Вынікі адзінства

Адгрымелі святочныя падзеі з нагоды Дня Германскага адзінства і можна спакойна разабрацца ў тым, што ж дало Германіі гэта яднанне.


Дарэчы, спачатку святкаваць Дзень Германскага адзінства прапаноўвалі 9 лістапада. Менавіта ў гэты дзень у 1989 годзе натоўп усходніх берлінцаў пачаў руйнаваць Берлінскую сцяну — сімвал падзелу Германіі. Аднак ад гэтай даты было вырашана адмовіцца, паколькі менавіта 9 лістапада 1923 года ў Мюнхене адбыўся «Піўны путч» (спроба дзяржперавароту, здзейсненая Гітлерам), а ў ноч на 10 лістапада 1938 года па Германіі пракаціліся яўрэйскія пагромы («Крыштальная ноч»). Таму для свята абралі 3 кастрычніка — гэты дзень звязаны з фактычным аб’яднаннем ФРГ і ГДР у 1990 годзе.

Праз пэўны час першапачатковая эйфарыя з нагоды ўз’яднання нямецкага народа саступіла месца нялёгкай трансфармацыі эканомікі Усходняй Германіі. Адразу пасля аб’яднання яна «пайшла на дно», бо была не ў стане канкураваць з таварамі з Заходняй Германіі і іншых краін з рынкавай эканомікай. Пагоршыў сітуацыю развал сістэмы ўзаемнага гандлю былых сацыялістычных краін, хутка расло беспрацоўе.

У сувязі з гэтым федэральны ўрад і заходнія землі дамовіліся даць новым усходнім сябрам дадатковыя фінансавыя сродкі для пераадолення цяжкасцяў. Быў нават уведзены новы падатак для юрыдычных асобаў — так званы «падатак салідарнасці», які складаў 7,5 працэнта. Гэтыя сродкі павінны былі пайсці на тое, каб да 2004 года падняць эканамічнае развіццё новых зямель на ўзровень, які можна было б супаставіць з узроўнем развіцця заходніх федэральных зямель. Адпаведны «пакт салідарнасці» набыў моц у 1995 годзе. Аднак, калі стала зразумела, што дасягнуць пастаўленай мэты да 2004 года не атрымаецца, быў прыняты другі «пакт салідарнасці», які прадугледжваў працяг фінансавай дапамогі да 2019 года.

Вынік рэалізацыі гэтых праграм можа назіраць зараз. З 2006 года на ўсходзе Германіі пачалася тэндэнцыя скарачэння колькасці беспрацоўных (на піку беспрацоўе ў экс-ГДР складала 18,8 працэнта). У 2013 годзе некаторыя з рэгіёнаў, якія раней уваходзілі ў склад ГДР, сталі выглядаць па гэтым паказчыку нават лепш, чым старыя федэральныя землі. За мінулыя гады паўсталі тысячы новых прадпрыемстваў. Толькі ў развіццё мясцовага транспарту, у рэканструкцыю і рамонт дарог і ў ачыстку водных шляхоў у новых федэральных землях было ўкладзена 40 мільярдаў еўра. Сярэдні даход у новых землях вырас на 85 працэнтаў. У некаторы час тэмпы росту ВУП на ўсходзе былі параўнальныя з тымі, якіх Федэратыўная Рэспубліка Германія дасягнула ў пасляваенны час, у перыяд эканамічнага цуду.

Праўда, эканамісты лічаць, што рэформы на ўсходзе трэба працягваць і далей. Для дасягнення канчатковага адзінства з эканамічнага пункту гледжання важнае значэнне будзе мець, перш за ўсё, фінансавая падтрымка, якую, магчыма, давядзецца працягнуць і пасля 2019 года. У далейшым трэба павышаць капіталізацыю ўсходненямецкіх прадпрыемстваў, сістэматызаваць інвестыцыйныя праграмы і ўкладанні ў навуку і даследаванні. Рэалізацыя гэтых планаў павінна замацаваць вядучую ролю Германіі на старым кантыненце.

Так здарылася, што на працягу 26 гадоў дата 3 кастрычніка служыла падставай, каб задумацца, наколькі зраўняліся эканамічныя ўмовы жыцця і настроі ў грамадстве ў некалі падзеленых Усходняй і Заходняй Германіі. Пры гэтым, на жаль, апускаецца чалавечы аспект аб’яднання. Напрыканцы 1980-х гадоў моладзь ГДР мела пачуццё грамадскай і сацыяльнай дэзарыентацыі, паколькі штодзённае жыццё ўсё больш уступала ў супярэчнасць з афіцыйна дэклараванымі нормамі. Не дзіўна, што большасць удзельнікаў масавых выступаў у ГДР увосень 1989-га — гэта былі людзі 25–40 гадоў.

Аб’яднанне дало шанец для маладых усходніх немцаў з ГДР не толькі адкрыць для сябе свет, атрымаць адукацыю, аднак і зрабіць кар’еру. Лепшым прыкладам тут з’яўляецца персона Ангелы Меркель, якая да падзення Берлінскай сцяны была сціплай лабаранткай на ўсходзе краіны.

За гады пасля разбурэння Берлінскай сцяны з усходніх зямель у заходнія перасяліліся 2,7 мільёна з 16,5 мільёна чалавек — і гэта, у асноўным, адукаваныя маладыя людзі. З заходніх жа зямель ва ўсходнія прыехалі 1,6 мільёна чалавек, у асноўным бізнесмены і менеджары.

Яшчэ адно з наступстваў уз’яднання — рост ролі Германіі на міжнароднай арэне. Аб’яднанне з ГДР істотным чынам змяніла статус краіны. За 26 гадоў пасля аб’яднання Германія ператварылася ў краіну, якая карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам у Еўропе і нефармальна лічыцца яе эканамічным і палітычным лідарам. А падзеі вакол Украіны выразна прадэманстравалі, што нямецкае лідарства не зводзіцца да ўнутранай палітыкі Еўрасаюза. Берлін усё часцей выступае і дзейнічае ад імя ЕС у міжнародных адносінах, зменшага, калі справа тычыцца ўсходніх суседзяў аб’яднання. Новы статус краіны паўплываў і на ўнутрыпалітычную дыскусію, якая выйшла на якасна новы ўзровень.

Застаецца адзначыць, што Дзень Германскага адзінства—2016 таксама надаў святу новыя вымярэнні. У сувязі з тым, што з пачатку 2015 года ў Германію прыбыло каля мільёна мігрантаў, краіна сутыкнулася з новымі выклікамі ў выглядзе росту ксенафобіі на ўсходзе, у якіх бачаць своеасаблівы латэнтны сепаратызм.

Аднак наўрад ці гэта ўяўляе сур’ёзную пагрозу дэзінтэграцыі краіны. Немцы вельмі доўга і ўпарта змагаліся за адзінства. Гэта тэма стала вельмі важным складнікам для нацыянальнай ідэнтычнасці, пра што сведчыць гістарычны факт. У 2004 годзе канцлер Герхард Шродар прапанаваў пазбавіць Дзень яднання статусу непрацоўнага дня. На думку кіраўніка Германіі, яднанне зямель можна было проста адзначаць у першую нядзелю кастрычніка. Супраць такой прапановы ўзнялося ўсё грамадства, у тым ліку і прэзідэнт Германіі Хорст Кёлер. У выніку 3 кастрычніка ў Германіі так і засталося непрацоўным днём.



Каментаваць