З кірыліцы на лацінку і назад

Расія абураецца, украінцы зайздросцяць. Так коратка можна сфармуляваць рэакцыю на рашэнне Казахстана перайсці да 2025-га года з кірылічнага правапісу на лацінку.



І хаця сам Назарбаеў, прадстаўляючы праект лацінізацыі казахскай мовы, катэгарычна адзначыў, што адмова ад кірыліцы ніякім чынам не азначае «змены палітычных пераваг», сярод расійскіх вялікадзяржаўнікаў яму веры няма. Большасць расійскіх нацыяналістаў успрымаюць намеры Астаны як здраду «рускаму міру». «Адмова ад рускай мовы і пераход на лацінку нясуць пагрозу для інтэграцыйных працэсаў», — адзначае партал «Русский мир». На думку выдання, «адмова ад кірылічнага алфавіту ўжо выклікае ці можа выклікаць сітуацыю «кагнітыўнага дысанансу» і стварыць перашкоды для працэсаў інтэграцыі ў Еўразіі».

На рэформу казахскага правапісу таксама глядзяць і праз прызму расійска-турэцкага канфлікту. Маўляў, у кантэксце існуючай няпростай сітуацыі ў адносінах паміж Масквой і Анкарой, перавод казахаў на лацінку можа згуляць на карысць Турцыі, разгарнуўшы краіну ў бок цюркскага інтэрнацыяналу. Па-за ўвагай не засталося і тое, што анонсу пра лацінізацыю папяпэднічаў візіт у Астану турэцкага прэм'ер-міністра.

З інтэрнет-старонак расійскіх патрыятычныях медыя гучыць прамы шантаж на адрас казахскага ўрада, якому ў выпадку лацінізацыі абяцаюць буйныя ўнутрыпалітычныя праблемы. Сайт «Диапазон» прагназуе: «Пэўна, у рэспубліцы трэба чакаць палітычных пратэстаў у групах, якія не вітаюць выхад Казахстана з расійскай палітычнай арбіты. Пачатка рознага роду непрыемнасцяў прыйдзецца, хутчэй за ўсё, чакаць у Паўночным Казахстане, дзе, за выключэннем Астаны і Кокшэтау, пераважае рускае насельніцтва». Выказваецца надзея, што да выступаў у абарону кірыліцы прыяднаецца і шмат этнічных казахаў, паколькі «лацінку цяжка назваць «фаварыткай ўсіх казахаў». «У Казахстане яшчэ пашумяць: прычына ёсць», — абяцае згаданы сайт.

Менш агрэсіўныя каментатары прапануюць не ламаць коп’яў і дачакацца канкрэтных крокаў Елбасы. Іх асноўны аргумент — спасылка на багатую гісторыю пераходаў на лацінку ў незалежным Казахстане. Як мінімум тры разы кіраўніцтва краіны афіцыйна абяцала вось-вось запусіць лацінізацыю, аднак у выніку кірыліца захоўвала свае пазіцыі. «Гэта (абяцанак перайсці на лацінку — рэд.) палітычныя гульні Назарбаева. Нурсултан Назарбаеў падобнымі «ідэямі» проста робіць рэверанс у бок празаходніх сіл унутры Казахстана і тых жа нацыяналістаў. Але няма ніякай жорсткай пазіцыі па ўвядзенні лацінкі і адмовы ад кірыліцы», — адзначае выданне «Главное».

Цікавая пазіцыя расійскіх лібералаў, прадстаўленая на старонках «Новай газеты». Тут таксама не вераць ў нацыяналістычныя эскапады Назарбаева, прыцягваючы ўвагу да аднаго факта. Абвясціўшы пра лацінізацыю, літаральна праз пару дзён Назарбаеў учыніў разнос чынушам, якія ўзялі за практыку адказваць на запыты рускамоўных грамадзян на казахскай мове. Метамарфозы іміджу Назарбаева «Новая газета» звязвае з цяперашняй кампаніяй па выбарах у парламент. «Назарбаеў аднаўляе баланс сіл. Пад выбары ўлада проста паказвае, што яна з’яўляецца гарантам стабільнасці — у тым ліку і стабільнасці жыцця людзей, якія не ведаюць казахскай мовы. Так што лацінізацыя можа быць часткай звычайнай палітычнай гульні», — лічыць «НГ».

Калісьці ў Казахстане ўжо была лацінка

Палярныя расійскім ацэнкі запланаванай ў Казахстане рэформы даюць украінскія каментатары. На іх думку, пераход на лацінку — крок, які «дапаможа краіне здабыць індывідуальнасць, будзе спрыяць ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама стане штуршком да вывучэння менавіта казахскай мовы» («День»). А інтэрнэт-выданне «Обозреватель» увогуле лічыць, што змена правапісу ёсць прэвентыўным захадам Астаны супраць пагрозы расійскай агрэсіі. «Усе мы разумеем, што такія рашэнні (пра рэформу правапісу — рэд.) прымаюцца не за адзін дзень. Відавочна, што гэтая дыскусія ішла ў Казахстане вельмі даўно. Чаму вырашылі цяпер? Не выключана, што з-за сталых агрэсіўных дзеянняў Масквы супраць сваіх суседзяў, тым больш, што прыкметы гатоўнасці да агрэсіі Расія праяўляла і ў дачыненні да Казахстана», — адзначае «Обозреватель».

Пытанне, якое знаходзіцца на палітычным парадку дня ў Казахстане, натхніла некаторых на разгляд праекта падобнай рэформы ва Украіне. Высвятляецца, што і ва Украіне пытанне пераходу на лацінку таксама ўздымалася неаднаразова, і нават існуюць некаторыя канкрэтныя праекты новага правапісу. Цікава, але ўкраінскія аматары лацінікі лічаць, што Беларусь ў гэтым накірунку прасунулася на некалькі крокаў наперад.

Праўда, нават сярод украінскіх экспертаў хапае малавераў, якія лічаць, што рэформа правапісу ў Казахстане забуксуе. І мяркуюць яны падобным чынам не толькі таму, што Масква мае інструментарый ціску на свайго сатэліта. Канчатковае рашэнне пра ўжыванне ў Казахстане лацінкі ў 2025-ым можа быць прынятае выключна тады, калі будзе выкананая вялікая падрыхтоўчая праца. Напрыклад, ўся кірылічная казахская літаратура мае быць перакладзеная на лацінскі варыянт.

Ёсць думка, што грошы, якія павінны пайсці на добрую справу, будуць банальна раскрадзеныя. Куш для карупцыянераў сапраўды вельмі салідны: на падрыхтоўку пераходу казахскай мовы на лацінку плануецца затраціць 300 мільёнаў долараў.

Каментаваць