Выкрадзены сын экс-прэм'ера Пакістана знойдзены жывым у Афганістане

У маі 2013 года Алі Хайдэр Гілані быў схоплены невядомымі падчас перадвыбарчага мітынгу. У яго выкраданні падазравалі талібаў. Па словах кіраўніка Пакістанскай народнай партыі Білавала Бхута, Гілані быў выратаваны падчас "паспяхова праведзенай аперацыі".

Алі Хайдер Гілани быў выкрадзены ў маі 2013 года.

 

Выкрадзены тры гады таму ў правінцыі Пенджаб 30-гадовы Алі Хайдэр Гілані — сын былога прэм'ер-міністра Пакістана Юсуфа Рэзы Гілані — быў знойдзены ў аўторак жывым на тэрыторыі Афганістана.

 

МЗС Пакістана заявіў, што сын экс-прэм'ера "быў знойдзены ў ходзе сумеснай аперацыі амерыканскіх і афганскіх сілавікоў у правінцыі Газні на ўсходзе Афганістана", паведаміла ТАСС.

 

Пакістанскія ўлады кажуць, што Алі Хайдэр Гілані будзе адпраўлены ў Пакістан пасля праходжання медыцынскага агляду, адзначае ВВС.

 

Алі Хайдэр Гілані — малодшы сын Юсуфа Рэза Гілані, які займаў пасаду прэм'ер-міністра Пакістана з 2008 па 2012 год. У маі 2013 года Алі Хайдэр быў выкрадзены ў горадзе Мултан за два дні да ўсеагульных выбараў. На той момант ён прэтэндаваў на пасаду дэпутата ў заканадаўчым сходзе Пенджаба.

 

Улады западозрылі ў выкраданні баевікоў руху "Талібан", якія неаднаразова агучвалі прамыя пагрозы ў адрас Пакістанскай народнай партыі.

Каментаваць