Забараніць швэдар

Апошнім часам у нас, таксама як і на Захадзе, становіцца папулярным у якасці падарункаў класці пад ялінку так званыя калядныя швэдры.

Між тым у Вялікабрытаніі — краіне, дзе паўстала гэтая традыцыя, — цяпер заклікаюць тыя швэдры ледзь не забараніць.

Паводле брытанскіх культуролагаў, мода насіць швэдар на Каляды паўстала ў 1980-х гадах, калі гэтае адзенне з’явілася ў гардэробе шэрагу вядомых шоумэнаў. Адначасна такі фасон спадабаўся некаторым музыкам, якія вырашылі так апранацца на мясцовыя аналагі нашага «Блакітнага агеньчыка». Аўдыторыі навінка вельмі спадабалася. У тым ліку за кошт стэрэатыпу, што калядныя швэдры, маўляў, арыгінальны самаробны прадукт майстрых.

Праўда, ёсць і іншая думка. Кажуць, што сапраўдны бум на швэдры пачаўся пасля экранізацыі кнігі Хелен Філдзінг «Дзённік Брыджыт Джонс». У фільме, які стаў культавым для пакалення канца 1990-х гадоў, ёсць сцэна — гераіня сустракае будучага каханка, які апрануты менавіта ў такі калядны швэдар.

Так ці інакш, на мяжы стагоддзяў швэдар стаў абавязковым элементам рытуалу сустрэчы Калядаў і Новага года. Дастаткова сказаць, што якраз у швэдры брытанскі прэм’ер Тэрэза Мэй віншавала суайчыннікаў з гэтымі Калядамі.

Натуральна, швэдры ператварыліся ў вялікі бізнес. Іх можна, напрыклад, рэгулярна пабачыць у зімовых калекцыях такіх вядомых брэндаў, як Marks&Spencers або C&A. Паводле прэсы, на працягу апошняй дэкады продажы швэдраў праз сістэму Amazon штогод раслі на 600 працэнтаў.

Паступова паўсталі новыя запыты наконт дызайну швэдраў. Вельмі часта на іх выяўляюць нейкія правакацыйныя і рамантычныя малюнкі або лога. Напрыклад, адзін з левых сайтаў у інтэрнэце прапануе набыць швэдар з надпісам: «На Каляды я хачу ад Санта-Клауса зямлю, заводы і фабрыкі». Грамадскія кампаніі кшталту «Save the Children» за кошт продажаў калядных швэдраў спрабуюць збіраць грошы на гуманітарныя мэты.

Усё было добра, пакуль у гэтым годзе ў швэдрах не пабачылі меганегатыў. Гучаць заклікі як мінімум адмовіцца ад іх. Прычынаў на карысць забароны швэдраў хапае. Па-першае, яны страцілі статус арыгінальнага падарунка. На цяперашні дзень, паводле статыстыкі, кожны другі жыхар Альбіёну мае дома швэдар, які яму падаравалі на Каляды. Тым не менш, людзі ўпарта працягваюць набываць іх толькі праз нейкі арыгінальны надпіс.

Па-другое, швэдар у часы кліматычных зменаў і пацяплення надвор’я — рэч абсалютна непрактычная. Нездарма, паводле сацыёлагаў, у 35 працэнтах выпадкаў швэдры, як правіла, носяць толькі адзін раз на год, падчас тых жа самых калядных святаў. Вельмі часта пасля Калядаў іх папросту выкідаюць, каб не захламляць гардэроб. Іншымі словамі, калядны швэдар ператварыўся ў аднаразовую вопратку. Як вынік, некаторыя эколагі абвінавацілі адзенне ў тым, што яно кансервуе спажывецкую і антыэкалагічную калектыўную свядомасць.

Несур’ёзнае стаўленне да калядных падарункаў, на думку грамадскасці, спрыяе інфляцыі свята. Каляды пачынаюць успрымацца як нейкія закупы або атрыманне ў якасці падарункаў прадметаў аднаразовага выкарыстання.

Прапанова пра забарону швэдраў выклікала цікавую рэакцыю. Напрыклад, яе падтрымалі ў Аўстраліі. Жыхары гэтага кантыненту, як вядома, далёка не паўночнага, праз глабальную моду на швэдры таксама вымушаныя дарыць іх адзін аднаму. Натуральна, насіць такую вопратку ў Аўстраліі не выпадае.

З’явіліся ў швэдраў і свае адвакаты. На іх думку, эколагі, па сутнасці, агітуюць за тое, каб максімальна доўга захоўваць старыя рэчы. Такая ўстаноўка робіць людзей падобнымі на вядомага багацея-скнару Скруджа — несімпатычнага героя з вядомай каляднай казкі Дыкенса. Пішуць, што тэма кантролю над выкарыстаннем швэдраў — не што іншае, як алібі для дзяржавы яшчэ больш кантраляваць прыватнае жыццё грамадзян. Мясцовыя патрыёты, натуральна, пабачылі ў агітках эколагаў замах на помнікі брытанскай народнай культуры.

Такім чынам, контраргументаў у абарону швэдраў таксама хапае. Не абышлося, дарэчы, без арыгінальных рэцэптаў вырашэння пытання. Хелен Філдзінг заклікаюць напісаць працяг прыгод Брыджыт Джонс. На старонках новай кнігі, маўляў, калядныя швэдры павінны насіць толькі дурні, вар’яты і іншыя адмоўныя асобы, што цалкам пахавае моду на гэтае, як цяпер высвятляецца, спрэчнае адзенне.



Абмеркаванне:

  • фцф
  • 2018-01-07 13:41:48
Не будзе швэдараў - будуць вышымайкі, карункавыя камізэлькі, вязаныя бікіні ды іншыя вынаходкі ад дызайнераў ці мадэльераў.

Каментаваць