Заірызацыя і мадэрнізацыя ўсёй краіны

За кошт кампаніі «заірызацыі», якая пачалася 40 гадоў таму, Жазэф-Дэзірэ Мабуту трапіў у спіс самых экстравагантных дыктатараў у гісторыі.
 



Жазэф-Дэзірэ Мабуту


Каб увесці чытача ў кантэкст, трэба ўзгадаць Патрыса Лумумбу (нацыянальнага героя Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (DRC) — былой афрыканскай бельгійскай калоніі, адной з самых вялікіх і багатых рэсурсамі краін свету). Менавіта забойства Лумумбы ў 1961 годзе выклікала ў DRC палітычны крызіс, які закончыўся ў 1965-м вайсковым пераваротам. Так да ўлады прыйшоў наш герой, на той час яшчэ палкоўнік Жазэф-Дэзірэ Мабуту, выхадзец з беднай сям’і, які дзякуючы місіянерам стаў журналістам, а пасля вайскоўцам. Першыя перыяды праўлення Мабуту (1965–1971 гады) характарызаваліся спробамі цэнтралізацыі краіны і ўстанаўлення палітычнай стабільнасці: так, у 1967 годзе была ўведзеная аднапартыйная сістэма.

Па вялікім рахунку, такая траекторыя рэжыму не была чымсьці дзіўным. Практычна ўсе маладыя незалежныя афрыканскія дзяржавы хутка скаціліся да аўтарытарызму. Прычым часам пад патранажам самых дэмакратычных краін Захаду, якія лічылі, што дэмакратыя на месцах — дробязь у параўнанні са стаўкай у халоднай вайне.

Аднак у 1971 годзе Мабуту сапраўды занесла. Пасля візіту ў Пекін, дзе ён меў асабістае рандэву з Мао, Жазэф-Дэзірэ вырашыў правесці сваю культурную рэвалюцыю. Ключавой задачай кампаніі, якая атрымала назву «заірызацыя», было вяртанне да афрыканскіх каранёў, татальная адмова ад каланіяльнай спадчыны (у нашы часы, напэўна, такі курс назвалі б барацьбой з імпартам).

Вось як апісваў «заірызацыю» сам яе аўтар: «Аўтэнтычнасць прымусіла нас выявіць нашу індывідуальнасць, дасягаючы глыбінь нашага мінулага і яго багатай культурнай спадчыны, што пакінулі нам нашы продкі. У нас няма намеру сляпога вяртання ў мінулае. Хутчэй, мы хацелі б абраць тое, што можна адаптаваць да сучаснага жыцця. Тое, што садзейнічае прагрэсу».

Пачаў Мабуту з перайменавання краіны. Замест DRC ён прапанаваў, каб яго радзіма называлася Заір. Ініцыятыва выклікала ступар сярод гісторыкаў. Заір — прыдуманая партугальцамі назва ракі Конга (Нзары, Мванза — на мясцовых мовах). Аднак Мабуту не хацеў слухаць спецыялістаў. Назву Заір таксама атрымала мясцовая валюта. Адбыліся змены ў і дзяржаўнай сімволіцы. Дзяржаўным гербам Заіра стала сімволіка афіцыйнай партыі — «Народны рух рэвалюцыі» (MPR). Для папулярызацыі новай геральдыкі прэзідэнт запатрабаваў, каб новы герб быў чамусьці выяўлены на ўсіх стаканчыках марожанага.

Пасля гэтага працэс, як гаворацца, пайшоў. На працягу года былі перайменаваныя ўсе гарады, назвы якіх нагадвалі пра каланіяльнае мінулае. Сталіца Леападвіль стала Кіншасай, а Стэнлвіль, названы ў гонар вядомага журналіста Джона Стэнлі) — Кісангані. Дасталася і рэчкам, якія пачалі называцца так, як і да прыходу каланізатараў. Аўтэнтычнасць патрапіла нават у дыпламатычны пратакол. Цяпер усіх высокапастаўленых дыпламатаў, якія прыбывалі ў Заір, сустракала не ганаровая варта, а артысты, якія выконвалі рытуальны танец з барабанамі. Нават французская мова, якая па-сутнасці была афіцыйнай, пацярпела, яе патрабавалі называць «Lingala».

У 1972 годзе прыйшла чарга разабрацца з еўрапейскім адзеннем. Пачалася новая кампанія, якая патрабавала ад заірцаў адмовіцца ад еўрапейскіх касцюмаў на карысць тунікі пад назвай abacost. Адпаведны варыянт тунікі быў распрацаваны для жанчын, якім таксама забаранілі карыстацца касметыкай і насіць міні-спадніцы. Нельга было цяпер звяртацца да іх «мадам». Усе жанчыны сталі “грамадзянкамі.

Мабуту заклікаў суайчыннікаў адмовіцца ад хрысціянскіх імёнаў. І асабіста падаў прыклад: перапісаў сваю метрыку — ён стаў Мабуту Сесе Секо Куку Нбенду Ва Забанга. У літаратуры існуюць некалькі варыянтаў перакладу гэтага імені. Найбольш арыгінальны прапануе адзін з французскіх сайтаў — «Вялікі баявы певень, які пераадольвае ўсе перашкоды і топча ўсіх курэй». Для лаканічнасці Мабуту таксама прапаноўваў называць яго «Стратэг» ці «Бацька-заснавальнік», або, на крайні выпадак, «Вялікі Леапард з Кіншасы».

Барацьба з хрысціянскімі імёнамі фактычна значыла вайну з Касцёлам, у які на той час хадзіла каля паловы жыхароў краіны. Мабуту не хаваў, што заірцы патрабуюць «ментальнага вызвалення», і 4 снежня 1974 года пайшоў на беспрэцэдэнтны крок. У гэты дзень дзяржаўнае радыё абвясціла пра тое, што Мабуту вырашыў замяніць постаць Ісуса Хрыста ў хрысціянскай рэлігіі. Аднак у выніку Касцёл змог утрымаць сваю аўтаномію. Увогуле, хутка царква стала галоўнай базай мясцовага дысідэнцкага руху.

Літаральна з першых дзён існавання рэжыму Мабуту ў заходняй прэсе яго абвінавачвалі ў палітычных рэпрэсіях. Таму перад візітамі ў Еўропу або ЗША Мабуту ішоў на хітры ход: даваў амністыю аднаму з дысідэнтаў і браў з сабой у замежны тур. Калі падчас прэс-канферэнцыі нехта пытаў пра наяўнасць у Заіры палітвязняў, дыктатар, нібы той фокуснік, запрашаў у залу прывезенага з сабою дэмакрата. Калі меркаваць па прэсе, гэты прыём уздзейнічаў на журналістаў.

Нельга не прызнаць, што «заірызацыя» была падтрымана часткай мясцовай інтэлігенцыі. Так, адмовіліся ад «хрысціянскіх» імёнаў некалькі вядомых артыстаў. Улада актыўна дапамагала ім стварыць новыя стылі афрыканскага мастацтва, не падобныя на еўрапейскія. Увогуле, ідэя вяртання да крыніц была папулярная на той час сярод афрыканцаў і афраамерыканцаў. Пасля правалу амерыканцаў у В’етнаме шмат хто лічыў, што Трэці свет здольны перамагчы Захад.

Шэраг гісторыкаў лічаць, што «заірызацыя» была прыдуманая, каб стварыць фон для нацыяналізацыі сектару буйных прадпрыемстваў, якія належалі бельгійскаму капіталу, што адбылося ў 1974 годзе. Таксама не выключана, што ў рамках вяртання да аўтэнтычнасці Мабуту прапагандаваў сваю аўтарытарную мадэль. Ён казаў, што грамадства павінна быць пабудавана па схеме моцнага племені, а ў племені, як вядома, толькі адзін правадыр. Культ асобы сапраўды перайшоў усе разумныя межы. Адпаведна закону, усе газеты былі павінныя ставіць фота Мабуту на першай старонцы, прычым штодня. Было забаронена згадваць на першай старонцы любыя імёны, акрамя Мабуту.

Кампанія «заірызацыі» пачала выдыхацца ў сярэдзіне 1970-х гадоў з-за шэрагу фактараў. Перш за ўсё, з-за эканамічных наступстваў. Адным з фрагментаў «заірызацыі» было прызначэнне на пасады замежных адміністратараў тубыльцаў. Гэта хутка прывяло да краху эканомікі, паколькі новыя адміністратары разглядалі пасаду як крыніцу хуткай нажывы. У дадатак у суседняй Анголе да ўлады прыйшлі прамаскоўскія марксісты, якія аказвалі дапамогу сепаратыстам адной з правінцый Заіра. Кіншаса пачала больш актыўна сябраваць з Прэторыяй, Парыжам і Вашынгтонам для аказання адпору партызанам, што не вельмі пасавала антызаходняй істэрыцы.

У дадатак у гэты час сам Мабуту захапіўся гісторыяй масонскага руху і патрабаваў заснаваць пры адміністрацыі масонскую ложу. Ложа называлася «Prima Curia» і ўключала амаль усю кіроўную эліту. Кожны кандыдат павінен быў сваёй крывёю падпісаць дакумент вернасці Вялікаму Натхняльніку — так цяпер вырашыў называць сябе Мабуту.

Праўда, праз пару гадоў гульню ў масонаў дыктатар закінуў. Цяпер Вялікага Натхняльніка ахапіла ідэя палітычнай мадэрнізацыі і стварэння новай мадэлі рэспублікі, дзе б легальна існавалі праўладныя партыі. Такая рэспубліка была абвешчаная ў 1990 годзе. Адпаведна ёй, заірцы маглі зноў называцца хрысціянскімі імёнамі. Нарэшце, у 1997 годзе, пасля таго, як Мабуту збег з краіны пад ціскам народнага паўстання, новая ўлада знішчыла галоўны рэлікт «заірызацыі». Заір зноў стаў называцца Дэмакратычная Рэспубліка Конга.

Каментаваць