Захад у шоку

Замежныя палітыкі працягваюць даваць ацэнку падзеям 19 снежня ў Беларусі. Аналізуючы іх, можна заключыць, што так званы real politick — курс на супрацоўніцтва з Мінскам — пахаваны. Аднак альтэрнатыва пакуль не зразумелая.



Замежныя палітыкі працягваюць даваць ацэнку падзеям 19 снежня ў Беларусі. Аналізуючы іх, можна заключыць, што так званы real politick — курс на супрацоўніцтва з Мінскам — пахаваны. Аднак альтэрнатыва пакуль не зразумелая.

Як вядома, Каляды — самы зручны для дыктатараў або антызаходніх палітыкаў час рабіць свае чорныя справы. У гэты перыяд у палітычным жыцці на Захадзе наступае мёртвы сезон. Нават ключавыя асобы едуць на адпачынак у кола сям’і. Там у ценю каляднай ялінкі, смакуючы калядную гуску, яны вяла рэагуюць на інфармацыю звонку. Таму дыктатарам у гэты перыяд можна рабіць усё, што душа пажадае.

Так было ў 1979-м, калі СССР адправіў войскі ў Афганістан, у 1981-м, калі душылі польскую «Салідарнасць». Інтуітыўна або мэтанакіравана беларускія ўлады таксама правялі самы буйны ў гісторыі хапун супраць апазіцыі напярэдадні калядных вакацый.

Але на гэты раз «калядны» сцэнар відавочна не спрацаваў. Дастаткова згадаць заяву кіраўнікоў МЗС Польшчы, Швецыі Чэхіі і Германіі. Артыкул з красамоўнай назвай «Лукашэнка прайграў» за іх подпісам з’явіўся 22 снежня ва ўплывовай «Wall Street Journal».

Беларусь у разгар Каляд наведала Марылуізэ Бек, дэпутат Бундэстагу, якая па вяртанню ў ФРГ зрабіла шэраг катэгарычных заяў адносна сітуацыі ў Беларусі. Яе словы «Захад у шоку ад таго, што адбываецца ў Беларусі», сталі крылатымі.

У той жа час прагучала інфармацыя пра стварэнне спісу грамадзян РБ, якім будзе забаронены ўезд у Польшчу праз іх удзел у падаўленні дэмакратычных свабод.

Ужо падчас навагодніх святаў шэраг вядомых польскіх інтэлектуалаў прынялі заяву салідарнасці з беларускай апазіцыяй. Дададзім, што мінскі хапун выпаў на 40-ю гадавіну трагічных падзей у Гданьску ў 1970-м. Шмат хто па той бок Бугу нявольна правёў гістарычныя паралелі паміж падзеямі 1970 і тым, што адбылося на мінскай плошчы Незалежнасці.

У навагоднім звароце да нацыі пра праблемы з дэмакратыяй на Беларусі асобна згадаў польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі.

«Асабліва сардэчныя думкі мы дасылаем беларускім дэмакратам. Выказваем салідарнасць з імі і заклікаем да спынення палітычных рэпрэсій супраць іх», — заявіў прэзідэнт Польшчы.

31 снежня, у апошні дзень мінулага года, нечакана вырашыў павіншаваць Лукашэнку з перамогай украінскі калега. З улікам таго, што раней Віктар Януковіч публічна жадаў АГЛ перамогі на выбарах, запозненае віншаванне выглядае неяк дзіўна. Магчыма, гэта звязана з унутрыпалітычнымі працэсамі ва Украіне. Апошнім часам Януковіча моцна крытыкуюць за аўтарытарны стыль кіравання. Віншаванне на адрас Лукашэнкі ў іншы час відавочна адразу выкарысталі б варожыя да Фёдаравіча СМІ. Аднак паколькі на двары было 31 снежня, інтарэс да паслання быў нулявы.

Таксама непаслядоўнай выглядае пазіцыя Масквы. Шмат хто сцвярджае, што менавіта заключаная напярэдадні выбараў расійска-беларуская дамоўленасць пра Адзіную эканамічную прастору (АЭП) стала карт-бланш для Мінску, каб правесці маштабную зачыстку апазіцыйнага поля. З іншага боку, расійскія медыя, профіль аналітычных каментараў якіх вызначае Крэмль, дружна сцвярджаюць, што выбары ў Беларусі былі, мякка кажучы, не вельмі дэмакратычнымі.

Масла ў полымя падлівае дзіўная эпапея з расійскімі грамадзянамі, якія былі затрыманыя 19 снежня. Спачатку ім адмовілі ў вызваленні, нягледзячы на незвычайна рашучыя патрабаванні з боку Масквы. Пасля частку вязняў на незразумелай юрыдычнай падставе раптам выпусцілі. Яўна да апошняга дня зацягнуў з віншаваннем Лукашэнкі і Дзмітрый Мядзведзеў. У выніку ўсё ж павіншаваў. Аднак тэкст віншавання чамусьці на сайце прэзідэнта РФ так і не з’явіўся.

Мітусню ў паводзінах Расіі розныя каментатары тлумачаць па-рознаму. Пачынаючы ад таго, што Масква быццам жадае максімальна падкасіць рэйтынг Лукашэнкі на расійскім палітычным рынку напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі. Заканчваючы тэзісам пра тое, што расіяне спрабуюць захаваць твар, паколькі сваімі дамовамі наконт АЭП яны ў выніку падставілі Някляева. Лідэра кампаніі «Гавары праўду» ўсе чамусьці дружна лічылі прамаскоўскім кандыдатам. Градус прыязні да Масквы сярод беларускай грамадскасці пасля апошніх падзей сапраўды рэзка знізіўся, што, у сваю чару, паніжае шансы для Масквы на стварэнне ў Беларусі сваёй пятай калоны.

Усе згаданыя версіі слаба аргументаваныя. Аднак у любым выпадку нейкая нервовасць на лініі Масква—Мінск відавочна прысутнічае. 5 гадоў таму, пасля таксама супярэчлівай для Захаду перамогі Лукашэнкі на выбарах, падтрымка расіян была значна больш моцнай і паслядоўнай.

Найбольш трывожны сігнал для Мінску — сумесны заклік МЗС Польшчы і Германіі правесці спецыяльнае пасяджэнне Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі. Савет Еўропы — другі пасля Еўрапарламента заканадаўчы орган ЕС.

Будучае пасяджэнне яўна не будзе прахадным. Германія — родапачынальнік г.зв. «рэалпалітык» — цяпер яўна збіраецца дабівацца рашучых крокаў супраць Мінску. Увесь спектр нямецкіх партый — ад праўладных да пазіцыйных — пры слове Беларусь, што называецца, «рвет и мечет».

«Урад Германіі не будзе мірыцца з парушэннямі, якія былі дапушчаныя падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, і мае намер заахвоціць Еўрапейскі Саюз ясна выказацца па гэтай праблеме», — заявіў міністр замежных спраў ФРГ Гіда Вестэрвеле 2 студзеня газеце «Frankfurter Allgemeine». Па словах міністра, Берлін будзе настойваць на тым, каб ЕС даў недвухсэнсоўны адказ на маніпуляцыі і звярнуў увагу беларускіх адказных асобаў на недапушчальнасць падобнай практыкі.

У сваю чаргу, афіцыйны прадстаўнік федэральнага ўрада Штэфан Зайберт падкрэсліў, што ФРГ знаходзіцца на баку тых у Беларусі, хто імкнецца да волі і дэмакратыі. «Гвалт, ужыты Аляксандрам Лукашэнкам супраць апазіцыі, з’яўляецца парушэннем усіх дзяржаўна-прававых асноў», — заявіў Зайберт.

Дадатковым фактарам для крытыкі Мінску стала рашэнне пра закрыццё офісу АБСЕ. Па той бок Бугу усе лічаць, што гэта помста за пазіцыю назіральнікаў ад арганізацыі падчас выбараў, якія адмовіліся прызнаваць іх вынікі.

Так, Клаўдыя Рот, старшыня нямецкіх Зялёных, адзначае, што забарона на дзейнасць бюро АБСЕ ў Мінску «сведчыць пра намер Лукашэнкі ўсімі спосабамі захаваць несправядлівы рэжым і схаваць дапушчаныя парушэнні на выбарах і іх праўдзівы вынік».

Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, які стаў дзейным старшынёй АБСЕ, заклікаў урад Беларусі перагледзець сваё рашэнне аб непадаўжэнні мандата офіса АБСЕ ў Мінску.

Здаецца, адзіная краіна, дзе ёсць супярэчнасці ў падыходах да беларускіх рэалій, — гэта Літва. З аднаго боку, экс-прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус назваў замежную палітыку Літвы ў дачыненні да Беларусі катастрофай. «Мы, без сумневу, перастараліся, жадаючы дагадзіць Аляксандру Лукашэнку. Мы проста сталі пасмешышчам», — сказаў Адамкус.

З іншага — прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што «катастрофа — гэта тое, што ў адносінах да суседняй краіны і Аляксандра Лукашэнкі, якога завуць «апошнім дыктатарам Еўропы», не выявілі прыязнасці, а замест гэтага на 10 гадоў павярнуліся да яго спінай».

Прынцыпы новай палітыкі краін ЕС адносна Беларусі пакуль, на жаль, абмяжоўваюцца лозунгамі салідарнасці з дэмакратамі. Час надаць новаму падыходу канцэптуальнае вымярэнне і напоўніць іх канкрэтыкай.

Каментаваць