Выбары ў Польшчы: Загадка Кукіза

10 мая палякі абіраюць прэзідэнта. Найбольшай падтрымкай карыстаюцца Браніслаў Камароўскі і Анджэй Дуда. Аднак значна часцей у фокусе ўвагі аказваецца кандыдат, што ідзе на трэцім месцы ў рэйтынгах, — Павел Кукіз.



 Праграма  Кукіза заклікае да ліквідацыі палітычнага дуалізму ў Польшчы.

Як вядома, прыкладна з 2005 года за Бугам склалася фактычна двухпартыйная сістэма. Краінай амаль па чарзе руляць прадстаўнікі партыі "Грамадзянская платформа" (РО) і партыі "Права і справядлівасць" (PiS). Такая мадэль шмат каму падаецца не ідэальнай. Таму што практычна кожныя выбары не абыходзяцца без чутак пра з’яўленне трэцяй сілы. У апосталы гэтай трэцяй сілы ў розныя час запісвалі Анджэя Лепера, Януша Палікота, Януша Корвіна-Міке і іншых.

Не абышліся без тэмы трэцяй сілы і прэзідэнцкія выбары–2015.

Ролю тэрмінатара сістэмы дуалізму на гэтых выбарах выконвае былы музыка і журналіст Павел Кукіз. Паводле апошніх апытанняў, яго падтрымліваюць 9–10 працэнтаў палякаў. Наколькі сур’ёзныя ў Кукіза шансы як мінімум застацца ў польскай палітыкі пасля 10 мая і што значыць яго феномен у глабальным кантэксце?

На першы погляд, Кукіз дзяжурна трансліруе старыя міфы польскай радыкальнай правай. Гэтая частка польскіх палітыкаў вельмі асцярожна паставілася да вынікаў т. зв. круглага стала ў 1989 годзе — кампрамісу паміж апазіцыяй і камуністамі, якія ў абмен на асабістую бяспеку пагадзіліся на трансфармацыю. Кукіз, як і яго аднадумцы, сцвярджае, што ў выніку пакту ў Польшчы захавалася дэ-факта старая эліта і завуалявана старыя парадкі.

Арыгінальнай тэмай у выступах Кукіза з’яўляецца, напэўна, абсалютная ідэалізацыя мадэлі мажарытарнай сістэмы і, адпаведна, крытыка выбараў па партыйных спісах. Нават факт, што палякі надаюць перавагу эміграцыі на Альбіён, ён вытлумачвае тым, што дэпутатаў у Вялікабрытаніі абіраюць выключна па акругах. На яго думку, склад цяперашніх партыйных спісаў абавязкова вызначаюць алігархі, якія па-сутнасці кантралююць парламентарыяў. Адчужэнне ад палітыкі — следства такой сітуацыі, садзейнічае масавай эміграцыі польскай моладзі і паступовай ліквідацыі польскай дзяржаўнасці, — кажа Кукіз.

Альтэрнатывай партакратыі, паводле Кукіза, выступаюць выбары па аднамандатных акругах. Ён лічыць, што выбарчая рэформа зменіць характар выбараў на месцах, паколькі галоўнымі канкурэнтамі стануць не непразрыстыя партструктуры, а грамадзянскія асацыяцыі, здольныя актыўна рэагаваць на дрэйф настрояў выбаршчыкаў. Паводле Паўла Кукіза, "самая вялікая сіла такой формулы — яе ўнутраны дух, што не дазваляе кантроль грамады звонку". Ён часта звяртаецца да традыцый польскага сельскага самакіравання, у рамках якога сяляне абіралі сельскага старасту — солтыса. Апошні залежаў ад іх, паколькі сельскі сход устанаўліваў яму заробак і кантраляваў яго працу.

Відавочна, прымітыўнае крэда Кукіза наклікала на яго гнеў палітолагаў. Партал onet.pl цытуе аднаго з палітолагаў, які дае наступную жорсткую ацэнку кампаніі Кукіза: "Рэвалюцыйныя лозунгі, якімі кідаецца Кукіз, — гэта не што іншае, як кідкая папулісцкая прапаганда, разлічаная на хуткую адаптацыю да вушэй. Ідэалогія Кукіза заснаваная на ілжывым пасыле пра яго барацьбу з сістэмай. На самай справе, гэта палітычны падхалім, які лез у абдымкі да кожнай з былых адміністрацый, як кажуць, без вазеліну, а пасля казаў, што яго падманулі".

Сапраўды, як цяпер высвятляецца, Кукіз паспеў у мінулым паўдзельнічаць у групах падтрымкі як палітыкаў "Грамадзянскай платформы", так і "Права і справядлівасці".

Акрамя таго, ён быў вельмі актыўны на правым флангу: выступаў адным з арганізатараў Марша незалежнасці — галоўнага штогадовага дэфіле польскіх правых — і судзіўся з тымі, хто адмаўляў расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні.

Звяртаецца ўвага на сацыяльную структуру выбаршчыкаў Кукіза. Па сутнасці, гэта сацыяльна размытая маса з самых розных пластоў грамадства, што характэрна для электарату папулістаў. Іх агульным маркерам для Кукіза з’яўляецца абстрактнае пачуццё незадавальнення.

Аднак некаторыя эксперты лічаць, што Павел Кукіз не кладзецца ў звычайны трафарэт папуліста. "Кукіз — гэта палітык, які арганічна супрацьстаіць істэблішменту. Гэтаму спрыяе яго сапраўдны ўнутраны парыў — нешта змяніць у краіне. Крыніцай праграмы зменаў з’яўляюцца ягоныя арыгінальныя думкі, а не распрацоўкі паліттэхнолагаў. Кукіз — не прадукт маркетынгу, і таму ён ператварыўся ў сапраўднага народнага трыбуна", — пішуць "Fakty".

Праўда, такіх публікацый няшмат. Палітолагі таксама звяртаюць увагу на супярэчлівы характар руху Кукіза. Калі Кукіз хоча застацца ў палітыцы, ён мусіць перафарматаваць свой антысістэмны рух у нармальную партыю, якая магла ўключыцца ў выбарчую парламенцкую кампанію (выбары ў Сейм адбудуцца ўвосень). Аднак метамарфоза руху ў партыю будзе значыць здраду сваім жа крытычным ацэнкам прыроды польскіх партый.

Яшчэ адна прычына для таго, каб сцвярджаць, што стратэгічна праект Кукіза бесперспектыўны, звязаны з нюансамі псіхікі папулісцкага электарату. "Кукізты" — паўтарэнне "палікотаўцаў", толькі гэта правы штам. Гэта — асаблівы стан розуму, а не ўсвядомлены выбар. У кожным грамадстве ёсць асобы, якія сітуацыйна дзейнічаюць па прынцыпу контратакі. Аднак пазней гэты афект праходзіць" (onet.pl).

Такім чынам, тэма трэцяй сілы зноў здымаецца з павесткі дня польскай палітыкі. Аднак тое, што праблема рэгулярна дае пра сябе ведаць выключна ў форме папулісцкіх флеш-мобаў нянавісці, пачынае турбаваць частку аналітыкаў. Як піша "Gazeta Wyborcza", тое, што на гэтых выбарах кандыдаты-папулісты разам могуць сабраць да 40 працэнтаў галасоў, сведчыць пра пагрозу летаргіі дэмакратыі. Праўда, прэзідэнцкія выбары ў Польшчы прахадныя. Даваць такую ацэнку лепш пасля восеньскіх выбараў у Сейм. 

Каментаваць