За Польшчу рэгіёнаў

За Бугам шырока святкуюць 90-ю гадавіну Варшаўскай бітвы. Між тым летам 1920 года адбылася яшчэ адна падзея, якая, магчыма, мае для краіны не меншае значэнне, чым Цуд над Віслай.

«Не паляк, не немец, а сілезец!» Пад такім лозунгам 17 ліпеня ў цэнтры сталіцы Шлёнскага (Сілезскага) ваяводства Катавіцы маніфеставалі прыкладна тысяча чалавек.



За Бугам шырока святкуюць 90-ю гадавіну Варшаўскай бітвы. Між тым летам 1920 года адбылася яшчэ адна падзея, якая, магчыма, мае для краіны не меншае значэнне, чым Цуд над Віслай.

«Не паляк, не немец, а сілезец!» Пад такім лозунгам 17 ліпеня ў цэнтры сталіцы Шлёнскага (Сілезскага) ваяводства Катавіцы маніфеставалі прыкладна тысяча чалавек.

Яны — у большасці сябры ініцыятывы Руху за аўтаномію Сілезіі (Ruchu Autonomii Śląska) — святкавалі 90-ю гадавіну ўстанаўлення аўтаноміі Сілезскага ваяводства і прыняцця акту, які надаваў Горнай Сілезіі правы аўтаноміі ў складзе польскай дзяржавы. Адпаведна тэксту акту, які прыняў Польскі сейм, Сілезія атрымлівала шырокія правы самакіравання: уласны парламент, казну, паліцыю і сістэму адукацыі.

На думку маніфестантаў, прыйшоў час аднавіць былыя прывілеі рэгіёну, які скасавалі ў 1945 годзе савецкія ўлады (праўда, у часы рэжыму санацыі польскія палітыкі таксама выступалі за ліквідацыю «дзяржавы ў дзяржаве»). Падчас акцыі яе арганізатары прапанавалі публіцы і прадстаўнікам СМІ праграму акцый і мерапрыемстваў, вынікам рэалізацыі якіх стане вяртанне Горнай Сілезіі статусу аўтаномнай правінцыі. Праграма называецца «Аўтаномія–2020».

На першы погляд, маніфестацыя ў Катавіцах чымсьці падобная да палітычнага карнавалу. Аднак не ўсё так проста. Лепшы доказ таму — прынятае ў маі гэтага года варшаўскімі чыноўнікамі заключэнне па пытанню так званай сілезскай мовы. Увесну Ruch Autonomii Śląska (RAŚ) папрасіў, каб мясцовай гаворцы надалі статус рэгіянальнай мовы. Пры гэтым актывісты Руху за аўтаномію Сілезіі спасылаліся на вынікі апошняга перапісу ў рэгіёне. Адказваючы на пытанне анкеты, у графе «нацыянальнасць» 179 тысяч чалавек указалі, што належаць да сілезскай нацыі. Сярод іх яшчэ 56 тысяч адзначалі, што лічыць першай мовай сілезскую.

У дадатак ёсць прыклад кашубаў — заходнеславянскага этнасу, які жыве ў Памор’і. У 2005 годзе кашубская мова набыла статус рэгіянальнай, што, дарэчы, спрыяла развіццю мясцовага турызму. Кашубская культура і фальклор сталі адной з галоўных турыстычных фішак.

Аднак, нягледзячы на ўсе вышэй згаданыя аргументы, Варшава катэгарычна сказала сілезцам «не». Як гаворыцца ў заключэнні спецыяльнай камісіі, сілезскі дыялект не мае вялікіх адрозненняў ад іншых рэгіянальных гаворак, кшталту вялікапольскай і мазурскай. Таму прызнаць яго мовай немагчыма.

У такім рэзюме відавочныя палітычныя аспекты. Нельга нават параўноўваць кашубскае і сілезскае пытанні ў польская гісторыі. Сілезія — вельмі багаты на карысныя выкапні край — доўгі час была аб’ектам інтарэсу для ўсіх рэгіянальных палітычных цэнтраў: Саксоніі, Прусіі, Чэхаславакіі, Польшчы, фашысцкай Германіі… Каб падкрэсліць значнасць Сілезіі, лідэры RAŚ любяць згадваць словы прэм’ера Вялікабрытаніі Дэвіда Ллойд Джорджа. У 1920-я гады ён сказаў: «Далучыць Сілезію да Польшчы — тое ж самае, што даць малпе гадзіннік, які яна адразу сапсуе».

Каб вярнуць у сваё лона Сілезію, толькі ў 1920-я гады палякам спатрэбілася арганізаваць тры паўстанні. Тая ж аўтаномія Сілезіі была нічым іншым, як вялікім пернікам для сілезцаў напярэдадні рэферэндуму, які павінен быў вырашыць, у склад якой дзяржавы — Германіі або Польшчы — увойдзе край.

Стаяла лета 1920 года. Войскі Тухачэўскага імкліва набліжаліся да Варшавы, і перспектыва застацца ў краіне, якая будзе захопленая камуністамі, зразумела, не выклікала вялікага захаплення ў сілезцаў. Акрамя таго, напярэдадні прускім парламентам у Берліне быў таксама прыняты закон пра аўтаномію Сілезіі. Такім чынам, палякам трэба было прапанаваць электарату нешта больш цікавае. Таму з Варшавы літаральна засыпалі тубыльцаў бонусамі — далі ім самыя шырокія аўтаномныя правы.

Дарэчы, рэзалюцыя Сейму ад 15 ліпеня 1920 года пра аўтаномію Сілезіі спарадзіла яшчэ адзін цікавы гістарычны прэцэдэнт. Аказалася, што сілезцы атрымалі канстытуцыю раней, чым самі палякі (вярхоўны закон Другой Рэчы Паспалітай будзе прыняты толькі ў сакавіку 1921 года).

Здавалася, што пасля другой сусветнай вайны, калі ўся Усходняя Еўропа цалкам перайшла пад кантроль Масквы, сілезскае пытанне знікне само па сябе. Нічога падобнага. Ідэя адраджэння сілезскай дзяржаўнасці перажыла нават «халодную вайну». У 1989 годзе Ота фон Габсбург, дэпутат нямецкага Хрысціянскага сацыяльнага саюза ў Еўрапарламенце, выцягнуў з пыльных архіваў праект сілезскай Швейцарыі, пра які шмат казалі ў пачатку 1920-х гадоў. Яго аўтары выступалі за стварэнне ў Сілезіі другой Швейцарыі — саюзу нямецкіх, польскіх і чэшскіх кантонаў. Габсбург прапанаваў тую ж схему.

Ініцыятыву адразу падтрымалі нямецкія арганізацыі выгнаных — немцы, дэпартаваныя з Польшчы пасля другой сусветнай вайны. Канец усім спекуляцыям на гэты конт паклала заява МЗС ФРГ пра тое, што адзіная Германія не будзе дамагацца перагляду ўсходніх межаў.

Думаецца, менавіта магчымае вяртанне «выгнаных» прымушае польскіх чыноўнікаў асцярожна ставіцца да праекту аўтаномнай Сілезіі. Логіка простая — калі ёсць асобная сілезская мова, ёсць і асобны народ. А калі ёсць народ, дык чаму ён не мае аўтаноміі, якую ўжо калісьці меў? Калі вярнуць аўтаномію, давядзецца згадаць, што нямецкая мова таксама да вайны мела тут статус афіцыйнай. Калі ў край вернуцца немцы, узнікне пытанне кампенсацыі за канфіскацыі падчас дэпартацыі.

Таму пры ўсіх папулярных у сучаснай Польшчы сеансах настальгіі па часах Другой Рэчы Паспалітай на вяртанне Сілезіі аўтаномнага статусу польская эліта не пойдзе. Аўтанамістам застаецца змагацца. Яны гатовыя да барацьбы і робяць стаўку на лозунг «Польшча рэгіёнаў».

Ідэя ў тым, каб рэанімаваць папулярную ў 1990-я гады ў краіне Лігу рэгіёнаў, якая выступала за паслабленне функцый метраполіі на карысць правінцыі. Бліжэйшым часам суполкі новага руху плануецца заснаваць ва ўсіх ваяводствах. Наступным крокам будзе Марш рэгіёнаў на Варшаву (ён запланаваны на 2015 год) і, нарэшце, у 2019-м у Канстытуцыю, як прагназуюць лідэры RAŚ, будуць унесеныя папраўкі наконт правоў Сілезіі.

Вось такія пражэкты. Застаецца дачакацца вынікаў.

Каментаваць