За таварны дэфіцыт у Венесуэле адказныя журналісты?

У Венесуэле ўзбуджана адміністрацыйнае расследаванне супраць тэлеканала  Globovisión. Як заявіў кіраўнік Нацыянальнай камісіі па тэлекамунікацыях Пэдра Мальдонада, гэтая мера была прынята пасля пільнага аналізу зместу праграм вяшчання ў нядзелю. 



Тэлеканал абвінавачваюць у «распаўсюджванні інфармацыі, датычнай недахопу тавараў штодзённага попыту, якая можа выклікаць грамадскі неспакой».

Нікалас Мадура, прэзідэнт Венесуэлы, упэўнены, што прычынай таварнага дэфіцыту з'яўляецца «псіхалагічная вайна», якая вядзецца праз СМІ. Ён заявіў, што ўсе навіны, звязаныя з дэфіцытам, з'яўляюцца «ваеннай прапагандай» і СМІ, якія іх паведамляюць, будуць пакараныя.

Тэлеканал Globovision у мінулым быў вядомы сваёй крытыкай урада былога прэзідэнта краіны Уга Чавеса і яго пераемніка Нікаласа Мадура. Улады Венесуэлы неаднаразова штрафавалі канал і абвінавачвалі яго ў «атручванні грамадства» і «палітычна матываваным распальванні нянавісці і нецярпімасці». Пры гэтым часткай насельніцтва праграмы канала  Globovision успрымаліся як адзіная смелая спроба выказвання незадаволенасці праўленнем Чавеса.

У 2010 годзе больш за 25 працэнтаў акцый адзінага ў Венесуэле апазіцыйнага тэлеканала перайшло пад кантроль дзяржавы, што дало магчымасць ураду вылучаць сваіх кандыдатаў у савет дырэктараў. 

А ў бягучым годзе тэлеканал быў прададзены новаму ўладальніку. Пасля чаго змяніў сваю праграмную палітыку і рэдакцыйную лінію ў бок лаяльнасці да ўладаў. Відавочна, уладам змены падаліся недастатковымі. 
 
 
Што да дэфіцыту, у сеціве распаўсюджваюцца аматарскія ролікі, знятыя ў крамах, вельмі падобныя да тых, якія рабіліся ў 2011 годзе ў нас.
 
 
 

Каментаваць