СНД: як захаваць сістэму бяспекі

Грамадскасць і ўлады краін СНД і Балтыі баяцца, што следствам расійскай агрэсіі ў Крыме стане поўны калапс Белавежскай сістэмы бяспекі. Фактычна, Масква здала ў архіў тэксты Белавежскай дамовы і так званай Алма-Ацінскай дэкларацыі.



«Фактычна мы назіраем усталяванне новай парадыгмы развіцця гісторыі, у якой не застаецца месца прынцыпу непарушнасці межаў», — цяжка не пагадзіцца з такой ацэнкай аднаго з абхазскіх палітыкаў. Ён аналізуе пакет законапраектаў, што паступіў на разгляд у Дзяждуму Расіі, — Закон пра абарону суайчыннікаў плюс Закон пра парадак уключэння ў склад РФ новых суб’ектаў дае Маскве права на аднабаковую рэвізію межаў суседніх краін і інкарпарацыю новых тэрыторый.

Перш за ўсё, рэалізацыя на практыцы такой канцэпцыі пагражае краінам Садружнасці. Практычна ва ўсіх краінах СНД існуе рускамоўная грамада, а знайсці які-небудзь факт парушэння яе правоў нескладана. Фактычна, Масква здала ў архіў тэксты Белавежскай дамовы і так званай Алма-Ацінскай дэкларацыі (выніковы дакумент першай сустрэчы ўсіх лідараў СНД у снежні 1991 года). Іх падпісанты прызнавалі існуючыя на момант развалу Савецкага Саюза межы паміж былымі рэспублікамі і абавязваліся паважаць суверэнітэт адзін аднаго.

На якіх базавых прынцыпах будзе існаваць СНД далей, пакуль не зразумела. Нядзіўна, што практычна ўсе лідары краін Садружнасці цяпер патрабуюць захавання адзінства Украіны.

Адпаведныя заявы зрабілі нават МЗСы краін Цэнтральнай Азіі, дзе дзяржаўная прэса прынцыпова не асвятляла працэсы на Майдане, каб не ўзнікала паралеляў паміж зрынутым Януковічам і мясцовымі карумпіраванымі элітамі.

Аднак пры гэтым трэба прызнаць, што крытыка Масквы вельмі асцярожная. Так, афіцыйны лідар Казахстана адзначыў, што яго краіна як стратэгічны партнёр «з разуменнем ставіцца да пазіцыі Расіі, якая абараняе правы нацыянальных меншасцяў ва Украіне, а таксама інтарэсы сваёй бяспекі». Карэктнасць заявы Астаны і іншых сталіц Сярэдняй Азіі звязваюць з тым, што ўсе чакаюць наступстваў вываду заходніх саюзнікаў з Афганістану. Умацаванне ваеннай бяспекі ў Цэнтральнай Азіі — надзённая геапалітычная задача Масквы і ўсіх мясцовых рэжымаў. Ёсць верагоднасць, што ў выпадку нестабільнасці на межах з Афганістанам РФ для абароны больш-менш лаяльных сабе ўрадаў прыйдзецца ўводзіць сюды свае дадатковыя воінскія кантынгенты.

Аднак гэта не значыць, што ў Цэнтральнай Азіі ігнаруюць новыя выклікі. Так, у Казахстане, дзе існуе вялікі рускамоўны анклаў на поўначы краіны, улада, на думку некаторых экспертаў, дала згоду на нацыяналістычную кампанію. Адным з фактаў праявы нацыяналізму стаў рэзанансны зварот у сацыяльнай сетцы Фэйсбук наступнага зместу: «На хвалі падзей ва Украіне, асабліва на яе паўднёва-ўсходзе, хачу папярэдзіць усіх рускіх, беларусаў, немцаў, карэйцаў, а таксама ўсе іншыя нацыі, што пражываюць у Казахстане, калі раптам у нас у краіне хто-небудзь з вас хоць пікне і выйдзе на плошчы Казахстана з заклікам да падзелу Казахстана або заклікам да Расійскай улады ўмяшацца ў справы Рэспублікі Казахстан, я асабіста вазьмуся за зброю, на крайні выпадак вазьму нож, і буду вас усіх рэзаць, не разбіраючы вашы перакананні! І такіх, як я, будуць мільёны!» Пры гэтым афіцыйная грамадская камісія па маніторынгу нацыяналістычных праяваў ні словам не абмовілася пра такія правакацыі, як і ўвогуле пра рост нацыяналістычных настрояў.

Цікавая рэакцыя на навіны з Крыму ў Закаўказскім рэгіёне. Па-першае, як і трэба было, чакаць Сухумі падтрымаў «зялёных чалавечкаў» у Крыме. У заяве абхазскай грамадскасці ёсць цікавы пасаж: «Падчас грузіна-абхазскай вайны ў шэрагах акупацыйных сілаў Грузіі супраць нашага народа ваявалі прадстаўнікі ўкраінскіх нацыяналістычных арганізацый. Мы на сваім вопыце ведаем, што гэтыя сілы ўяўляюць рэальную пагрозу міжнароднаму міру».

Прадказальнай была пазіцыя Грузіі, якая бачыць у крымскіх падзеях паўтор сцэнару захопу Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. 6 сакавіка грузінскі парламент прыняў рэзалюцыю аб падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. У гэтым дакуменце дзеянні Расіі кваліфікуюцца як «агрэсіўныя».

Таксама трэба было чакаць насцярожанасці ад Азербайджану, які ўжо 20 гадоў турбуе пытанне карабахскага сепаратызму. Хаця фінальная рэзалюцыя азербайджанскага МЗС дастаткова карэктная, падчас слуханняў у парламенце (тут засядаюць выключна прыхільнікі Аліева), Расію адкрытым тэкстам называлі акупантам.

А вось Арменія, якая падтрымлівае сепаратыстаў у Карабаху і заўсёды была фарпостам Расіі ў рэгіёне, усіх здзівіла. Ерэван выказаўся вельмі акуратна. «Украіна з'яўляецца сяброўскай краінай для Арменіі. Спадзяемся, што бакі адновяць перамовы для мірнага вырашэння спрэчных пытанняў», — заявіў прэс-сакратар армянскага МЗС. Эксперты спісваюць такую асцярожную заяву Арменіі на адносіны краіны з ЗША, якія, як вядома, жорстка крытыкуюць крымскую авантуру Пуціна. Чакаецца атрыманне крэдыту з Вашынгтона, і армяне яўна не жадаюць, каб дамова ў апошні момант сарвалася з-за неасцярожнай рэплікі.

У Малдове крымскі крызіс перш за ўсё выклікаў інтарэс з-за таго, што Сяргей Аксёнаў — прызначаны Масквой прэзідэнт Крыму — нарадзіўся на берагах Днястра. Што тычыцца афіцыйных ацэнак, то прэзідэнт краіны адназначна падтрымаў новыя ўлады ў Кіеве. Прэм'ер-міністр Рэспублікі Малдова Юрый Лянкэ, прадстаўнік «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю», адзначыў: «Калі рашэнне гэтаму ачагу сепаратызму не будзе знойдзена, то ён можа стаць заразным». Лянкэ рашуча падтрымлівае Захад, паколькі да ўвядзення бязвізавага рэжыму паміж Малдовай з ЕС засталіся лічаныя тыдні. Гэта будзе галоўны козыр «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю» на хуткіх выбарах у парламент.

Арыгінальную пазіцыю заняў Ціраспаль. У Прыднястроўі ў апошні момант быў адменены мітынг у падтрымку рашэння Расіі абараніць сваіх суайчыннікаў. Забарону звязваюць з тым, што кабмін Яцанюка можа ў адказ на такія мерапрыемствы пачаць эканамічную блакаду рэгіёну. Некаторыя, праўда, не выключаюць, што падобная лінія паводзінаў Ціраспаля — вынік інструктажу маскоўскіх куратараў, якім трэба заспакоіць Кіеў на гэтым участку фронту. Прынамсі адэская прэса шмат піша, што вось-вось з боку Ціраспаля будзе адкрыты «другі фронт», і расійскія дэсант, які прыбыў туды на днях, рушыць у бок Адэсы.

Калі падсумаваць рэакцыю краін СНД на Крымскі крызіс, то можна казаць пра адназначную шкоду іміджу Масквы і інтэграцыйным праектам, якія яна ініцыюе. Усім відавочна, што аднабаковая стаўка на Расію ў новых умовах нясе пагрозу нацыянальнаму суверэнітэту. Іншая справа, што канфліктаваць з Пуціным зараз ніхто не гатовы. На дадзеным этапе галоўнае для лідараў СНД — выйграць час, захаваўшы хоць нейкія базавыя прынцыпы белавежскіх пагадненняў.

Каментаваць