З кім вы, майстры культуры?

9–11 верасня ў польскім Вроцлаве прайшоў Еўрапейскі кангрэс культуры, які сабраў сучасную культурную эліту кантынента. Прапануем рэпартаж з Вроцлава журналіста “НЧ Алега Новікава.



9–11 верасня ў польскім Вроцлаве прайшоў Еўрапейскі кангрэс культуры, які сабраў сучасную культурную эліту кантынента. Прапануем рэпартаж з Вроцлава журналіста “НЧ Алега Новікава.

Мерапрыемства адбывалася ў так званай Зале стагоддзя — велізарным комплексе, пабудаваным па праекце славутага архітэктара Макса Берга яшчэ ў 1913 годзе ў гонар стагоддзя перамогі над Напалеонам. Гэты будынак лічыцца класікай нямецкага архітэктурнага экспрэсіянізму, які натхніў шматлікіх мастакоў на тое, каб здзейсніць нешта падобнае. Сярод іх, здаецца, быў і наш Лангбард, які праектаваў мінскі Тэатр оперы і балета. Контуры вроцлаўскай Залы стагоддзя знешне вельмі нагадваюць будынак на плошчы Парыжскай камуны.

Так ці інакш, калі бачыш у Вроцлаве твор Берга, які візуальна дамінуе над прасторай, міжволі складваецца ўражанне, што ты ў Мінску. Шакавала поўная адсутнасць паліцыі. Нягледзячы на тое, што побач з залай туды-сюды хадзіла мноства людзей, прычым некаторыя з півам, паліцыя ігнаравала мерапрыемства. І, як не дзіўна, усё было мірна і ціха.

Нават на цырымоніі адкрыцця кангрэсу, які наведалі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі і спікер Еўрапарламенту Ежы Бузэк, у плане бяспекі было досыць сціпла. Прэзідэнта і спікера Еўрапарламенту звонку будынка ахоўвалі пару машын і тузін агентаў. Гэта пры тым, што касцяк удзельнікаў кангрэсу складалі маладыя артысты, сярод якіх шмат людзей анархічных поглядаў.

На адкрыцці Камароўскі зрабіў прамову. Ён казаў пра тое, што Еўропа заканчваецца там, дзе заканчваецца культура, а галоўная рыса культуры — павага да адрознага. У якасці доказу важнасці кантактаў паміж рознымі культурамі ён узгадаў анекдот. “Падчас урачыстасцяў, прысвечаных 750-й гадавіне паходу татара-манголаў на Польшчу, галоўнай ахвярай якога, дарэчы, стаў Вроцлаў, мангольскі пасол сказаў, што яму ўсё роўна, хто тады перамог, а хто прайграў. Галоўнае, што мы, палякі і манголы, сустрэліся, — сказаў дыпламат.

Камароўскі пры ўсім яго статусе не быў хэдлайнерам мерапрыемства. Парадак дня меўся сфармуляваць славуты сацыёлаг Зігмунд Бергман. Яго даклад заняў большую частку цырымоніі адкрыцця. Бергман, па-сутнасці, пераказаў тэзісы сваёй апошняй кніжкі “Культура ў зменлівай сучаснасці. Філосаф лічыць, што галоўным дыягназам часу ёсць нездаровая хуткая дынаміка культурных запытаў. Культурныя запыты фармуюцца на базе штучна створанай рэкламы, а не на падмурку сталых норм і традыцый. Выйсце (прынамсі ў Еўропе) ён бачыць у тым, каб дзяржава ўзяла на сябе незвычайную функцыю — занялася арганізацыяй сустрэчы спажыўцоў культуры і яе стваральнікаў.

Аднак на кангрэсе найбольшы інтарэс выклікалі падзеі ў арабскіх краінах і цунамі моладзевых пратэстаў, якія нядаўна пракаціліся па Еўропе. Шмат казалі пра новую старонку ў грамадска-палітычнай гісторыі Еўропы і пра тое, якія культурныя прадукты здольныя нарадзіць новыя грамадскія рухі.

Асобна адзначалася, што арабская вясна значыць, па сутнасці, правал еўрапейскай канцэпцыі разумення іншых народаў і іх культур. Еўрапейцы толькі пасля Тунісу зразумелі, што Усход — гэта не вярблюды, не танец жывата і злосныя ісламісты. Трэба шукаць новую метадалогію даследавання іншых культур, казалі ў Вроцлаве.

Для прысутных на кангрэсе беларусаў, безумоўна, была вельмі цікавай дыскусія пра афіцыйныя культуры, якія існавалі ў арабскіх краінах падчас дыктатур. Як распавядалі тунісцы і егіпцяне, гэта быў адметны мікс архаічнага фальклору і папсы, створаны артыстамі, якіх рэжыму ўдалося перакупіць.

Тое, што рэвалюцыйная моладзь у тых жа Егіпце і Тунісе актыўна выкарыстоўвала інтэрнэт, прыцягнула вялікую ўвагу да артэфактаў, створаных з дапамогай новых тэхналогій.

Кангрэс у Вроцлаве праходзіў на фоне выбарчай кампаніі ў Сейм. Да выбараў застаўся роўна месяц, і эмоцыі ўсё больш зашкальвалі. Кансерватары з партыі “Права і Справядлівасць — галоўныя канкурэнты кіруючай у Польшчы ліберальнай “Грамадзянскай платформы — відавочна не маглі прайсці міма кангрэсу. Яны яўна баяліся, што лібералы паспрабуюць зрабіць сабе піяр на тым, што адбываецца ў Вроцлаве. На мерапрыемства, якое фармальна арганізаваў ліберальны ўрад, прыехалі такія культурныя гранды, як Алів’ера Таскані (геній рэкламы), Гі Сарман (ліберальны філосаф), Яцэк Жакоўскі (папулярны польскі журналіст), музыкі з культавага гурта “Radiohead і іншыя.

У выніку правая прэса пачала буйную кампанію супраць кангрэсу. Асабліва ахвотна правыя шукалі праекцыі паміж цяперашнім кангрэсам і Кангрэсам інтэлектуалаў у абарону міру, які адбыўся таксама ў Вроцлаве ў 1948 годзе. Тая акцыя была адным з самых пампезных савецкіх прапагандысцкіх шоў “халоднай вайны, на якое Маскве ўдалося выцягнуць еўрапейскую культурную эліту. “У абарону міру прыехалі выступаць Дзьёрдзь Лукач, Луіс Арагон, Пабла Пікаса і іншыя. Апагеем кангрэсу 1948 года стаў выступ Аляксандра Фадзеева. Ён прамым тэкстам заявіў, што еўрапейская эліта павінна падтрымліваць СССР, паколькі яна існуе дзякуючы простаму савецкаму жаўнеру, які знішчыў фашызм.

Нядзіўна, што правыя СМІ называлі цяперашні кангрэс клонам кангрэсу 1948 года, з той розніцай, што яго выступоўцы заклікаюць падтрымаць не камунізм, а “Грамадзянскую платформу. Пісалі, што ўдзельнікі кангрэсу страшна далёкія ад народа. Па словах правых каментатараў, на кангрэсе можна было вывучыцца толькі адной форме мастацтва — мастацтву шукаць еўрапейскіх спонсараў за кошт стварэння нейкіх культурных штучак.

Але, здаецца, асаблівай бездані паміж народам і культурнымі дзеячамі няма. Гэта пацвердзіла закрыццё мерапрыемства. У апошні дзень кангрэсу ў Вроцлаве праходзіў бой паміж украінцам Віктарам Клічко і палякам Тамашом Адамчыкам. Ажыятаж вакол падзеі быў фантастычны. Каб набіць кішэні, арганізатары пайшлі на незвычайны крок — эксклюзіўныя правы на трансляцыю прадалі адной прыватнай нямецкай кампаніі. Ніякай трансляцыі па тэлебачанні. Аматарам накдаўнаў, аперкотаў і хукаў давялося прыехаць у Вроцлаў і купіць білет на трыбуны стадыёну. Такіх дзівакоў (што можна пабачыць з трыбуны стадыёну!?) знайшлося каля 50 тысяч асобаў.

Яны запоўнілі цэнтр горада, дзе ўжо тусаваліся артысты з кангрэсу. Тыя нечакана адчынілі для сябе свет боксу, і аказалася, што яны таксама не супраць пабалець за Адамчыка ў кампаніі з простымі людзьмі. На рынгу польскаму баксёру Клічко смачна настукаў па твары аж да гематомы пад вокам. У 10-м раўндзе суддзя быў вымушаны спыніць масакру. На гэтай высокай ноце адзінства інтэлігенцыі і народа, што праявілася ў форме спагады да збітага Тамаша Адамчыка, бой і Кангрэс культуры закончыліся.

Каментаваць