Загадка Палікота

18 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары, сюрпрызам якіх можа стаць прарыў у Сейм партыі алігарха Януша Палікота. Пра феномен Палікота журналісту «НЧ» Алегу Новікаву распавядае польскі палітолаг Войцех Залуска.

— У афіцыйных дакументах партыя Палікота называе сябе сацыял-ліберальнай. Ці ёсць у польскай палітыцы традыцыя або школа сацыял-лібералізму?



18 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары, сюрпрызам якіх можа стаць прарыў у Сейм партыі алігарха Януша Палікота. Пра феномен Палікота журналісту «НЧ» Алегу Новікаву распавядае польскі палітолаг Войцех Залуска.

— У афіцыйных дакументах партыя Палікота называе сябе сацыял-ліберальнай. Ці ёсць у польскай палітыцы традыцыя або школа сацыял-лібералізму?

— Сярод прыхільнікаў Палікота ёсць некаторыя палітыкі, якіх можна лічыць левымі лібераламі. Аднак, на маю думку, асаблівай ролі ідэалогія ў стварэнні руху не адыграла. Платформай для паўстання Руху падтрымкі Палікота (афіцыйная назва партыі) была фрустрацыя часткі электарату лібералаў і левых, не задаволеных ростам уплыву Касцёла. Істэрыка вакол катастрофы пад Смаленскам прымусіла гэту частку соцыуму забыць пра фрустрацыю, пачаць нешта рабіць, шукаць формы арганізацыі. Палітычная эліта, якая ахвотна ўдзельнічала ў жалобных урачыстасцях і набажэнствах, не зразумела, што адбываецца. Толькі дэпутат Януш Палікот выпадкова, інтуітыўна або з нейкімі прагматычнымі мэтамі, выказаў падтрымку антыклерыкальным ініцыятывам і стаў (магчыма, нечакана для сябе) лідарам цэлай грамадскай групы.

— Рух падтрымкі Палікота знешне падобны на так званыя партыі алігархаў, якія распаўсюджаныя ў былым СНД. Ці не баіцца польскае грамадства паўтарэння такога сумнага досведу?

— У адрозненні ад той жа Украіны, у нас няма такой практыкі, калі алігархі ішлі ў палітыку. Звычайна, багатыя людзі папросту лабіруюць свае інтарэсы праз нейкія партыі. Таму ініцыятыва Палікота не ўспрымаецца выбарцамі адназначна як нешта негатыўнае. Акрамя таго, Януш Палікот — вельмі арыгінальная персона, якая не падобная на постсавецкіх алігархаў. Яму не характэрныя снабізм або карпаратыўны цынізм. Напрыклад, на знак салідарнасці з сэксуальнымі меншасцямі ён хадзіў у майцы «Я гей».

— Што можна сказаць наконт эканамічных поглядаў Палікота?

— Януш Палікот выступае за пашырэнне свабодаў для бізнэсу. Хіба што ў прыватных інтэрв’ю ён больш спасылаецца на свой асабісты вопыт (ён зарабіў грошы на продажы алкаголю). Аднак, з іншага пункту гледжання, такі падыход мала чым адрозніваецца ад эканамічных блокаў праграм іншых партый. Акрамя таго, тое, што напісана ў выбарчых праграмах, часта напісана выключна для выбараў. Можна ўзгадаць ліберальныя рэформы левых дэмакратаў у 2002–2005 гадах кшталту рэалізацыі плана Хауснера, які цалкам супярэчыў праграмным пастулатам. Левыя «палікотаўцы» звяртаюць увагу на тое, што іх лідар паслядоўна выступае супраць так званых часавых працоўных кантрактаў. На іх думку, гэта значыць, што патэнцыйна Палікот здольны перайсці на левыя пазіцыі. Тым больш, што ён сапраўды толькі пачаў шукаць сваё месца ў палітыцы.

— Гжэгаш Наспіральскі, лідар Саюзу левых дэмакратаў (SLD), кажа пра пагрозу «палікатызацыі» польскай палітыкі. На яго думку, прыход у палітыку бізнэсмэна, які лёгка гаворыць пра розныя складаныя матэрыі, пагражае вульгарызацыяй палітычных дэбатаў. Палікот — гэта другі Лепер?

— Так, Палікот дастаткова не звычайна паводзіць сябе на розных палітычных шоу. Яго лексіка больш простая і прымітыўная за мову больш дасведчаных палітыкаў. Аднак, я не думаю, што ён камусьці пагражае. Польская культура палітычных дэбатаў дастаткова слабая. Паглядзіце, як спрачаюцца нашы палітыкі. Галоўным аргументам усё роўна застаецца наяўнасць кампрамату на апанента і нахабства падчас дэбатаў.

— А ці ёсць кампрамат на Палікота?

— Колькі заўгодна. У свой час Януш Палікот адказваў у адной з камісій Сейма за размеркаванне сродкаў для развіцця гарадоў. Яго шмат крытыкавалі за тое, што грошы выдаваліся непразрыста, часам на незразумелыя праекты. Палікот вельмі слаба як дэпутат праявіў сябе ў ролі змагара з Касцёлам. Фактычна, за ўсю сваю папярэднюю кадэнцыю дэпутата ён ні разу не крытыкаваў царкву, супраць якой цяпер заўзята змагаецца. Не зразумелая сітуацыя з прынцыпам фармавання выбарчых спісаў. Там зашмат нікому не вядомых дробных бізнесменаў, якім відавочна проста хочацца трапіць ва ўладу.

— Фемінізм і антыклерыкальныя лозунгі Палікота вельмі блізкія каштоўнасцям левых. Аднак Левыя дэмакраты не падтрымліваюць рух Палікота, не шукаюць з ім кантактаў. Наадварот, як сведчыць згаданае выказванне Наспіральскага, яны хутчэй крытыкуюць яго.

— Польскія левыя — гэта партыя алігархаў, якая доўгі час і вельмі не кепска эксплуатавала настальгію па камуне. Цяпер лозунг вяртання ў PLR (Польская народная рэспубліка) выглядае як утопія. Саюз шукае новую, больш маладую сацыяльную базу. Так, ён, напрыклад, прапанаваў частку месцаў у выбарчым спісе Зялёным. Палікот выступае тут як канкурэнт. Пра намер галасаваць за ягоны рух заявіў Ежы Урбан, рэдактар вядомай антыклерыкальнай газеты «Nie», вельмі аўтарытэтная асоба сярод электарату SLD.

— Галоўным козырам Руху Палікота з’яўляюцца антыклерыкальныя лозунгі. Чаму тэма абароны прынцыпаў цывільнасці дзяржавы настолькі важная? І чаму менавіта зараз паўстала такая партыя з выразным антыклерыкальным абліччам?

— Салідная палітыка ў Польшчы не можа праводзіцца без як мінімум лаяльнага стаўлення Касцёлу. Нават у камуністычныя часы царква была часткай сістэмы. Пасля краху камуны роля Касцёла вырасла яшчэ больш. Па сутнасці, ксяндзы на месцах фармуюць электаральныя сімпатыі. Гэта прымушае ўрад, нават калі ён ліберальны або левы, увесь час шукаць лаяльнасць кліру праз саступкі. Гэта можа быць больш жорсткая версія закону супраць абортаў або вяртанне пад кантроль Касцёлу часткі нацыяналізаваных у часы PLR зямель. Гэта тэндэнцыя клерыкалізацыі грамадства яскрава праявіла сябе падчас жалобы па ахвярах смаленскай катастрофы і выклікала адваротную рэакцыю.

— 19 верасня агенцтва SMG/KRC апублікавала дадзеныя сацыялагічнага апытання, адпаведна якім Рух Палікота карыстаецца найбольшай падтрымкай сярод выбаршчыкаў ад 18 да 24 гадоў. Ці не ёсць Рух Палікота нейкай польскай рэдакцыяй моладзевых пратэстаў, якія зараз ахапілі ўвесь свет?

— Рух супраць арганізаваных кансерватарамі маніфестацый пад прэзідэнцкім палацам, з якога пазней узнік Рух Палікота, узнік у інтэрнэце. Адзін малады чалавек арганізаваў праз сеціва контр-маніфестацыю, пасля якой і пачалася фармавацца ініцыятыва вакол Палікота. Аднак на гэтым пакуль усе асацыяцыі з рухам у тых жа арабскіх краінах заканчваюцца. Праект Палікота ўсё ж больш вузкі і персанальны. Прагматычны. Ён накіраваны не на змену рэжыму, а на стварэнне лева-ліберальнай партыі, якая будзе часткай палітычнага істэблішменту, кшталту нямецкіх Зялёных.

— Зараз у Палікота 6 працэнтаў папулярнасці, што дае яму шанс прайсці выбарчы бар’ер. Калі партыя Палікота здолее трапіць у парламент, ці можа яна ўвайсці ў кабінет, які, мяркуючы па ўсім, зноў будзе створаны на базе Грамадзянскай платформы? 

— Думаю, так. Тым больш, што, па словах таго ж Палікота, у яго з Дональдам Тускам заключаны на час кампаніі пакт пра тое, каб асабліва жорстка адзін аднаго не крытыкаваць.
 

Каментаваць