўку: “нельга будзіць мядзведзя.

Усе гады кіравання Пуціна — гэта маніпуляцыя з вобразам жывёліны. Моладзевая секцыя “Адзінай Расіі, якая аб’ядноўвае дзяцей з 8 гадоў, таксама абрала сабе характэрную назву “Мішкі. 2008 год адзначаўся ў краіне як год мядзведзя. Узніклі шматлікія рынкавыя брэнды, якія яўна выкарыстоўваюць сімволіку рэжыму. Напрыклад, у расійскіх крамах можна набыць гарэлку “Вова і мядзведзі. Свой унёсак у справу зрабіла і прозвішча прэзідэнта Мядзведзева. Дарэчы, ён лічыў магчымым жартаваць наступным чынам: “Я і сам з роду мядзведзяў. Асноўным чыннікам ператварэння выявы мядзведзя ў фактар унутранай палітыкі з’яўляецца імкненне прадставіць яго ў якасці знака “сапраўднай рускасці. Мядзведзь становіцца ўвасабленнем нацыянальнай ідэі.

Захад ахвотна падтрымаў істэрыку вакол мядзведзя, хаця пасля заканчэння “халоднай вайны там казалі, што мядзведжая метафара Расіі павінна застацца ў гісторыі. “Мядзведжая паранойя — так ахарактарызавала асвятленне расійска-грузінскага канфлікту ў заходніх СМІ брытанская газета “The Independent. А на конкурсе World Press Cartoon у 2007 годзе першае месца заняла карыкатура, якая выяўляе Уладзіміра Пуціна ў абліччы мядзведзя, што точыць свае кіпцюры.

Захапіўшы брэнд, у Крамлі ігнаравалі культуролагаў, якія яшчэ на стадыі раскруткі вобразу мішкі казалі пра яго супярэчлівасць. На думку навукоўцаў, мядзведзь — у славянскай міфалогіі амбівалентны вобраз. Так, у фальклоры мішка — гаспадар лесу. Пра яго кажуць з павагай. У яго адмысловы статус: ён ведае мёдам, лесам, светам. Аднак пры гэтым ён вялікі гультай. Любіць спаць, трошкі наіўны. Часта ў рускіх казках мядзведзь увасабляе дурасць, некампетэнтнасць. Ён часта “на аўтамаце падтрымлівае любую ініцыятыву

Нарэшце, мішка нематывавана агрэсіўны. Памятаеце пачатак адной з казак: “Стары пайшоў па дровы; патрапіўся яму насустрач мядзведзь і кажа: “Давай, стары, дужацца.

Усе гэтыя негатыўныя якасці Ursus arctos (так па-лацінску называецца буры мішка) дарэчы, вельмі добра адлюстраваныя ў народных рускіх прыказках. “Медведь дожидает того, как бы содрать кожу с кого, “Силен медведь, да в болоте лежит. Таксама варта згадаць, што ў рускім крымінальным жаргоне “медвежатниками завуць узломшчыкаў сейфаў.

Іншымі словамі, імідж мя­дзведзя далёка не адназначны. І як толькі ў Расіі пачаўся новы палітычны цыкл, усе адмоўныя рысы жывёлы згадалі, каб атакаваць тых, хто легітымізуе сваю ўладу за кошт эксплуатацыі яго вобразу.

Напрыклад, на плакаце Кампартыі ў час апошніх думскіх выбараў было напісана: “Супраць партыі мядзведжых паслуг. Зюганаўцам таксама належыць плакат, на якім рабочы і калгасніца даюць мядзведзю пад зад. У рунэце папулярны лозунг: “Гэта не мядзведзі, а казлы. Мядзведзя таксама малююць з мехам у лапах. Намёк на тое, што адзінаросы — героі шматлікіх карупцыйных скандалаў.

Адразу ўзгадалі ўсё негатыўнае, што звязанае з мядзведзямі ў гісторыі краіны. Аказваецца, мядзведзь — гэта ідэнтыфікацыя чагосьці несур’ёзнага, блазенскага. З дрэсіраванымі мядзведзямі хадзілі па Расіі з даўніх часоў. Мядзведжая пацеха некалькі разоў згадваецца ў зборніку “Домострой, які асуджае яе як “богомерзкое дело.

Тыя рускія нацыяналісты, якія выступаюць супраць Пуціна, нечакана пачалі адзначаць: культ мядзведзя быў распаўсюджаны, як правіла, у фіна-угорскіх народаў, а не ў славян. А праваслаўная царква ўвогуле бачыла ў гэтым кульце элементы паганства і змагалася з ім.

А як не згадаць пра месца мядзведзя ў рускай класічнай літаратуры. Дастаткова прыгадаць “забавы Кірылы Пятровіча Траякурава ў “Дуброўскім, “Генерала Таптыгіна Някрасава, гусарскія гулянкі, апісаныя ў рамане Льва Талстога “Вайна і мір. У дадзеных творах магчымасць таго ці іншага героя маніпуляваць, кіраваць мядзведзем з’яўляецца знакам прыналежнасці да класу іерархаў.

Відавочна, што ў цяперашняй Расіі, дзе слова “мядзведзі значыць урадавую партыю, вобраз мядзведзя выйшаў за межы простай сімпатыі і антыпатыі. Прычым справа зайшла настолькі далёка, што раздаюцца заклікі, каб увесці забарону на выкарыстанне выяваў жывёл у рэкламе палітычных партый.

Адзін з блогераў скардзіцца: “Амаль усе дзеці спяць з плюшавымі медзведзянятамі. А зараз бацькі ў іх прысутнасці лаюць “Адзіную Расію. А гэта наносіць траўму дзіцячай псіхіцы. Выява мядзведзя ў свядомасці людзей ператвараецца ў выяву подлага, зласлівага, хітрага і сквапнага звера.

Крах крамлёўскай машыны маніпуляцыі брэндам мядзведзя, безумоўна, добры ўрок палітыкам. Толькі перад мядзведзямі трохі сорамна. Жывёлы дакладна тут не пры чым.

Каментаваць