Забараніць хака

Кубак свету па рэгбі, што пачаўся ў Вялікабрытаніі, зноў абудзіў дэбаты наконт хака — самай славутай спартыўнай крычалкі ў свеце, якую зборная Новай Зеландыі выконвае ў рытме рытуальнага танца перад пачаткам кожнага матчу. 



«Ударце рукамі па сцёгнах — грудзі наперад — сагніце калені — пастаўце ступню на зямлю так моцна, як толькі магчыма! Гэта смерць! Гэта смерць! Гэта жыццё! Гэта жыццё! Гэта калматы чалавек! Ён запаліў сонца і прымусіў яго свяціцца зноў! Крок наперад! Крок наперад! Сонца ззяе!» Калі перакласці гэту абракадабру на мову народу маоры, і, зрабіўшы жудасную грымасу, рытмічна паскакаць, у выніку атрымаецца тая самая хака — адзін з самых славутых відаў музычнага мастацтва тубыльцаў Новай Зеландыі.

Славутым ва ўсім свеце танец хака зрабіла мясцовая зборная па рэгбі. Ніхто не ведае, нашто падчас першага туру зборнай па стадыёнах Англіі ў 1905 годзе візіцёры перад пачаткам матча выканалі хака. Перформанс «All Blacks» (анл.: «чорныя», мянушка рэгбістаў з Новай Зеландыі) спадабаўся трыбунам. Спадабаўся настолькі, што арганізатары матчаў новазеландцаў пачалі выкарыстоўваць хака для рэкламы спаборніцтваў.

Гэта быў толькі пачатак трыумфальнага шэсця танцу. Хутка яго сталі выконваць вайскоўцы Новай Зеландыі, сябры нацыянальных зборных іншых відаў спорту (танчыць хака ўмудраюцца нават гульцы мясцовай каманды па хакею на лёдзе). Кожная праграма візіту прадстаўніка каралеўскай сям’і Вялікабрытаніі ў Новую Зеландыю прыкладна з 1950-х гадоў таксама абавязкова ўключае прагляд выканання хака.

Аднак у нашым стагоддзі стаўленне да феномену хака пачало мяняцца. Перш за ўсё, супраць выканання хака ўзняліся абарыгены. На думку лідараў руху маоры, хака ў цяперашнім варыянце — гэта камерцыйная прафанацыя народнай культуры. Лідары маоры лічаць, што хака — гэта не крычалка спартоўцаў на забаву заўзятарам, а сімвал супраціву нацыі супраць культурнай асіміляцыі. Сапраўды, у ХІХ стагоддзі з боку брытанскіх каланізатараў шмат разоў гучалі заклікі забараніць хака як дзікунства.

Адначасова каманды па рэгбі, што змагаліся супраць новазеландцаў, пачалі скардзіцца на тое, што хака — форма маральнага ціску на суперніка. «Уся гульня рэгбі пабудаваная на ідэі дамінавання аднаго мужчыны над іншым. І выкананне хака выглядае здзекам. Новазеландцы крычаць і пагражаюць вам, і вы павінны стаяць і думаць: «Хм, калі гэта нарэшце закончыцца», — піша адзін з прыхільнікаў забароны хака.

Адначасова прыдумляюць розныя сродкі барацьбы з танцам маоры. Так, кіраўнік англійскай зборнай па рэгбі Рычард Кокрыл у 1997 годзе запрасіў псіхолагаў, якія правялі з яго спартоўцамі спецыяльны семінар наконт таго, як не паддавацца паніцы падчас выканання праціўнікам хака. Трэнеры іншых зборных паспрабавалі распрацаваць свае варыянты ваяўнічага танцу, як гэта зрабіла, напрыклад, зборная Тонга. Некаторыя каманды пачалі дэманстратыўна адварочвацца ад новазеландцаў у той час, калі тыя заводзілі сваё: «Ударце рукамі па сцёгнах». Нарэшце ў 1989 годзе ірландскія рэгбісты паспрабавалі зрабіць пародыю на танец «чорных», намагаючыся хоць нейкім чынам разбурыць псіхіку «чорных».

Да барацьбы супраць хака падключыліся праз нейкі час і фанаты. Так, тыфозі зборнай Англіі спрабавалі спецыяльным калектыўным спевам заглу­шыць матыў песні пра калматага чалавека. У сеціве хапае старонак, якія жартуюць з хака, каб падарваць дух «чорных» і іх прыхільнікаў.

Нарэшце, некаторыя нацыянальныя федэрацыі рэгбі вырашылі не выдумляць ровар, а проста забараніць хака. Так зрабіла Федэрацыя рэгбі Уэльсу, якая запрасіла да сябе новазеландцаў у 2005 годзе. Гасцям прапанавалі замест хака станчыць або пракрычаць нешта іншае. Хітрыя новазеландцы спачатку пагадзіліся, каб у выніку ўсё роўна выканаць хака.

Аднак галоўную пагрозу для выканання хака нясуць, хутчэй за ўсё, не скаргі трэнераў, а грамадскія актывісты, якія ўплываюць на палітычныя рашэнні. Яны пачалі кампанію, у рамках якой нагадваюць грамадству пра тое, што хака нарадзілася падчас войнаў паміж плямёнамі. Адсюль пытанне: ці можа хака — метафара вайны — быць элементам спартовага руху?

Праблема хака вельмі важная з улікам рэформы нацыянальных сімвалаў, якія праводзіць урад Новай Зеландыі. Як вядома, зараз праходзіць конкурс наконт эскізу новага новазеландскага сцягу. Між тым, шмат хто лічыць, што мяняць таксама трэба гімн. Цяперашні гімн «God defend New Zealand» (анл.: «Бог абараняе Новую Зеландыю»), прыняты ў 1977 го­дзе, падаецца шмат каму занадта прабрытанскім. Адзінай вартай альтэрнатывай «God defend New Zealand» выступае тая сама хака, якая даўно мае статус нефармальнага гімна.

Тэма хака зноў набыла актуальнасць пасля таго, як 18 верасня ў Англіі пачаўся кубак свету па рэгбі. Нядзіўна, што фанаты «чорных» падазраюць, што за атакамі на хака стаяць праціўнікі «All Blacks». Нагадаем, што зборная Новай Зеландыі лічыцца фаварытам цяперашняга турніру.

Каментаваць