За і супраць стужкі

Апошнім часам абавязковым атрыбутам святкавання 9 мая ў Расіі і Украіне стала палеміка наконт таго, ці трэба ў гэты дзень насіць георгіеўскую стужку.



Апошнім часам абавязковым атрыбутам святкавання 9 мая ў Расіі і Украіне стала палеміка наконт таго, ці трэба ў гэты дзень насіць георгіеўскую стужку.

«Георгіеўская стужка» — грамадская акцыя па раздачы сімвалічных стужак, прысвечаная Дню Перамогі, якая праходзіць з 2005 года па ініцыятыве шэрагу расійскіх грамадскіх арганізацый. З таго часу акцыя стала традыцыйнай і пашырылася на больш чым 30 краін. Калі верыць афіцыйнаму сайту акцыі «Георгіеўская стужка», толькі за першыя 6 гадоў яе правядзення ў свеце было распаўсюджана больш 50 мільёнаў стужак. У спісе краін, дзе праводзіцца кампанія, прысутнічаюць нават такія далёкія ад тэмы Другой сусветнай вайны, як, напрыклад, Афганістан або В’етнам.

Паступова кампанія пашыралася, пашыраліся і кола яе крытыкаў. Парадаксальна, аднак першымі незадаволенымі аказаліся жалезабетонныя савецкія патрыёты, якія добра разбіраліся ў пытаннях савецкай фалерыстыкі. На іх думку, георгіеўская стужка не мае ніякага дачынення да Вялікай Айчыннай вайны. Наадварот, існуюць выпадкі ўзнагароджання салдат арміі Уласава і калабарантаў георгіеўскай зброяй і георгіеўскімі крыжамі.

У сваю чаргу, прыхільнікі акцыі звяртаюць увагу на тое, што георгіеўскія чорна-жоўтыя колеры ўпрыгожваюць калодкі «Ордэна Славы», заснаванага ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у 1943 годзе. Гэтым ордэнам узнагароджваліся вайскоўцы, якія прымалі непасрэдны ўдзел у змаганні на франтах вайны.

Па-другое, крытыкам акцыі не падабалася сама абраная форма папулярызацыі памяці пра вайну. Аднак гэта ў нас такога кшталту сімвалічныя стужкі нешта незвычайнае. Між тым, на Захадзе кавалак тканіны рознага колеру (ад англ. аwareness ribbon) даўно выкарыстоўваецца для дэманстрацыі стаўлення ўладальніка стужкі да якога-небудзь пытання ці праблемы, выяўлення падтрымкі нейкага грамадскага руху. Увогуле, насіць стужкі пачалі ў 1970-я гады ў знак пратэсту супраць вайны ў В’етнаме. Такую форму пратэсту прыдумалі дзякуючы песні «Round Her Neck She Wears a Yeller Ribbon» («вакол яе шыі была жоўтая стужка»). Яе напісалі ў часы Першай сусветнай вайны, а пасля перапелі рок-музыкі.

Сапраўдная эпідэмія папулярнасці нашэння стужак пачалася ў 1980-я гады, калі чалавецтва пазнаёмілася са СНІДам. Тыя, хто хацеў прыцягнуць увагу грамадства да праблемы, пачалі дружна насіць чырвоныя стужкі. Гэта практыка стала вельмі папулярнай. З таго часу сімвалічныя стужкі выкарыстоўвае абы-хто і пры якой заўгодна падставе. Напрыклад, наяўнасць чырвона-чорнай стужкі на адзенні нейкай асобы павінна значыць, што яна прытрымліваецца атэістычных поглядаў. А вось сіне-чырвоная стужка ёсць знакам смутку па ахвярах землятрусу ў Гаіці 2010 года.

Пры гэтым адзін і той жа колер можа азначаць розныя рэчы, што часам пры ўсёй сур’ёзнасці праблематыкі выклікае іронію. Так, пасля апошніх выбараў у расійскую Думу сярод апанентаў Пуціна стала модна насіць белую стужку як сімвал пратэстаў супраць фальсіфікацый. Між тым, белая стужка на Захадзе значыць занепакоенасць праблемай самазабойстваў сярод падлеткаў-геяў.

Яшчэ больш хаосу дадае тое, што кампаніі з сімвалічнымі стужкамі часта лакалізаваныя. Так, у Казахстане нашэнне жоўтай стужкі значыць пратэст супраць хваробы «анамастычны сверб». А ў Эстоніі знак падтрымкі суайчыннікаў — ахвяр кіднепінгу ў Ліване.

Нядзіўна, што на Захадзе задоўга да з’яўлення георгіеўскіх стужак мода на аwareness ribbon падпала крытыцы. Напрыклад, яе высмейвалі як актыўнасць для гультаёў — сродак, які дазваляе людзям выказаць пазіцыю, не прыкладаючы ніякіх высілкаў.

Імпарт ідэі аwareness ribbon у былы СССР дадаў новыя адценні праблеме. Галоўны матыў крытыкі акцыі «Георгіеўская стужка» — яна ў Расіі арганізуецца «зверху» і пераўтворана ў «прапуцінскі флэшмоб пракрамлёўскіх рухаў і партый». Расійскі паэт і публіцыст Л. Рубінштэйн бачыць у стужках «спробу бюракратызацыі чалавечай памяці».

Як не дзіўна, у гэтым пытанні з дысідэнтамі блакуюцца некаторыя расійскія патрыёты. На іх думку, акцыя «Георгіеўская стужка» паганіць легендарныя георгіеўскія колеры. «Георгіеўская стужка — гэта не проста кавалак матэрыі, які, зыходзячы з вар’яцкай ідэі арганізатараў акцыі, можна бестурботна прывязваць на аўтамабільную антэну ці завязваць ёй боты! Георгіеўская стужка — гэта шматвяковы знак, які ўвасабляе подзвіг рускага ваяра на палях бітваў, гэта «дым і полымя» Айчыны!» — гаворыцца на адным з сайтаў.

Нарэшце, шмат знайшлося і тых асобаў, хто лічыць, што гэта прафанацыя падтрымкі ветэранаў. На форумах можна прачытаць: «Лепш бы гэтыя грошы накіравалі на падтрымку ўдзельнікаў вайны і працоўных тылу». Або: «Падумайце трохі, чаму пры савецкай уладзе не рабілі «знакам» перамогі стужку і не арганізоўвалі падобных акцый? Тады ветэранаў паважалі, а цяпер, мабыць, вырашылі, што іх голас усё адно ніхто не пачуе, а народу патрэбна шоў».

У суседняй Украіне свая спецыфіка. Тут кампанія «Георгіеўская стужка» не мае дзяржаўнага характару. Гэтым займаюцца актывісты прарасійскіх арганізацый, сярод якіх экстрэмісцкія групоўкі кшталту «Данецкая Русь» або «Рускамоўная Украіна». Гэта выклікае адэкватную рэакцыю ва ўкраінскамоўнай частцы грамадства.

Як адзначае Іван Патрыляк, дырэктар музея гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта: «Здавалася б, мэта добрая — ушанаваць памяць ветэранаў вайны, але на самай справе гэта стужка прывязаная да цяперашняга расійскага гістарычнага наратыву».

У сувязі з гэтым кампанія выклікала байкот з боку пэўнай часткі грамадства Расіі і краін СНД. Сабралі сапраўднае дасье на «нямэтавае» выкарыстанне георгіеўскіх стужак. Так, георгіеўскія стужкі на жаночых торбачках (на якія аўтары акцыі таксама прапануюць іх вешаць) з’яўляюцца «гламурным атрыбутам свята», але ніяк не праявай павагі да ветэранаў. Вядомы факты выкарыстання малюнка стужачак ва ўпрыгожванні біяпрыбіральняў на 9 мая ў Маскве, у перадсвяточным упрыгожванні шэрагу алкагольнай прадукцыі, у рэкламе перадсвяточных стрыптыз-вечарынак.

У сваю чаргу, прыхільнікі акцыі лічаць, што «гора-крытыкі, якія чапляюцца сёння да стужкі, заўтра пачнуць замахвацца на іншыя святыя для нашай краіны сімвалы». Таксама варта дадаць, што георгіеўскія колеры дзякуючы акцыі сталі ўспрымацца як фарбы ветэранскага руху, што сярод ветэранаў не выклікае ніякага пратэсту. Прызналі георгіеўскія стужкі і шматлікія дэмакраты ў Беларусі. Так, у Брэсце пару гадоў таму тыя стужкі мясцовыя апазіцыянеры раздавалі мінакам разам з бел-чыровна-белымі.

Пры ўсіх «за» і «супраць» нельга не прызнаць, што акцыя спрыяла дэбатам у постсавецкім грамадстве наконт таго, што значыць быць патрыётам і якімі сёння павінны быць праявы памяці пра вайну.

Адмоўны момант — занадта вялікая палітызацыя стужкі, якая з кожным годам толькі павялічваецца. Так, у сувязі з тым, што апазіцыя масава носіць белыя стужкі, улада ў Расіі яўна пачала супрацьстаўляць гэтаму жоўта-чорныя колеры Георгія. «Шасцёркі ЦРУ не дрэмлюць! Сябры! Расія ў небяспецы! Давайце замест белай стужкі здраднікаў павяжам георгіеўскую стужку адзінай Перамогі», — можна прачытаць у рунэце.

 

Каментаваць