Заява прэзідэнта ЗША пра новыя санкцыі ў дачыненні да Расіі

Белы дом распаўсюдзіў заяву прэзідэнта адносна новых санкцый супраць Расіі. Прыводзім яе тэкст цалкам.



Сёння мы разам з Еўрапейскім саюзам аб'яўляем аб узмацненні жорсткасці нашых скаардынаваных санкцый супраць Расіі ў адказ на яе супрацьпраўныя дзеянні ва Украіне. З самага пачатку крызісу я казаў пра нашае імкненне да палітычнага ўрэгулявання з улікам суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Разам з членамі «Групы сямі», еўрапейскімі партнёрамі і іншымі саюзнікамі мы ясна давалі зразумець, што гатовыя прымусіць Расію панесці далейшыя наступствы. Мы прымаем гэтыя новыя меры ў святле дзеянняў Расіі за мінулы месяц, накіраваных на далейшую дэстабілізацыю Украіны, уключаючы прысутнасць расійскіх войскаў з цяжкай зброяй ва ўсходняй Украіне. Мы ўважліва сочым за падзеямі з часу абвяшчэння аб спыненні агню і пагаднення ў Мінску, але ў нас па-ранейшаму няма ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што Расія спыніла свае намаганні па дэстабілізацыі Украіны. 
 
 
 
Мы паглыбім і пашырым санкцыі, накіраваныя на фінансавы, энергетычны і абаронны сектара Расіі. Гэтыя меры пагоршаць палітычную ізаляцыю Расіі, а таксама павялічаць яе эканамічныя страты, асабліва ў тых галінах, якія важныя для прэзідэнта Пуціна і яго бліжэйшага атачэння. 
 
 
 
Міжнародная супольнасць па-ранейшаму імкнецца да сапраўднага ўрэгулявання крызісу ва Украіне шляхам перамоваў. Я заклікаю прэзідэнта Пуціна працаваць з Украінай і іншымі міжнароднымі партнёрамі ў кантэксце мінскага пагаднення і без высоўвання неразумных умоў, з тым, каб дасягнуць канчатковага рашэння канфлікту. Як я сказаў на мінулым тыдні, калі Расія ў поўным аб'ёме выканае ўзятыя абавязацельствы, цяперашнія санкцыі могуць быць адмененыя. Наадварот, калі Расія будзе працягваць свае агрэсіўныя дзеянні і парушэнні міжнароднага права, яе выдаткі будуць павышацца.
 
 
БЕЛЫ ДОМ, Офіс прэс-сакратара, 11 верасня 2014 г.

Каментаваць