З Майдана з цяжкім сэрцам

Гэтым разам я вяртаўся з Кіева з цяжкім сэрцам. Трэба ведаць украінцаў, каб зразумець, як можа ўразіць тут сваёй нязвыкласцю ціша ў поўным аўтобусе ці вагоне метро, прыглушаныя размовы ў кавярнях. Атмасфера ўкраінскай сталіцы нагадала мне родны Мінск у першыя тыдні пасля разгону Плошчы-2010 і масавых арыштаў. 



Мае кіеўскія знаёмыя настойліва прасілі пазбавіцца ўсялякай сімволікі на вопратцы і далі зменную куртку для знаходжання на Майдане каб за яго перыметрам не пахнуць дымам, бо гэты пах адразу выдае майданаўца. Тых, хто палюе на людзей з пахам дыму, называюць «нюхачамі».
 
 
Перад вяртаннем дадому паклалі мне зверху ў заплечнік плюшавую цацку: «Калі спатрэбіцца, скажаш, што гасцяваў у сваякоў, вязеш падарунак малому». 
 
 
Нічога падобнага не было напачатку снежня мінулага году. Зрэшты, з таго часу шмат чаго адбылося. Ад маіх знаёмых рукой падаць да Барыспальскай шашы, дзе невядомыя жорстка збілі журналістку Таццяну Чарнавол у ноч на 25 снежня. Таксама ў Барыспальскім раёне выкінулі збітым у лес грамадскага актывіста Ігара Луцэнку. Потым знайшлі труп закатаванага да смерці львавяніна Юрыя Вярбіцкага. Літаральна ўчора тут знайшоўся Дзмітры Булатаў, адзін з лідэраў Аўтамайдану, выкрадзены тыдзень таму. Жывы, але з адрэзаным вухам, дзіркамі ад цвікоў на руках… Ёсць чаго спужацца. 
 
 
Яшчэ болей, чым таго, што ўжо адбылося, многія баяцца таго, што чакае краіну наперадзе. 
 
 
«Ці бачылі вы твар Януковіча, калі ён згадаў забітага Юрыя Вярбіцкага? Ды каб яму язык адсох такое казаць, што ён «замёрз» (паводле афіцыйнай версіі, смерць Юрыя была выклікана не атрыманымі траўмамі, ён памёр ад пераахаладжэння аўт.)! Кажа, а самога ажно круціць ад гідлівасці, нібы ён пра казюрку якую раздаўленую гаворыць… Слухайце, такі ні перад чым не спыніцца, ён нас усіх раздавіць»,
 
 
дзеліцца сваімі ўражаннямі жанчына каля бочкі з вогнішчам на Майдане. 
 
 
«Або мы яго голай задніцай на вось гэтую бочку пасадзім», змрочна адгукаецца адзін з мужчынаў. 
 
 
Жорсткія прагнозы наконт будучыні ўкраінскага прэзідэнта з боку шараговых майданаўцаў цалкам новая з’ява. Хаця пра высокую ступень нянавісці, якая адрознівае цяперашні Майдан ад Майдану–2004, я чуў яшчэ да сваёй першай паездкі ў Кіеў, у снежні мяне здзіўляла якраз лагоднасць удзельнікаў пратэсту. Тады яшчэ можна было пачуць, як прэзідэнта ласкава называюць усяго толькі «целяпнем».
 
 
Аднак і цяпер, калі надзеі на мірнае вырашэнне палітычнага канфлікту таюць на вачах, нельга сказаць, што Майдан аслеплены злосцю ці прагай помсты. 
 
 
Шмат моцна раззлаваных хлопцаў з Львову. Не таму, што яны зласлівыя па сваёй прыродзе «западэнцы» і «бандэраўцы». У Кіеве па начах невядомыя паляць машыны з львоўскімі нумарамі. Юры Вярбіцкі, як сведчыць Ігар Луцэнка, быў забіты за тое, што размаўляў па-ўкраінску і быў львавянінам. Зусім не радыкал, вучоны-сейсмолаг, альпініст, з выгляду падобны да хіпі. Магчыма, гэтае забойства было мэтанакіраваным каб перавесці палітычны канфлікт на этнакультурныя рэйкі, прымусіць львавян помсціць. 
 
 
І вось львоўскі хлопец узбуджана расказвае на Майдане, як яны, едучы вялікай кампаніяй у цягніку да Кіева, здзейснілі два акты расправы. Прымусілі нейкага міліцыянта «каяцца перад народам», паставіўшы на калені, а мужчыну з сцяжком Партыі рэгіёнаў «зжэрці гэты паскудны сцяжок». 
 
 
На Майдане няма тых, хто спачувае Партыі рэгіёнаў. Стаўленне да міліцыі сярод украінцаў было адмоўным яшчэ задоўга да пачатку пратэстаў. Тым не менш гурток людзей, у якім хлопец хваліўся сваімі подзвігамі, сустрэў ягоны расказ маўчаннем. Калі ж ён адышоў, нехта падсумаваў агульнае, як высветлілася, уражанне:
 
 
«Не, так рабіць няправільна. Уявіце, каб нехта ў цягніку з Данецку гэтак жа адшукаў чалавека з дзяржаўным сцягам…» 
 
 
Дарэчы, дзяржаўны ўкраінскі сцяг, як ні абсурдна, апошнім часам стаў нагодай для пільнай увагі міліцыі. Людзі расказваюць, што ў грамадскіх месцах, калі ў цябе з сабой жоўта-блакітны сцяжок, міліцыянты падыходзяць і просяць яго прыбраць. Пакуль ветліва, але ўжо настойліва.   
 
 
Ці не сведчыць гэта аб тым, што цяперашняя кіроўная эліта толькі вымушана згаджаецца з існаваннем украінскай дзяржавы, у глыбіні душы падзяляючы думку расійскіх імперыялістаў пра Украіну як «штучнае ўтварэнне»?
 
 
Да якога яны ставяцца як да сваёй кармавой базы. А каб ім не заміналі насалоджвацца жыццём напоўніцу, стукаюць ілбамі заходнікаў з усходнікамі хай губляюць сілы, цягаючы за чубы адзін аднаго.
 
 
На Майдане схільныя да такога пункту гледжання што міжрэгіянальны канфлікт правакуецца і ўзмацняецца штучна. Таму майданаўцы намагаюцца ўсяляк пазбягаць, нават на ўзроўні гутарак каля бочак з вогнішчам, праяваў міжрэгіянальнай варожасці і канфліктаў паміж «простымі людзьмі».
 
 
З гэтай прычыны хлопец застаўся самотным у сваім куражы ад здзеку над выпадковымі пасажырамі. 
 
 
Я не чуў закідаў кшталту таго, які зрабіў калісьці Юрась Беленькі ў адрас рускамоўных беларусаў што яны «страляюць у свой народ».  
 
 
Хаця нацыяналістаў, у тым ліку радыкальных, там нямала. Іхнае дамінаванне на Майдане, пра якое часта гаворыцца, праяўляецца хіба што ў сімвалічнай прысутнасці. Прасцей кажучы, нацыяналістычныя сімвалы кідаюцца ў вочы.
 
 
Калі ж казаць пра ідэі, на Майдане дамінуе ідэя агульнаграмадскага пратэсту.   
 
 
І ўсё-ткі агульнаграмадскі характар пратэсту, які бясспрэчны для таго, хто сам працяглы час быў на Майдане, губляецца за яркімі карцінкамі, асабліва з хлопцамі з «Правага сектару». Нягледзячы на тое, што нават барыкады на Грушэўскага ўмацоўваюць і трымаюць зусім не адны радыкальныя нацыяналісты. Тут дзяўбуць лёд і складаюць яго ў мяшкі ў тым ліку яшчэ ўчора цалкам апалітычныя кіяўлянкі. 
 
 
«Чаго дзяўбем? Бо задзёўб ужо гэты нахабны паханат. Мы лепей тут, прабачце, ракам пастаім, чым наступную пяцігодку, ці яшчэ невядома колькі, так стаяць перад імі», гаворыць жанчына ў ружовым лыжным касцюме. 
 
 
Бяда ў тым, што з агульнаграмадскага складніка пратэсту карцінкі і сенсацыі не зробіш, у адрозненне ад баявітых хлопцаў з нацыяналістычнай сімволікай.
 
 
Гэтая другая карцінка ў значнай ступені шкодзіць пашырэнню пратэсту, а пашырэнне пратэсту азначала б меншую кроў.
 
 
У цяперашняй сітуацыі варта было б адмовіцца ад выкарыстання партыйнай сімволікі, як было на самым пачатку Майдану. Бо зусім не той час, калі можна думаць пра ўласныя палітычныя ачкі і дывідэнды. Але ж хто наважыцца зараз высунуць такое патрабаванне…  
 
 
Я пачаў артыкул з таго, што вяртаўся дадому з цяжкім сэрцам. Гэта не толькі праз пэўнае падабенства «мірнай» часткі Кіева да беларускай сталіцы ўзору палітычнай зімы 2010 году, не толькі праз парасткі страху ў грамадстве.
 
 
Мяне гняце два пытанні. Першае: ёсць у рэвалюцыі пачатак… дзе ў рэвалюцыі канец? Другое: пратэстоўцы ўжо заплацілі вялізны кошт, ахвяраваўшы сваім здароўем і жыццямі… за што яны яго заплацілі?  
 
 
Не ведаю, якая перспектыва жахае болей Януковіч, які застанецца пры ўладзе, ці нікчэмнасць «перамогі», пасля якой пачнецца дзяльба партфеляў, рэсурсаў і траскучая балбатня замест кардынальных рэформаў.
 
 
Кошт заплачаны вялізны. І апраўданы ён можа быць толькі ў адным выпадку — поўнай перазагрузкі краіны, ліквідацыі карупцыйна-алігархічнага рэжыму. Пра гэта гаворыць увесь Майдан усярэдзіне народнай тоўшчы.
 
 
Ці чуюць яго тыя, хто бярэ на сябе адказнасць за ўвасабленне патрабаванняў Майдану? Само словазлучэнне — «перазагрузка краіны» — палітыкі, здаецца, ужо добра вывучылі. Але дасюль было не чуваць, каб хтосьці з іх наважыўся хаця б дэклараваць план той перазагрузкі. 
 
Ці разумеюць яны, што за перамогу, здабытую крывёю, спытаюць ужо па самым вялікім рахунку? А не проста горка плюнуць, як мінулым разам...

Абмеркаванне:

  • Добры сябра
  • 2014-01-31 16:55:41
Браце! Моцна цісну тваю руку за гэты артыкул, за яго змест і вынікі. галава твая добрая, на месцы, але ты ня только розумам, але ж яшчэ і сэрцам пішаш - за гэта табе асаблівая ад мяне ўдзячнасць.
Твае нататкі ня толькі глыбокія, але і пяшчотныя. І пра Майдан так шчыра, мне здаецца, яшчэ не пісалі. Таму - дзякуй яшчэ раз! І бяры прыклад з Калінкінай: яна піша ў шэраг выданняў, не ў адно
толькі. Давай і ты шырэй распаўсюджвай свае артыкулы. У іх, як на мой погляд, вялікі выхаваўчы патэнцыял для грамадскасці. Дзякуй "Новаму Часу" за твае артыкулы. Поспехаў табе і
рэдакцыіі!
  • Будзімір
  • 2014-01-31 17:30:06
Вось шчыра, без усялякага какецтва, мне здаецца, што ты перабольшваеш. Бо мне трапляліся на вочы рэпартажы, якім я зайздросціў. І ў мяне хутчэй не рэпартаж атрымаўся, а рэтрансляваны крык душы
Майдану. Яна там сама не крычыць пакуль, але той крык ужо выспявае...



Што да розных выданняў, я ўжо калісці адказваў тут на гэты конт - мне тое рабіць цяжка. Часткова, мабыць, з той прычыны, што я кепска валодаю рамяством журналіста.
  • тамара
  • 2014-01-31 17:55:16
Я не стала бы сравнивать c другими, а просто скажу: материал написан, действительно, с душой. Про Майдан сейчас пишут и репортёры, и фоторепортёры, и аналитики, и политики, и очевидцы - написать
совершенно иной трудно. Но каждый пишет, исходя из своих представлений, политических и нравственных предпочтений. И предпочтения и мысли, а также интонации автора - с болью в сердце, с сопереживанием
и, одновременно, без излишней аффектации, - мне симпатичны. Так что, Дмитрий, присоединяюсь к пожеланиям успеха. На Фэйсбуке с интересом слежу за Вашей полемикой и Вашими статусами. С уваж., Тамара
Ш.
  • Борис
  • 2014-01-31 18:59:44
Ну как можно так верстать??
  • Рената Литвинова
  • 2014-01-31 21:22:26
"Ці разумеюць яны, што за перамогу, здабытую крывёю, спытаюць ужо па самым вялікім рахунку?"



О победах ценой крови молчите, молчите, молчите. Чтоб не искуситься и не искусить. Ни одна победа не то чтобы крови - слезинки ребенка не стоит.
  • Мария
  • 2014-01-31 23:25:01
Да, это так. Но как быть в этом страшном и несправедливом мире тем , кто лишён единственной реальной опоры и противоядия всему злу - веры? Им только кровь и кажется способом установления
"справедливости"... Увы...
  • Мікола
  • 2014-01-31 22:59:37
Вельмі каштоўная рэч - сведчанне чалавека, які быў там, у гушчы падзей. Ужо ў Мінску можна пачуць, што кіеўскі Майдан - гэта шабаш нацыяналістаў, што гэта праява фашыстоўскага путчу... Улады Беларусі
скарыстаюць Майдан у якасці пудзіла, вось жа ў нас не так, ніхто не шпурляе бутэлек з бензінам. Матэрыял атрымаўся цудоўным, разумнаму чалавеку ён шмат аб чым скажа.
  • карчмар
  • 2014-01-31 23:32:09
На сайце сумна вядомага Зісера адзін з журналістаў напісаў, што ўсё, што пішацца зараз у Беларусі пра Майдан (вядома ж, беларускімі журналістамі) не тое, не такое і ніякае... І сам аўтар піша так
званую аналітыку, хаця сам займаецца выдавецкімі справамі ў галіне турызму. Зразумела, што ягоныя турысцкія сцежкі і дарожкі пралягаюць далёка ад Майдану. Хацелася б яму параіць зняць з галавы карону
Ўсяведа і больш уважлівей чытаць тое, што пішуць людзі, наглытаўшыяся дыму на Майдане
  • Зяневіч
  • 2014-02-01 02:14:23
Я так разумею, што Майдан стаў нейкай незалежнай супольнасцю і не вельмі шанаваў лідэраў апазіцыйных партый (фракцый). А ці выявіліся пад час гэтай супер-акцыі новыя, незнаёмыя нам, лідэры. Цікава,
ці спрацоўвае гэты механізм у экстрэмальных умовах?
  • Паляшчук
  • 2014-02-01 21:45:41
Далучаюся да Вашага пытяння аўтару - было б цікава пачуць адказ. Бо разважанні чалавека, які быў там, ды не адным разам, не могуць быць не цікавымі. Спадар Зміцер, ці адгукнецеся Вы на гэтае пытанне?
  • Будзiмiр
  • 2014-02-04 23:00:47

Такіх людзей, якіх сустракаюць бурнымі авацыямі, прыслухоўваюцца да любога іх слова, адгукаюцца на кожны іх заклік і г.д., іх няма. Няма бясспрэчных аўтарытэтаў.




Не, пэўная павага захоўваецца да запісных лідэраў, але гэта не павага да свайго лідэра, а павага да чалавека "з імем" ці да чалавека "з тэлевізара".


 


Заўважна адна тэндэнцыя - майданаўцы неяк цяплей, з большым даверам успрымаюць тых, каго нельга западозрыць у жаданні атрымаць уласны "профіт" ад удзелу ў пратэстах.


 


Дарэчы, калі нехта лічыць, што бясспрэчным аўтарытэтам была б Юлія Цімашэнка, той памыляецца. Колькі я не чуў размоваў пра яе, заўсёды меркаванні падзяляліся палярна.


 


Адзінае што цяпер падвысіўся попыт на радыкалізм і бескампраміснасць. У гэтай сітуацыі Юлія Уладзіміраўна, калі б яна была вызвалена, была б як рыба ў вадзе.
  • Палешчук
  • 2014-02-05 10:43:18
Дзякуй, Будзімір, за адказ на пытанне. Я задаволены ім. Мне так сама здаецца, па іншых інфармацыйных дадзеных, што гэта так. Але было цікава даведацца, ці так гэта ўспрымаецца на самой справе тымі,
хто ў самым цэнтры Майдана. Дзякуй, што не паленаваўся адказаць!
  • Тарэсса
  • 2014-02-02 00:47:01

Ты напісаў у каментары пра свой тэкст, як пра "рэтрансляваны крык душы Майдану. Яна там сама не крычыць пакуль, але той крык ужо выспявае..." Здаецца, вельмі дакладнае параўнанне.
Гэты крык душы майданаўцаў ня можа пакінуць і нас абыякавымі Мы таксама ведаем, як цяжка прыдецца яго ўдзельнікам, калі яны "сыдуць з дыстанцыі". Але ж згодна і з іншым пасылам
артыкула - і пабеда можа быць зусім не такой, як аб ёй могуць марыць ўдзельнікі супраціву... Няма нічога добрага ў бойках! І праўду шукаць не ў гэтым трэба. Добра, што шмат людзей моліцца аб
замірэнні: мо, гэтыя малітвы будуць пачуты?

Каментаваць