Загадка камісараў

Улады Азербайджана перапахавалі рэшткі 26-ці бакінскіх камісараў. У праекцыі на нашу рэчаіснасць, гэта тое ж самае, што вынесці цела Леніна з Маўзалея.

Каб зразумець сутнасць праблемы, патрэбны невялікі экскурс у гісторыю. Прынамсі варта агучыць версію, якая выкладалася ў савецкіх падручніках.



Улады Азербайджана перапахавалі рэшткі 26-ці бакінскіх камісараў. У праекцыі на нашу рэчаіснасць, гэта тое ж самае, што вынесці цела Леніна з Маўзалея.

Каб зразумець сутнасць праблемы, патрэбны невялікі экскурс у гісторыю. Прынамсі варта агучыць версію, якая выкладалася ў савецкіх падручніках.

У сакавіку 1918 года ў Баку быў створаны савецкі ўрад, які складаўся з 26-ці камісараў. Наўрад ці яго можна лічыць выключна бальшавіцкім: сябрамі ўраду былі прадстаўнікі розных партый. Стракатым быў і нацыянальны склад кіраўніцтва Бакінскай камуны: сем армян, тры грузіны, два азербайджанцы, яўрэі, рускія, немцы.

Кіраваў органам Сцяпан Шаўмян — этнічны армянін. Дарэчы, нічога дзіўнага тут няма: да пагрому 1990 года ў сталіцы Азербайджана пражывала вялікая армянская грамада.

Так ці інакш, супрацьстаяць наступу асманскіх войскаў і атрадаў басмачоў, падтрыманых туркамі, камісары былі не ў стане. Яны спрабавалі эвакуявацца ў Астрахань, аднак паліва на караблі хапіла толькі для таго, каб даплыць да Красназаводску (цяперашняя тэрыторыя Туркменістану). Красназаводск кантраляваўся эсэрамі, за якімі стаялі англічане. Па іх загаду бакінскіх камісараў вырашылі паставіць да сценкі.

У 1920 годзе бальшавікі вярнуліся ў Баку. Захапіўшы Азербайджан, яны ўзгадалі пра камісараў, прывезлі іх целы з Туркменіі і святочна пахавалі ў бакінскім парку Сахіл. Камісары ў дзяржаўнай міфалогіі савецкага Азербайджану адыгрывалі такую ж важную сімвалічную ролю, як партызаны ў Беларусі.

Ішлі гады. Знік СССР, Азербайджанская ССР стала незалежнай краінай. Спачатку да ўлады прыйшлі нацыяналісты з Народнага фронту, якіх праз пару гадоў у выніку перавароту змяніў рэжым аўтарытарнага палітыка Аліева. Мемарыял у парку Сахіл нягледзячы на ўсе палітычныя пературбацыі спакойна існаваў. Пакуль улетку мінулага года муніцыпалітэт Баку не вырашыў пачаць рэканструкцыю парку, што па праекту ўключала разбурэнне мемарыяла 26-ці камісараў. Рашэнне сталічнай мэрыі было рэалізавана ў жыццё на мінулым тыдні. Былых камісараў перапахавалі на гарадскім цвінтары.

Акцыя гарадскіх уладаў выклікала не толькі палітычны, але і міжнародны скандал. Найперш пратэставалі камуністы. Азербайджанскія паслядоўнікі Маркса і Леніна ў гнеўнай рэзалюцыі ўказвалі: “Гераізм бакінскіх камісараў набыў сусветную вядомасць і стаў прыкладам для дзесяткаў мільёнаў савецкіх грамадзян, адным з самых яскравых эпізодаў савецкай гісторыі. Помнік 26 камісарам належыць усяму працоўнаму Азербайджану, усім братэрскім народам былога СССР. Ніхто не мае права яго разбураць. Такую ж трактоўку падтрымалі камуністы Арменіі, Грузіі і Расіі.

Фармальна крытычную пазіцыю да падзей у парку Сахіл заняла і Расія. Справа, думаецца, у тым, што так ці інакш дэмантаж мемарыяла 26 камісарам сімвалічна нагадвае дэмантаж іншага славутага савецкага помніка — Бронзавага салдата ў Таліне. Праўда, адміністрацыя прэзідэнта Ільхама Аліева, якога ЗША крытыкуюць за парушэнне правоў чалавека, Крамлю бліжэй, чым эстонскі ўрад. Таму пасол Расіі ў Баку зрабіў вельмі цікавую заяву. Ён паведаміў, што ён супраць разбурэння мемарыяла, аднак пратэставаць не заклікаў. Прапанаваў толькі паведаміць пра перапахаванне 26-ці бакінскіх камісараў іх нашчадкам.

Нарэшце, супраць дэмантажу помніка выступілі шматлікія культурныя дзеячы Азербайджана. Іх незадавальненне выклікаў той факт, што на месцы мемарыяла плануецца пабудаваць вялікі камерцыйны цэнтр з падземным гаражом.

Лагер тых, хто падтрымлівае дэмантаж помніка, складаецца, галоўным чынам, з нацыяналістаў, якія ўвогуле знаходзяцца ў апазіцыі. Фактычна ў канфлікце вакол мемарыяла яны сталі інструментам улады.

Цэнтральнае месца ў іх аргументацыі адыгрывае тэзіс пра тое, што Азербайджанская ССР і яе прамы папярэднік — Бакінская камуна — былі прадуктамі шпіёнаў армянскіх партый. Яны быццам разглядалі АзССР як сродак тармажэння росту нацыянальнай свядомасці мясцовага насельніцтва. Доказам гэтага служыць той факт, што толькі ў 1933 годзе старшынёй Кампартыі АзССР стаў азербайджанец. Да таго часу кіраўнікамі Кампартыі былі армяне: Мікаян, Мірзаян, Рубенаў.

Азербайджанскія нацыяналісты перакананыя, што ніякіх герояў-пакутнікаў не існавала. Была спланаваная Мікаянам аперацыя. Падставы для такіх інсінуацый даў цікавы артыкул у газеце брытанскіх камуністаў «Morninq star», апублікаваны ў 1979 годзе. Адпаведна яму, бакінскія камісараў ніхто не забіваў. Брытанцы вывезлі іх спачатку ў Ташкент, а потым у Індыю. Аўтар артыкулу сцвярджае, што Шаўмян спакойна памёр у Індыі ў 70-я гады.Той факт, што «Morninq star» — газета англійскіх камуністаў — фінансавалася з Масквы, дазваляе разглядаць публікацыю як свядомы выкід кампрамату супраць армянскага падполля (напрыканцы 70-х армянская эміграцыя арганізавала шэраг тэрактаў, выступаючы супраць прыгнёту армян у СССР).

Дэмантаж помніка 26-ці камісарам даў прыхільнікам гэтай версіі новыя козыры: пад мемарыяльным комплексам знайшлі не 26 целаў, а толькі 23. На кожным з нябожчыкаў былі біркі з персанальнымі дадзенымі. Сярод знойдзеных і перапахаваных камісараў адсутнічала цела з біркай “Сцяпан Шаўмян.

Ці азначае тое, што нацыяналісты маюць рацыю? Пакуль гэта толькі версія. Пахаванне камісараў у 1920 годзе было знята на кінастужку. На кадрах ёсць усе 26 целаў. Тыя, хто апаніруе азербайджанскім нацыяналістам, дапускаюць, што некаторыя целы маглі быць пазней скрадзеныя з могілак. Каб даказаць сваю правату, патомкі Шаўмяна пагадзіліся прайсці ДНК-тэст, каб давесці, што адзін з захаваных у парку іх родзіч.

У любым выпадку, істэрыя вакол нябожчыкаў вельмі зручная для афіцыйнага Баку. На другім плане грамадскай дыскусіі аказалася важная ініцыятыва ўладаў. Кіруючая партыя “Ені Азербайджан (“Новы Азербайджан) на днях прапанавала парламенту адмяніць абмежаванні на пераабранне прэзідэнта краіны. Раней па канстытуцыі грамадзянін мог абірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы толькі два разы. “Гэта абмяжоўвае права народу на выбар, — сказана ў заяве “Ені Азербайджан .
 

Каментаваць