Выбары ў ЗША: назад у 1824-ы?

За акіянам пачаліся праймерыз. А шэраг СМІ ўжо выказалі версію, што цяперашняя гонка кандыдатаў закончыцца самым вялікім крызісам у гісторыі выбараў прэзідэнта ЗША.



Фота www.meduza.io


Адна з самых любімых цяперашніх фішак журналістаў — маляваць будні ЗША у выпадку перамогі Дональда Трампа, скандальнага правага папуліста, які на цяперашні дзень утрымлівае першынства сярод кандыдатаў-рэспубліканцаў. Калі Трамп пераселіцца ў Белы дом, амерыканцаў, паводле пераканання футуролагаў, чакае вайна з Кітаем, зачыстка мусульман, і нават рымейк грамадзянскай вайны ХІХ стагоддзя, праўда, на гэты раз паміж белымі і чарнаскурымі, якім будуць дапамагаць асобы лацінаамерыканскага пахо­джання.

Аднак непасрэдна напярэдадні праймерыз у прэсе з’явілася новая, не менш жудасная «страшылка». Шэраг палітолагаў прагназуе, што ЗША могуць увогуле не атрымаць наступнага прэзідэнта. Такая сітуацыя верагодная праз патавую сітуацыю, якая можа скласціся ў Калегіі выбаршчыкаў.

Нагадаем, што менавіта Калегіяй выбаршчыкаў абіраецца прэзідэнт Злучаных Штатаў. Адбор выбаршчыкаў адбываецца на партыйных з’ездах у кожным штаце або іх выбірае партыйнае кіраўніцтва. Які кандыдат выйграў выбары ў гэтым штаце — людзей таго і адпраўляюць абіраць прэзідэнта. Колькасць выбаршчыкаў ад кожнага штата вагаецца.

Паколькі ў ЗША даўно склалася двухпартыйная сістэма, адзін з кандыдатаў заўжды меў у Калегіі падтрымку большую, чым у другога. Як следства, высветліць імя прэзідэнта было не цяжка. Іншая сітуацыя, калі ў Калегію прарываюцца прадстаўнікі нейкага трэцяга кандыдата, які здолеў парушыць палітычную манаполію «аслоў» і «сланоў».

Магчыма, хтосьці памятае мільярдэра Генры Роса Перо, незалежнага кандыдата, які ў 1992 годзе даў сапраўдны бой кандыдатам ад традыцыйных партый, атрымаўшы 18 працэнтаў. Увогуле, самую вялікую групу ў гісторыі сярод так званых «трэціх партый» у Калегіі мела Прагрэсіўная партыя, якая ў 1912 годзе правяла ў Калегію 88 выбаршчыкаў.

Як бачым, тэарэтычна, у Калегіі можа скласціся парадаксальная схема, калі ніводны з кандыдатаў у прэзідэнты не будзе мець большасці (на сёння, дарэчы, большасць складае 270 галасоў). І на думку некаторых палітолагаў, у гэтым годзе мы станем сведкамі амаль неверагоднай патавай сітуацыі.

Падставай для такіх прагнозаў сталі чуткі пра вылучэнне ў прэзідэнты 73-гадовага Майкла Блумберга, які зрабіў сабе імя падчас знаходжання на пасадзе мэра Нью-Ёрка. Менавіта на кадэнцыю Блумберга, які на той час быў рэспубліканцам, прыйшлася атака тэрарыстаў на вежы-блізняты. Падчас 9/11 граданачальнік праявіў сябе як эфектыўны менеджар, чым вельмі спадабаўся ўсёй краіне. У 2001 годзе часопіс «Time» абвясціў яго персонай года.

Пасля таго, як Блумберг пакінуў пасаду, яму неаднаразова прапаноўвалі паспрабаваць сябе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, аднак экс-мэр увесь час адмаўляўся. І вось цяпер, быццам, гатовы балатавацца. Лічыцца, што яго фігура можа кансалідаваць умераных рэспубліканцаў і выратаваць брэнд партыі Лінкальна—Ніксана—Рэйгана. Аднак не факт, што Блумберг трыумфальна пераможа, што і дае глебу для спекуляцый наконт «падвешанага» фармату будучай Калегіі выбаршчыкаў.

Праўда, аўтары Канстытуцыі ЗША прадугледзелі такі форс-мажор. Паводле амерыканскага Асноўнага закону, у падобным выпадку прэзідэнта абірае наўпрост Палата прадстаўнікоў. І такі прэцэдэнт у гісторыі меў месца. У 1824 годзе ні Джон Адамс, ні Эндру Джэксан — вядучыя кандыдаты — не атрымалі большасці ў Калегіі выбаршчыкаў. Прыйшлося звяртацца ў Палату прадстаўнікоў, якая шляхам галасавання вырашыла, што Адамс больш адпавядае крытэрам прэзідэнта. Адным словам, сваё рашучае слова сказаў закон.

Аднак спецыялісты ў амерыканскай гісторыі кажуць, што не ўсё тады было так проста. Адамс ніколі не стаў бы прэзідэнтам без падтрымкі спікера парламента Генры Клэя (Henry Clay), які прапанаваў кандыдату здзелку — галасы падпарадкаваных яму дэпутатаў у Палаце ў абмен на пасаду дзяржаўнага сакратара. Так Адамс і стаў гарантам. Гэты ўсім вядомы факт, а таксама тое, што на выбарах Адамс атрымаў толькі 30 працэнтаў галасоў супраць 40, якія меў Джэксан, рэзка напружылі палітычную атмасферу ў краіне. Шматлікія амерыканцы былі шакаваныя — ніхто не думаў, што парламентарыі прагаласуюць насуперак волі большасці электарату. Трэба аддаць належнае Джэксану, які не павёў народ на плошчы. Ён сканцэнтраваўся на будучай кампаніі, галоўнай фішкай якой стала абвінавачванне Адамса ў карупцыі. Праз 4 гады Джэксан стаў прэзідэнтам.

Прэса баіцца, што магчымы рымейк 1824-га ў цяперашняй Амерыцы будзе не такім мірным. «Уявіце сабе, што нешта падобнае (дэфіцыт большасці ў калегіі) адбудзецца ў гэтым годзе, у краіне, дзе эмоцыі зашкальваюць. Ёсць два варыянты. Першы — на Калегію выбаршчыкі прыцягнуць зброю і ў выніку перастрэлкі вызначыцца большасць. Другі варыянт — краіна пагрузіцца ў хаос», — піша «The Week».

Сам Блумберг, праўда, асцярожна каментуе свае кандыдацкія перспектывы. Лічыцца, што ён чакае першых вынікаў праймерыз дэмакратаў. Калі наперад вырвецца Берні Сандэрс з яго іміджам паслядоўнага сацыяліста, узнікне агульнанацыянальны запыт на палітыка-цэнтрыста, чым можа скарыстацца Блумберг. Калі наперад вырвецца Хілары Клінтан, шансы Блумберга як лідара цэнтру выглядаюць не такімі высокімі.

У любым выпадку, пачатак сакавіка — апошні тэрмін, калі палітык, які мае намер балатавацца ў прэзідэнты, звычайна абвяшчае пра свае намеры. Пасля будзе позна. Таму чакаць адказу на пытанне, ці можа або не паўтарыцца крызіс 1824-га году, засталося нядоўга.

Каментаваць